Пошук

06.04.2023 15:15   Тэкст: Лаліта Арлоўская / Catholicnews.by / Фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

5 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Хрызма, якая сабрала вакол алтара духавенства з усёй дыяцэзіі.

Як паведамялецца на сайце Catholicnews.by, на пачатку Эўхарыстыі іерарх павіншаваў прысутнага архімандрыта Сяргея Гаека, які ад нядаўняга часу з’яўляецца Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, і прывітаў святароў і вернікаў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч разважаў над місіяй святара:

«Хрыстовае святарства прызначана памнажаць Божую хвалу, таму жыццё і служэнне святара ў першую чаргу павінна быць прысвечана гэтай мэце. Дасягнуць яе магчыма толькі дзякуючы Божай любові і праз лучнасць з нашым Збаўцам. Пэўнай часткай сённяшняй літургіі стане аднаўленне гэтай лучнасці з Хрыстом і пацвярджэнне нашай гатоўнасці і далей спаўняць Хрыстовую місію, да ўдзелу ў якой мы былі пакліканы» — сказаў біскуп.

Пастыр Віцебскай дыяцэзіі вызначыў галоўны крытэрый годнага спаўнення святарскай місіі: кіраванне Святым Духам. «Падчас пасвячэння мы атрымалі намашчэнне Святым Духам, таму мы павінны кіравацца тым самым Духам у сваім служэнні і ўмець распазнаць, калі часам на Яго месца прыходзіць іншы дух», — падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што распазнаць прысутнасць Святога Духа ў служэнні можна перадусім па здольнасці дзейнічаць на хвалу Бога.

«Важна таксама шукаць і будаваць вакол сябе прастору адзінства, згоды, прымірэння і хрысціянскай любові. Свет сёння вельмі патрабуе гэтага дару Божага Духа. Таму тыя, хто пакліканы да Божай службы — святары, манаскія асобы — павінны стаць Яго праваднікамі», — сцвердзіў біскуп Буткевіч.

Яшчэ адзін знак кіравання Духам Святым — сапраўднае служэнне Евангеллю. «Таленты, якія мы маем, павінны служыць Евангеллю, а не наадварот. Можам задаць сябе пытанне: „Ці тое, што я абвяшчаю сапраўды з’яўляецца хрыстовым Евангеллем, ці гэта толькі мой погляд на Божую праўду?“» — прапанаваў паразважаць пастыр. Ён зазначыў, што вялікую мэту святарскага служэння выразіў прарок Ісая, кажучы, што Божы Слуга пасланы, каб выпусціць спакутаваных на свабоду. «Гаворка ідзе пра вызваленне з палону граху: пра тое, што адбываецца падчас сакрамантаў хросту, споведзі. Разам з тым святарам трэба не забывацца пра стан свайго сэрца.

Атрымаўшы пасвячэнне, чалавек не вызваляецца ад сваіх схільнасцяў, ён можа памыляцца і падаць. Таму адно з важнейшых заданняў для святара — клапаціцца пра ўласную ўнутраную свабоду, разлічваючы, між іншым, і на малітоўную падтрымку вернікаў, якім мы сёння за гэта шчыра дзякуем», — сказаў іерарх.

Пазней у дыялогу з біскупам адбылося аднаўленне абяцанняў вернасці святароў, а таксама быў благаслаўлёны алей хворых і кансэкраваны алей Хрызма.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Алег Буткевіч павіншаваў святароў і падзякаваў ім за адданае служэнне.

Абноўлена 06.04.2023 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця