Пошук

19.02.2026 10:34   Паводле кнігі Яраслава Чаплі «Ці гатовы я памерці заўтра» / Catholic.by
Фота: «Малітва Ханны», гравюра на дрэве. 1860 г.

У першым стагоддзі пасля ўваскрасення Езуса Хрыста практыка пакаяння істотна адрознівалася ад сучаснай. Раннія хрысціяне верылі ў хуткае, магчыма, пры іх жыцці, другое прыйсце Езуса. А паколькі другая місія Збаўцы — «судзіць жывых і памерлых» — павінна адбыцца нечакана, без папярэджання і якіх-небудзь знешніх знакаў, то хрысціянін, справядліва лічылі яны, не можа жыць у граху.

Але калі зграшыў, то павінен пакаяцца перад братамі і сёстрамі па веры, перад усёй сваёй супольнасцю. Такое публічнае пакаянне было вынікам літаральнага разумення слоў святога Якуба: «Прызнавайцеся адны перад адным  у правінах» (Як 5, 16).

А паколькі Касцёлам любы грэх можа быць дараваны, то важна, каб чалавек раскаяўся. Лёгкія грахі адкупляліся малітвай, пастом і міласцінай. Іншая справа — смяротныя грахі. Касцёл таго часу не заахвочваў да іх шматразовага даравання.

У 180 годзе ў кнізе «Пастыр» яе аўтар Ерма пісаў:

«Калі ж часта  будзе грашыць і каяцца — не паслужыць гэта на карысць чалавеку, які так робіць, бо з цяжкасцю ён будзе жыць з Богам».

Логіка была простай: калі грэшніку больш, чым адзін раз, адпускаць грахі, гэта можа быць успрынята ім як своеасаблівая скідка на яго слабасці, што, у сваю чаргу, дазволіць грашыць зноў і зноў.

Перыяд пакаяння за смяротныя грахі ў ранніх хрысціянаў доўжыўся нярэдка дзесяцігоддзі, а то і ўсё жыццё, і быў публічны. Усе ў супольнасці ведалі, хто знаходзіцца ў чыне пакаяння. Такія людзі для ўмярцвення плоці насілі ўбранне з валасяніцы тканіны, сатканай з грубых нітак з воўны казы. Яго апраналі на голае цела, што, зразумела, стварала асобе пастанны дыскамфорт. Грэшнікам не дазвалялася ўваходзіць у касцёл, у лепшым выпадку для іх у святыні адводзілася спецыяльнае месца, за іх малілася ўся супольнасць.

Хрысціянскі пісьменнік і апалагет Тэртуліян пісаў, што Касцёл не можа дараваць трох грахоў: забойства, вераадступніцтва і чужаложства.

І гэта не было яго асабісай думкай. Біскупы тых часоў сцвярджалі, што такія грахі могуць даравацца толькі перад смерцю пасля пажыццёвага пакаяння. Здаралася і так, што вернікаў за сур’ёзныя правіны ўвогуле выключалі з супольнасці. Назад прымалі таксама пасля добрасумленага і шчырага выканання ім прызначанай пакуты.

У VI стагоддзі з’явіліся пенітэнцыялы спецыяльныя кнігі, у якіх фіксавалася пакаянне за асобныя грахі. Адмысловыя прадпісанні тычыліся ўсіх катэгорый грэшнікаў мужчын, жанчын і дзяцей, асобаў духоўнага стану і свецкіх, каралёў, жаўнераў і нявольнікаў. Пад увагу браліся маштаб учынку і звязаныя з асобай грэшніка, абставіны, уключаючы яго узрост, пол і сацыяльны статус. Так, напрыклад, за п’янства святар згодна з пенітэнцыялам прызначаў чалавеку 7-дзённы пост на хлебе і вадзе, за забойства — пажыццёвае існаванне па-за сваім домам у стане посту і пакаяння.

У практыцы ранняга хрысціянства была звычайнай публічная споведзь. Невялікія супольнасці ўспрымаліся вернікамі не толькі як групы, аб’яднаныя агульнай ідэяй, але і як духоўныя згуртаванні, ад якіх не магло быць таямніцаў, калі гэта датычыла здароўя душы. І тым не менш многія хрысціяне не былі гатовыя расказваць пра свае самыя прыкрыя ўчынкі іншым людзям, таму адцягвалі  пакаянне да старасці, спадзеючыся на дараванне грахоў перад смерцю.

Супраць публічнага пакаяння выступалі святыя Аўгустын і Амброзій, а папа Леў Вялікі ў 459 годзе накіраваў біскупам адной з абласцей Італіі спецыяльнае пасланне, у якім пісаў:

«Падчас пакаяння, якога просяць верныя, няхай публічна не чытаецца падрабязны спіс усіх іх грахоў, паколькі аб стане сумлення дастаткова паведаміць аднаму біскупу на тайнай споведзі… Тады нарэшце, калі сумленне таго, хто спавядаецца ў сваім граху, не будзе абвешчана ў прысутнасці людзей, многія змогуць прыйсці да пакаяння».

Гэтая пазіцыя неўзабаве стала правілам для Паўсюднага Касцёла.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа