Пошук

14.04.2022 16:45   Catholic.by

12 красавіка, у Вялікі аўторак, у парафіі Маці Божай Будслаўскай ў Мінску прайшла «ноч канфесіяналаў».

Ідэя адкрытых уначы касцёлаў упершыню з’явілася ў 2007 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі ў Чыкага. Тады незвычайную магчымасць сакрамэнту споведзі выкарысталі амаль 3 тысячы чалавек. Паступова ініцыятыва начной споведзі знайшла свой працяг у іншых краінах.

У Мінску «ноч канфесіяналаў» упершыню была праведзена ў 2012 годзе па ініцыятыве пробашча парафіі Маці Божай Будслаўскай ксяндза Францішка Рудзя. З таго часу на працягу ўжо дзесяці гадоў гэтая традыцыя працягваецца.

Прычын, па якіх людзі адкладаюць споведзь, мноства. Часта з прычыны вялікай занятасці на працы і дома вернікі не паспяваюць прыйсці ў касцёл на працягу дня. Каб дапамагчы ўсім ахвотным перад Велікоднымі святамі паяднацца з Панам, святары ва ўсім свеце шукаюць новыя магчымасці ўдзялення гэтага сакрамэнту, што даюць сучаснаму чалавеку сустрэцца з Божай Міласэрнасцю і атрымаць адпушчэнне грахоў.

«Ноч канфесіяналаў» нагадвае католікам пра неабходнасць велікапоснага пакаяння і дае магчымасць яго рэалізаваць.

Паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, кожны вернік абавязкова павінен прынамсі раз на год здзейсніць індывідуальную споведзь, каб у стане асвячальнай ласкі прыняць Цела Хрыста ў святой Камуніі.

Яшчэ адна «ноч канфесіяналаў» пройдзе ў Мінску ў ноч з 15 на 16 красавіка — з Вялікай пятніцы на Вялікую суботу — у сталічнай парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе душпастырскае служэнне нясуць айцы кармэліты босыя.

Абноўлена 14.04.2022 16:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа