Пошук

08.04.2022 16:03   Catholic.by

З 13 красавіка па 14 мая пры парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску будзе праходзіць XVII фестываль духоўнай музыкі «Залатагорская ліра».

Уваход на ўсе канцэрты свабодны. Добраахвотныя ахвяраванні ў памеры 10 рублёў можна скласці на выхадзе з касцёла.

Канцэрты праходзяць у касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску па адрасе: пр. Незалежнасці, 44 А.

Праграма фестывалю

  • 13 красавіка, серада
    20.00

ДЖАВАННІ ПЕРГАЛЕЗІ, «STABAT MATER»

Выканаўцы:

  • Парафіяльны хор «Голас душы» мінскага касцёла святога Сымона і святой Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай-Пешак
  • Ансамбль салістаў «Te Deum»
  • Салісты: Таццяна Гажэўская-Пешак, Ніна Зарожная, Вікторыя Казакевіч, Алена Картыннік, Аксана Сцяпанава
  • Партыя аргана: Ганна Горбач

Гісторыя стварэння «Stabat Mater» Пергалезі ахутана легендамі. Існуе меркаванне, што крыніцай натхнення для кампазітара паслужыла асабістая драма. Яго любімая дзяўчына, на шлюб з якой знатныя бацькі не далі згоды, пайшла ў кляштар і неўзабаве памерла. Ствараючы музыку, аўтар глядзеў на малюнак Мадонны, якая дзіўным чынам была падобнай на яго памерлую каханую і за напісаннем гэтага твору, што стаў яго «лебядзінай песняй», памёр сам.

«Stabat Mater» Пергалезі складаецца з 13-і частак, прычым сольныя і дуэтныя, павольныя і больш хуткія чаргуюцца. Агульны характар твора адрозніваецца камернасцю, чуллівасцю, пранікнёнай лірыкай.

  • 19 красавіка, аўторак
    20.00

ЭРЫК ВІТАКР, «THE SACRED VEIL»

«The Sacred Veil» («Святы вэлюм») на тэксты Чарльза Энтані Сільвестры ў 12 частках

Выканаўцы:

  • Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка
  • Вікторыя Слайкоўская (фартэпіяна)
  • Міхаіл Радунскі (віяланчэль)

Цыкл распавядае гісторыю жыцця, кахання і страты Джулі Сільвестры, якая памерла ад раку ва ўзросце 36 гадоў у 2005 годзе, пакінуўшы двух маленькіх дзяцей. Сусветная прэм’ера адбылася ў лютым 2019 года ў Лос-Анджэлесе і цяпер з вялікім узрушэннем выконваецца харавымі калектывамі па ўсім свеце.

Беларуская прэм’ера абяцае стаць значнай падзеяй не толькі ў духоўным жыцці Залатагоскай парафіі, але і ў культурным жыцці Беларусі.

  • 23 красавіка, субота
    20.00

МУЗЫКА ДЛЯ САКСАФОНАЎ І АРГАНА

Квартэт саксафонаў:

  • Мікіта Пятроў
  • Павел Казак
  • Віктар Цімафееў
  • Дзмітрый Шувалаў

Партыя аргана: Віктар Кісцень

У праграме: Ё.С. Бах, Э. Віла-Лобас, Л. Бакерыні, Ф. Шуберт, В. Кісцень, М. Сава і інш.

Арган і саксафон — інструменты духавыя па сваёй натуры, аднак іх падзяляе час узнікнення і гісторыя. Арган налічвае некалькі тысячагоддзяў, а саксафон — адзін з самых маладых інструментаў: ён з’явіўся ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Арган па стэрэатыпу, які склаўся за многія стагоддзі, асацыюецца ў асноўным з касцёльным, духоўным пачаткам; саксафон жа, насупраць, нярэдка звязваюць з джазавай музыкай.

Дуэт арган і саксафон ў апошнія гады становіцца ўсё больш папулярным, можа быць менавіта дзякуючы свайму, на першы погляд, неспалучальнаму ансамблю.

І магчыма, менавіта дзякуючы саксафону арган, гэты шматвекавы, шматаблічны інструмент, самы вялікі ў свеце, з самай дасканалай сістэмай кіравання, узбагачаецца новымі фарбамі, паказвае сябе з новага боку. І твораў для гэтага складу з’яўляецца ўсё больш. На мяжы стыляў нараджаецца новая гукавая прастора, якая размаўляе як з аматарам класікі, так і з прыхільнікамі канцэртаў папулярнай музыкі, даючы магчымасць і тым, і іншым адпачыць ад жыццёвай мітусні і звярнуцца да сваёй душы.

  • 30 красавіка, субота
    20.00

ФРАНСІС ПУЛЕНК, КАНЦЭРТ ДЛЯ АРГАНА, ЛІТАЎР І СТРУННАГА АРКЕСТРА

Выканаўцы:

  • Марына Рамейка (арган)
  • Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь
  • мастацкі кіраўнік: Яўген Бушкоў
  • дырыжор праграмы: Юрый Караваеў
  • партыя літаўр: Ігар Аўдзееў

Паспяховая літургічная арганная традыцыя заўсёды была прадметам гонару французскага музычнага мастацтва. Пачынаючы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя з Парыжскай кансерваторыі выйшла нямала выдатных арганістаў і кампазітараў, якія стваралі і выконвалі духоўную арганную музыку. Проста дзіўна, што такі твор, як Канцэрт для аргана з аркестрам быў напісаны менавіта Пуленкам — французскім кампазітарам, які нічога не ведаў аб аргане і не меў акадэмічнай адукацыі, бо Першая сусветная вайна і служба ў войску перашкодзілі Пуленку паступіць у кансерваторыю.

