Пошук

23.04.2022 18:58   Тэкст: Францішак Дубраўскі / Фота: Вольга Дарафеева / ave-maria.by

«Дзень, поўны радасці, настаў!» — пад такою назвай 19 красавіка ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася вечарына, прысвечаная святу Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста.

Як адзначаецца на сайце часопіса «Ave Maria», дагэтуль супрацоўніцтва дыяцэзіяльнай каталіцкай супольнасці Віцебшчыны з галоўнаю бібліятэчнаю ўстановай рэгіёна абмяжоўвалася каляднымі імпрэзамі, таму цяперашнюю ў плане развіцця культурніцкіх кантактаў можна лічыць знакавай, што яскрава засведчылі і прысутнасць на ёй біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, і адміністрацыі бібліятэкі на чале з яе дырэктарам Таццянай Адамян, і ўзровень падрыхтоўкі святочнай праграмы, аснову якой, як і заўсёды падчас такіх імпрэз, склалі рэлігійныя спевы, празаічныя ды паэтычныя творы духоўнага кірунку, інтэрпрэтацыі ўзораў фальклорнай спеўна-музычнай культуры.

З улікам таго, што вечарына адбывалася ў перыяд паміж святкаваннем Вялікадня прадстаўнікамі каталіцкай і праваслаўнай канфесій, бралі ў ёй удзел і адны, і другія. Вынікам супрацы стала відовішчнае дзейства, якое і падставу для роздуму аб горнім стварала, і добраму настрою з нагоды вялікай падзеі Уваскрасення Збаўцы, нягледзячы на трагічныя падзеі апошняга часу, спрыяла, і надзею на лепшае мацавала. У немалой ступені — дзякуючы дэталёва прадуманай, зладжанай працы вядоўцаў мерапрыемства: загадчыцы аддзела краязнаўства бібліятэкі Ларысы Рагачовай і верніка парафіі Езуса Міласэрнага, культработніка Васіля Мядзюхі.

Адкрываў вечарыну хор парафіі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага пад кіраўніцтвам сястры Ёнашы.

Як заўсёды, удзельнікі яго рабілі сваю справу натхнёна, з любоўю да таго, з чым выйшлі да публікі, чым міжволі запалілі яе жаданне не проста слухаць, але і суперажываць, падтрымаць і спевам, і дружнымі воплескамі. Гэты ж калектыў, дарэчы, і закрываў свята імправізаваным спевам-развітаннем, быццам адмыслова ставячы запамінальнае шматкроп’е з надзеяй на працяг падобных сустрэчаў у будучыні.

Апроч хору, парафіяне галоўнай святыні дыяцэзіі разам са сваім пробашчам ксяндзом Валерыем Марціноўскім паказалі і іншыя нумары: у цудоўным выкананні вернікаў Алега Рудзько, Марыі Ткачэнкі і сястры Сэрафіны прагучалі вершы Рыгора Барадуліна, Мар’яна Дуксы, Ірыны Багдановіч з нізак у часопісе «Наша вера». У чарговы раз парадаваў прысутных выдатным дэкламаваннем прозы (паданнем пра велікоднае яйка) заўсёдны ўдзельнік такіх імпрэз Мікола Клімаў.

Добрым сюрпрызам стала для аўдыторыі выступленне іншагародніх гасцей — народнага самадзейнага калектыву «Крыніца» філіяла «Бачэйкаўскі СДК» і народнага ансамбля народнай песні «Весялуха» ўстановы «Бешанковіцкі раённы цэнтр культуры».

Іх дасціпная, вытрыманая ў стылі народнага гуляння праграма літаральна паланіла ўсіх. Густоўныя спевы з характэрнымі словамі гаворак жыхароў паўночнага Прыдзвіння, жартоўныя гульні, перапевы — усё гэта дэманстравала і талент продкаў, што стварылі гэткі мастацкі цуд, і шчырае жаданне выканаўцаў данесці неацэнны народны скарб да сучаснага слухача, пашырыць кола тых, каму гэты скарб, запаўшы аднойчы ў душу, назаўсёды стане дарагім і родным.

Без перабольшання, выклікаў узрушэнне ў зале заклік да ўдзелу ў імправізаваным качанні яек. Быццам да часоў дзяцінства вярнуліся людзі старэйшага веку, быццам сведкамі падарожжа ў часе да пары маладосці дзядоў і бацькоў сталі маладзейшыя.

Прызы ў выглядзе здабытых яек найбольш пашчасціла атрымаць дырэктару бібліятэкі Таццяне Адамян: так, мабыць, за гасціннасць бібліятэкараў сам лёс гаспадарам у гэты светлы веснавы дзень аддзячыў…

Фінальным акордам імпрэзы стала выступленне біскупа Алега Буткевіча, які пасля слова пра Змёртвыхпаўстанне ўкрыжаванага за кожнага з нас Езуса праспяваў пад уласны акампанемент вядомую амаль кожнаму католіку песню «Любоўю жыць».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця