Пошук

14.04.2022 15:10   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Увечары 13 красавіка, у Вялікую сераду, на прыкасцёльным цвінтары парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшло набажэнства Крыжовага шляху, у якім бралі ўдзел вернікі з розных парафій сталіцы.

Распачаў і ўзначаліў шэсце на ўспамін Мукі Пана арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім маліліся Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і пробашч Залатагорскай парафіі ксёндз канонік Юрый Санько.

«Крыжовы шлях — гэта не толькі ўспамін падзеі, якая адбылася 20 стагоддзяў таму ў Ерузалеме. Ён паўтараецца ў нашым асабістым жыцці, у жыцці грамадства і свету», — сказаў на пачатку заслужаны іерарх, заахвоціўшы ўдзельнікаў набажэнства перажыць традыцыйны агульнагарадскі Крыжовы шлях на Залатой Горцы «як шлях у глыбіню нашага сэрца з мэтай знайсці адказ на пытанне: якім вучнем Хрыста ў сучасным свеце я з’яўляюся? Ці тым, які застаецца пад Крыжам Езуса ці тым, які ўцякае? Тым, які любіць бліжняга, як палюбіў нас Езус, ці тым, які ненавідзіць Яго? Тым, які прабачае, як Езус, ці тым, які ў сэрцы носіць зло?» — прапанаваў пытанні для разважання падчас набажэнства арцыпастыр.

Крыжовы шлях правяла моладзь Залатогскай парафіі, якая падрыхтавала адмысловыя разважанні гэтай малітвы, што адлюстроўвае падзеі апошніх гадзін зямной дарогі і смерці Езуса Хрыста.

На заканчэнне набажэнства арцыбіскуп Кандрусевіч сказаў:

«Крыжовы шлях, які мы прайшлі — гэта не толькі сентыментальны ўспамін, але рэчаіснасць жыцця кожнага чалавека. Як 20 стагоддзяў таму ў гісторыі з Езусам, так і сёння праўда асуджаецца на смерць.

Сваімі грахамі, асуджэннем праўды і несправядлівасцю мы прыбіваем Езуса да Крыжа», — падкрэсліў іерарх.

Крыжовы шлях арцыбіскуп завяршыў кароткай малітвай: «Калі Ты, Пане Езу, паміраў на Крыжы, то цемра ахапіла зямлю.

Просім Цябе, дапамажы нам распазнаць Тваё аблічча ў час духоўнай цемры грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне і вайны ва Украіне. Сваім Уваскрасеннем цемру Вялікай пятніцы Ты перамяніў у святло Велікоднага світання. Перамяні цемру сучаснасці, у якой мы знаходзімся, у святло новай надзеі. Няхай пасланнем сённяшняга набажэнства Крыжовага шляху будзе заклік да ўзаемнай любові і прабачэння, каб больш ніколі не было несправядлівасці, гвалту і вайны», — узнёс просьбу да Укрыжаванага заслужаны іерарх, пасля чаго ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў залатагорскай святыні.

У той самы вечар у касцёле на Залатой Горцы стартаваў XVII фестываль духоўнай музыкі «Залатагорская ліра», аргкамітэт якога ўзначальвае кампазітар Вікатр Кісцень

У якасці першага твора ў выкананні парафіяльнага хора «Голас душы» з мінскага касцёла святога Сымона і святой Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай-Пешак і ансамбля салістаў «Te Deum» у вялікую сераду прагучаў сусветна вядомы твор Джаванні Батысты Пергалезі Stabat Mater на словы старадаўняга касцёльнага твору, у якім у паэтычна форме апавядаецца пра цярпенні Маці Божай пад Крыжам Сына. Партыю аргана выканала галоўная арганістка касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы Ганна Горбач.

Фестываль на Залатой Горцы працягнецца пасля Вялікадня музычным цыклам Эрыка Вітакра «The Sacred Veil» («Святы вэлюм») на тэксты Чарльза Энтані Сільвестры.

Беларуская прэм’ера гэтага твору абяцае стаць значнай падзеяй не толькі ў духоўным жыцці Залатагоскай парафіі, але і ў культурным жыцці Беларусі.

Наогул, сёлета ў фестывальнай праграме шмат цікавых нумароў на любы густ, і пробашч парафіі ксёндз Юрый Санько шчыра запрашае ўсіх ахвотных на канцэрты фестывалю «Залатагорская ліра».

 

Абноўлена 14.04.2022 16:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.