
З 21 па 27 ліпеня ў Івянцы (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) пройдзе 21-я Музычная майстэрня — штогадовая малітоўна-фармацыйная сустрэча аматараў хрысціянскай музыкі, якія хочуць паглыбіць стасункі з Богам і ўдасканаліць свае музычныя ўменні.
Музычная майстэрня праводзіцца ў Івянцы з 2003 года дзякуючы ініцыятыве і гасціннасці супольнасці айцоў францішканаў з мясцовага кляштара святога Антонія Падуанскага. Аб’ядноўваючы аматараў і прафесіяналаў рознага ўзросту і з розных куткоў Беларусі, яна заўсёды прапануе насычаную праграму музычных заняткаў, а таксама прастору для супольнай і асабістай малітвы і духоўныя практыкаванні. Пра Музычную майстэрню мінулых гадоў рэгулярна паведамляў партал Catholic.by (напрыклад, у 2018, 2022, 2024 годзе).
Дэвізам сёлетняй музычнай сустрэчы ў Івянцы стануць словы святога Паўла «Надзея не расчаруе» (пар. Рым 5, 5), сугучныя з тэмай Юбілейнага года надзеі.
«Хто, як не музыканты, якія крочаць за Даўцам надзеі, зможа больш прыгожа і шчыра засведчыць пра Яго? Далучайцеся, каб даведацца!»,
— заахвочваюць арганізатары.
Уласна музычная праграма Музычнай майстэрні 2025 прадугледжвае заняткі па літургічным спеве ў хоры, майстар-класы на выбар (хор праслаўлення, фартэпіяна, гітара, бас-гітара, перкусія, аркестр, тэатр, сцэнаграфія, кантарскі майстар-клас), а таксама традыцыйныя джазавыя вечары.
Рэгістрацыя абавязковая! Запоўніць форму для ўдзелу ў сёлетняй Музычнай майстэрні можна па спасылцы ТУТ>>>
За навінамі Майстэрні можна сачыць ў сацыяльных сетках:
Плёны Музычнай майстэрні ўсе жадаючыя змогуць пачуць падчас святых Імшаў у суботу 26 ліпеня ў 17.00 і ў нядзелю 27 ліпеня ў 11.00, а таксама падчас фінальнай малітвы праслаўлення, якая адбудзецца ў суботу 26 ліпеня ў 20.15.
Умовы ўдзелу
- Ахвяраванне удзельніка: 70 рублёў (для валанцёраў — 50 рублёў). У кошт уваходзяць пакет удзельніка і штодзённае трохразовае харчаванне.
- Удзельнічаць могуць асобы ад 14 гадоў.
- Непаўнагадовым неабходна мець з сабой пісьмовы дазвол ад бацькоў (узор размешчаны ў форме рэгістрацыі) і пастаянна прысутнага на майстэрні паўнагадовага апекуна. Калі хаця б адна з умоў не будзе выканана, такая асоба да ўдзелу ў Музычнай майстэрні дапушчана не будзе!
- Пражыванне арганізавана ў намётавым гарадку, таму неабходна ўзяць з сабой спальнік і карымат, а таксама, па магчымасці, мець пры сабе намёт.
«Калі Вы плануеце прымаць удзел у адным з інструментальных майстар-класаў, захапіце з сабой свой інструмент. Электрагітарыстам варта мець свой комбік»,
— просяць арганізатары мерапрыемства.
Рэгістрацыя на месцы распачнецца ў панядзелак 21 ліпеня ў 16.30. Першы пункт афіцыйнай праграмы — падрыхтоўка да святой Імшы ў 17.30.
Вечар аўторка будзе прысвечаны знаёмству ўсіх удзельнікаў, таму можна падрыхтаваць невялікі нумар, спеў або некалькі слоў, каб прадставіцца самому або прадставіць сваю парафію. У сераду адбудзецца вечар талентаў, дзе кожны ахвочы зможа праявіць свае творчыя здольнасці на вялікай сцэне.





















