30 сакавіка, у Вялікую суботу на змярканні, перад старадаўняй катэдрай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве з пасвячэння новага вагню распачаліся абрады святой Пасхальнай Вігіліі.
Самую галоўную цэлебрацыю на працягу літургічнага года ў ноч Змёртвыхпаўстання Пана ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Калі ў святыню быў унесены запалены пасхал і касцёл напоўніўся святлом, прагучала ўрачыстае абвяшчэнне Пасхі, пасля чаго вернікі розных узростаў чыталі чытанні і спявалі псальмы Літургіі слова. Перад Евангеллем упершыню пасля Вялікага посту ў касцёле зноў загучала радаснае «Аллелюя».
«Як у Вялікую пятніцу Касцёл не мог выказаць свой боль, так і сёння ён не знаходзіць іншых словаў, каб выказаць сваю радасць, акрамя шматлікіх, радасна спяваных, пераможных „Аллелюя!“» — заўважыў у гаміліі біскуп Яшэўскі. Ён дадаў, што «факт слаўнага Уваскрэсення Хрыста з магілы настолькі вялікі, што ніякая чалавечая мова не можа яго выказаць належным чынам».
Іерарх адзначыў, што трыумф Укрыжаванага пачаўся ўжо на Кальварыі, дзе спраўдзіліся Ягоныя словы: «Калі Я буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32). Працягам гэтага трыумфу стаў Вялікдзень, калі Езус устаў з магілы ў славе.
«Ні камень, ані пячатка не перашкодзілі Яго праслаўленаму целу; Ён уваскрос сваёй сілай і такім чынам цалкам выявіў сваю боскасць», — падкрэсліў іерарх. Ён таксама зазначыў, што ўсё цудоўнае развіццё Каталіцкага Касцёла, супраць якога і сёння змагаюцца сілы пекла, з’яўляецца трыумфам Укрыжаванага.
«Трыумфальную калясніцу Укрыжаванага цягнуць як Яго прыхільнікі, так і ворагі. Апошнія менавіта сваёй варожасцю даказваюць, што Хрыстус уваскрос і жыве, бо не змагаюцца з тым, каго няма. <…> Амаль усё, што адбываецца ў свеце, з пункту гледжання веры і маралі, вынікае з любові ці нянавісці да Хрыста. Яго любяць або ненавідзяць, таму што Ён жывы, таму што Ён уваскрос.
Уваскрослы Хрыстус — гэта камень, на якім адны будуюць сваё шчасце, а іншыя — сваё падзенне», — сцвердзіў біскуп Яшэўскі, зазначыўшы, што барацьба за і супраць Езуса будзе доўжыцца да канца свету.
«Тады Езус дасягне канчатковай перамогі над смерцю і пеклам праз уваскрасенне мёртвых. Прыйдзе гадзіна, калі памерлыя пачуюць голас Сына Чалавечага. Смерць, пераможаная, верне свае ахвяры. <…> Мы павінны паўстаць з магілы граху. Хрыстус павінен уваскрэснуць у нашых душах праз асвячальную ласку.
Езус уваскрос з мёртвых, і мы ўваскрэснем, каб Яго трыумф быў поўным. Як людзі зграшылі ў Адаме, так і ў Хрысце яны ажывуць і будуць валадарыць вечна», — завяршыў біскуп Яшэўскі сваю гамілію падчас святой Пасхальнай Вігіліі, якая працягвалася да ночы.
А на світанні 31 сакавіка, з першымі промнямі веснавога сонейка, што пазалаціла вяршыню вежы старадаўняй магілёўскай катэдры, з касцёла з велікоднымі спевамі і звонамі выйшла рэзурэкцыйная працэсія, у якой біскуп і святары па чарзе неслі манстранцыю з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
«Ужо апосталы абвяшчалі праўду, што цуд уваскрэсення Хрыста з магілы з’яўляецца асноўным цудам Евангелля і хрысціянства, краевугольным каменем і непахіснай скалою нашай святой веры. <…> Разважаючы над гэтым фундаментальным цудам хрысціянства ў гэтую Велікодную нядзельную раніцу, давайце разгледзім, па-першае, навуку, якую ён дае, і, па-другое, радасць, якую прыносіць», — запрасіў сабраных у святыні вернікаў біскуп Яшэўскі. Навуку пустой магілы Хрыста іерарх абагульніў у трох пунктах, якія з’яўляюцца праўдамі хрысціянскай веры, а менавіта веры ў тое, што чалавечая душа несмяротная, веры ва ўваскрашэнне цела і, нарэшце, веры ў тое, што мы ўбачымся па-за магілай.
Іерарх заўважыў, што, у адрозненне ад язычнікаў, якія разглядаюць смерць цела як канец усяго, як абсалютнае і канчатковае знішчэнне чалавека, для вучняў Хрыста смерць — гэта канец зямной нядолі.
«Труны — калыскі новага жыцця для нас. Мы верым, і мы гэта дакладна ведаем з вучэння Пана Езуса, што ў нас ёсць духоўны элемент, ёсць іскра Божая, якая не памірае. Сваім уваскрасеннем Хрыстус даказаў, што смерць — гэта не канец і што душа несмяротная»,— сцвердзіў пастыр.
Паводле яго, цуд уваскрасення Пана абвяшчае нам не толькі несмяротнасць душы, але запэўнівае, што наша цела таксама мае пэўную несмяротнасць.
«Навука пра цялеснае ўваскрашэнне належыць да цэласнасці хрысціянскай веры, як і вера ў Бога і Яго адзінароднага Сына, які прыйшоў у гэты свет як новы Адам. <…> Гэтае вучэнне заснавана на тым, што Хрыстус перамог смерць. З гэтай перамогі вынікае пэўнасць уваскрашэння нашага цела», — патлумачыў біскуп. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што ўпэўненасць ва ўваскрашэнні нараджае ўпэўненасць у тым, што мы ўсе ўбачымся на тым свеце.
«Навука Велікоднай нядзелі аб несмяротнасці душы, уваскрашэнні цела і нашай сустрэчы на тым свеце аддзяляе нас ад язычніцкага светапогляду і ставіць нас у зусім іншыя адносіны да зямнога жыцця.
З гэтых ісцін, якія вынікаюць з вялікага догмату аб уваскрэсенні Хрыста, вырастае для нас трывалая і вечная радасць, вядома, пры ўмове, што мы сапраўды духоўна ўваскрэслі з Хрыстом», — падкрэсліў іерарх на заканчэнне гаміліі.
Пасля святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі благаславіў адрамантаваныя яго намаганнямі памяшканні пры магілёўскай катэдры, дзе размесцяцца катэхетычныя класы, а таксама будуць праходзіць сустрэчы і праводзіцца дзейнасць касцёльных рухаў і супольнасцяў.