Пошук

31.03.2024 13:58   Тэкст і фота: Наталля Лазоўская / Catholic.by

30 сакавіка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю абарадаў святой Пасхальнай Вігіліі ў гродзенскай парафіі Святога Духа на Альшанцы (дэканат Гродна-Захад).

Вялікая субота — дзень цішыні і чакання. У парафіі Святога Духа на працягу гэтага дня адбывалася благаслаўленне страваў на велікодны стол. Але вернікі не толькі прыносілі ў капліцу кошыкі з ежай, але і заставаліся на пэўны час, каб памаліцца ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамантам у грабніцы Хрыста.

Увечары тут адбылася галоўная цэлебрацыя на працягу літургічнага года — святая Пасхальная Вігілія. У прамоўленай падчас яе гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што Пасхальная таямніца паказвае бязмежную любоў Бога да чалавека. «Езус не пакінуў чалавека аднаго, не пакінуў у палоне смерці. Бог вывеў усіх нас з палону граху сваёй смерцю на крыжы і ўваскрасеннем», — падкрэсліў заслужаны іерарх. Ён параўнаў смерць з касмічнай чорнай дзірой, якая паглынае ўсё і не аддае назад.

«Аднак Хрыстус перамог і выйшаў жывым з цёмнай магілы смерці», — сцвердзіў арцыпастыр, дадаўшы, што самае галоўнае свята хрысціянства — гэта ўваскрасенне Хрыста.

«Без уваскрасення не было б хрысціянства, не было б нашай веры. Пустым было б абвяшчэнне Евангелля», — заўважыў іерарх. Ён дадаў, што ўваскрослы Хрыстус жыве не толькі на старонках Бібліі, але таксама павінен жыць у нашых сэрцах. Паводле яго, гэта фундаментальнае пасланне Пасхі, якое павінна быць компасам зямнога жыцця чалавека, каб ён дасягнуў порту вечнага шчасця.

«Ідзіце ў Галілею, там убачыце Езуса, сказана ў Святым Пісанні. Галілея далёка ад нас, але ў кожным горадзе, у кожнай вёсцы, у кожным месцы ёсць свая Галілея. Яна ў кожным касцёле.

Тут, у капліцы, вы можаце пачуць Евангелле, сустрэцца з Езусам, паразмаўляць з Ім. Каб мы былі ў Езусе, а Езус жыў у нас», — выказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажаданне на заканчэнне гаміліі.

Абноўлена 31.03.2024 14:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця