Пошук

12.04.2022 13:13   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

У ноч з 15 на 16 красавіка — з Вялікай пятніцы на Вялікую суботу — у парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе душпастырскае служэнне нясуць айцы кармэліты босыя, пройдзе «ноч канфесіяналаў».

Святы Пасхальны Трыдуум у гэтай маладой сталічнай парафіі распачнецца цэлебрацыяй святой Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер, 14 красавіка, а 19-й гадзіне, пасля чаго тут адбудзецца адарацыя і чуванне пры Цямніцы Пана да позняга вечара (праводзіць моладзь парафіі).

У Вялікую пятніцу, 15 красавіка, а 18-й гадзіне ў парафіі распачнецца набажэнства Крыжовага шляху, якое правядуць айцы кармэліты, а пасля яго заканчэння ў 19.00 адбудзецца Літургія Мукі Пана.

Пасля Літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт будзе перанесены ў сімвалічную Грабніцу Пана, пры якой усе ахвотныя змогуць узяць удзел у начным і дзённым чуванні, што будзе працягвацца ажно да Пасхальнай Вігіліі ў святую ноч.

На працягу ўсяго чування, увечары, уначы і ўдзень, ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання — святой споведзі.

У Вялікую суботу благаслаўленне страваў на велікодны стол будзе адбывацца кожныя паўгадзіны з 10.00 да 19.00, а ў 20.00 распачнецца Пасхальная Вігілія.

Набажэнствы ў нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана будуць праходзіць у 7.00 (рэзурэкцыя), у 9.00, у 12.00 і ў 19.00.

Айцы кармэліты босыя шчыра запрашаюць усіх ахвотных, а асабліва жыхароў Паўночнага пасёлка, што размешчаны ў раёне вуліц Ангарскай, Алтайскай, Герасіменкі і Несцерава, узяць удзел у «ночы канфесіяналаў» і іншых набажэнствах Пасхальнага Трыдуума ў касцёле па вуліцы Герасіменкі, 6/1.

Абноўлена 12.04.2022 13:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця