Пошук

29.07.2018 12:00   Фота: Святлана Лабковіч, Віталь Жартун / Catholic.by

28 чэрвеня вечаровым гала-канцэртам у Івянцы завяршылася традыцыйная музычная майстэрня, якая сёлета сабрала каля 150 удзельнікаў з усёй Беларусі.

На завяршэнне майстэрні да яе ўдзельнікаў прыбыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які цэлебраваў святую Ішму.

Іерарх падзякаваў а. Леху Бананэку OFM Conv і яго камандзе за падрыхтоўку і правядзенне музычнага форуму, а Яну Паспяшальскаму і яго музыкантам з Польшчы за ўклад у фармацыю касцёльных харыстаў і музыкантаў з Беларусі.

«Не ва ўсіх парафіях ёсць арганісты. Аднак ў нас шмат таленавітай моладзі, якая іграе і спявае, толькі патрабуе належнай фармацыі ў галіне сакральнай музыкі.

Менавіта гэта і ёсць мэтай Музычнай майстэрні — даць маладым талентам магчымасць пазнаць сакральную музыку і спевы, каб потым выкарыстаць свае здольнасці падчас набажэнстваў», — зазначыў арцыбіскуп.

Іерарх звярнуў увагу, што яшчэ ў Старым Запавеце можна знайсці шмат прыкладаў, калі людзі праслаўляюць Бога спевам:

«З даўніх часоў Касцёл клапаціўся пра тое, каб малітва суправаджалася сакральнай музыкай і спевамі. Касцёл стварыў шмат музыкальных шэдэўраў, якія дапамагаюць чалавеку ўмацоўвацца духоўна. Святы Базылі Вялікі казаў, што спеў з’яўляецца голасам Касцёла і нават пустыню робіць прыгожай».

Прыгадваючы Другі Ватыканскі Сабор, які падкрэсліў, што сакральны спеў з’яўляецца неад’емнай часткай Літургіі, Мітрапаліт зазначыў, што музычная майстэрня ў Івянцы дапамагае зразумець важнасць тэарэтычнай і практычнай музычнай падрыхтоўкі.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што галоўнае заданне касцёльнай музыкі і спеваў — гэта духоўная дапамога вернікам, «каб ім было лягчэй узносіць свае думкі да Бога і прымаць Божыя ласкі».

«Сакральная музыка і спевы таксама дапамагаюць у пазнаванні праўдаў веры і таму маюць вялікае значэнне ў працэсе евангелізацыі», — падкрэсліў іерарх.

На думку Мітрапаліта, касцёльная музыка павінна адзначацца святасцю, прыгажосцю і паўсюднасцю:

«Яе святасць зыходзіць са святых тэкстаў. Прыгажосць — з таго, што музыка павінна быць сапраўдным мастацкім творам. Паўсюднасць — з шырокага выкарыстання ў набажэнствах з удзелам вернікаў. Усё гэта нагадвае пра тое, што музыка і спеў з’яўляецца інтэгральнай часткай літургічнага набажэнства, а не дадаткам да яго».

«На сучасным этапе жыцця Касцёла новая евангелізацыя мае вельмі вялікае значэнне. Новая не азначае, што Касцёл абвяшчае нейкае новае Евангелле. Яно тое ж самае, якое абвяшчаў Хрыстус 2000 гадоў таму.

Новая евангелізацыя азначае, што Евангелле абвяшчаецца новымі, больш даступнымі і прымаемымі сучаснымі людзьмі, асабліва моладдзю, спосабамі. Сінод біскупаў пра новую евангелізацыю, які праходзіў у 2012 г., вялікую ўвагу звярнуў на значэнне мастацтва, асабліва сакральнай музыкі ў працэсе новай евангелізацыі».

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп пажадаў, каб сакральны спеў з Івянца распаўсюджваўся па Беларусі і «з кожным годам гучаў усё мацней на хвалу Бога, лепшае пазнанне праўдаў веры і для збаўлення людзей».

Абноўлена 30.07.2018 14:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа