
Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі прадстаўляе ўвазе вернікаў духоўна-асветніцкае выданне «Сакрамэнт паяднання» айца Джоша Джонсана і айца Майка Шмітца ў перакладзе на рускую мову.
«Вызнаваць свае грахі можа быць страшна і цяжка. Як мы можам пераадолець гэты страх і нават з нецярплівасцю чакаць сваёй наступнай споведзі?» — чытаем у анонсе да кнігі. Папулярныя каталіцкія святары, рэкалекцыяністы і вядучыя падкастаў склалі дапаможнік, каб наблізіць вернікам сутнасць споведзі, дапамагчы падрыхтаваць сваё сэрца да сакрамэнту паяднання і лепш яго перажываць.
Змест выдання складаецца з трох раздзелаў, якія разглядаюць пытанні «навошта» і «як» прыступаць да споведзі, што рабіць, калі не адчуваеш жалю за грахі, не ведаеш, з чаго спавядацца або не асмельваешся вызнаваць канкрэтны грэх і іншыя. У кнізе таксама прапануюцца тэксты рахунку сумлення, складзенага на аснове сямі смяротных грахоў, і Акту жалю за грахі.
«Мы спадзяёмся і молімся аб тым, што вы суцешыце Сэрца Езуса, прымаючы дар сакрамэнту паяднання, каб маглі прабываць з Ім у эўхарыстычнай прысутнасці на зямлі і раздзяляць Яго перамогу ў Валадарстве Нябесным на векі вечныя»,
— адзначаюць на заканчэнне аўтары.
Кніга можа зацікавіць як тых, хто ўпершыню прыступае да споведзі, так і тых, хто хацеў бы лепш зразумець гэты сакрамэнт і ў большай меры адкрыцца на ласкі, якія з яго вынікаюць.