Свой Арганны канцэрт Франсіс Пуленк напісаў у перыяд, калі, па словах самога кампазітара, у ім «прачнуўся нашчадак суровых і богабаязных горцаў, што шукалі ў рэлігіі суцяшэння ад зямных нягод».

Пуленку спатрэбілася амаль чатыры гады для напісання Канцэрта. «Гэта не пацешны канцэрт Пуленка для двух фартэпіяна, а, хутчэй, як бы шлях Пуленка ў кляштар…», — пісаў кампазітар княгіні дэ Паліньяк увесну 1936 года.

Крыху пазней Пуленка «абсалютна ашаламіла» навіна аб смерці ў аўтакатастрофе калегі, маладога крытыка і кампазітара П’ера-Актава Фэрро. Ён здзяйсняе паломніцтва да старажытнай святыні Чорнай Маці Божай у Ракамадуры, на паўднёвым захадзе Францыі, дзе з ім адбываецца своеасаблівае рэлігійнае ператварэнне. Пасля двух гадоў нявызначанасці нібыта «амаль скончаны» Арганны канцэрт быў у значнай ступені перапрацаваны. У сваёй канчатковай форме яго музычная мова мае шмат агульнага з рэлігійнымі працамі, і Пуленк пазней апісваў яе як змешчаны «на мяжы маёй рэлігійнай музыкі». «Уласна кажучы, — пісаў кампазітар, — гэта не касцёльны канцэрт, але, абмежаваўшы аркестр струннымі і літаўрамі, я зрабіў магчымым выкананне яго ў касцёле».

  • 14 мая, субота
    20.00

ВЕЛІКОДНЫ ВЕЧАР ДУХОЎНАЙ ХАРАВОЙ МУЗЫКІ

Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь

  • мастацкі кіраўнік: Наталля Міхайлава
  • салісты:
    • Вераніка Чарняўская (сапрана)
    • Арына Аляксеева (сапрана)
    • Кацярына Крашчук (мэцца-сапрана)
    • Андрэй Кунцэвіч (тэнар)
    • Павел Кудрын (флейта)
  • канцэртмайстры: Іван Фінскі, Варвара Царук

У праграме: Ёган Себасцьян Бах: кантата «O, Jesu Christ, meins Lebens Licht», BWV 118, матэты Ёгана Крыстофа Баха і Генрыха Шутца, Юзаф Свідар «Magnificat», Эрыкс Эшэнвалдс «Alleluia», спірычуэлс і госпел.

Музыка эпохі барока не губляе зацікаўленасці слухачоў і выканаўцаў. І калі імя Ёгана Себасцьяна Баха добра вядома аматарам духоўнай музыкі, то творы яго таленавітых сваякоў не так часта гучаць у канцэртных праграмах. У выкананні Заслужанага калектыву Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь прагучаць матэты Ёгана Крыстофа Баха — стрыечнага дзядзькі знакамітага Ёгана Себасцьяна.

Разам з тым не будзе абдзелены ўвагай і сам вялікі Ёган Себасцьян Бах: калектыў выканае яго кантату «O, Jesu Christ, meins Lebens Licht» («О, Езу Хрыстэ, святло майго жыцця»), BWV 118.

Вытанчаная харавая музыка ранняга барока дабахаўскага перыяда будзе прадстаўлена ў творах Генрыха Шутца. Гэта — найвялікшы нямецкі кампазітар XVII стагоддзя, якога сучаснікі звалі «заснавальнікам новай нямецкай музыкі». Яму належыць вялікая колькасць выдатных вакальных твораў у розных жанрах: араторыі, кантаты, харавыя канцэрты, матэты і інш. У праграме прагучаць часткі з яго харавога канцэрта, якія таксама даволі рэдка выконваюцца ў Беларусі.

Сучасная заходнееўрапейская духоўная музыка раскрыецца ў старонках творчасці Эрыкса Эшэнвалдса і Юзафа Свідара. Прагучаць эфектныя творы з арыгінальнай мелодыкай, гармоніяй і рытмам на кананічныя лацінскія тэксты.

Яркім акцэнтам праграмы стане афраамерыканская духоўная музыка, папярэднікі джаза — спірычуэлс і госпел, у якіх знакамітыя біблейскія сюжэты ўвасобіліся праз характэрныя асаблівасці афрыканскіх спеўных традыцый (танцавальная рытміка, імправізацыйнасць, выканальніцкая свабода).

Гэтыя жанры духоўнай музыкі вельмі эмацыйна выказваюць глыбока суб’ектыўныя рэлігійныя пачуцці, моцную асабістую веру і надзею на надыход Божага Валадарства. Акрамя асаблівасцяў музычнага стылю, спірычэлс і госпел адметныя пэўнай лінгвістычнай спецыфікай: у падтэкстоўцы захавалася аўтэнтычнае напісанне, якое адрозніваецца ад сучаснай англійскай мовы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця