Пошук

24.07.2024 12:38   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Фота: Мілана Аксаментава / Catholic.by

22 ліпеня пры францішканскім кляштары ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) распачалася 20-я Музычная майстэрня — мерапрыемства для музыкаў, якія жадаюць праславіць Бога сваімі талентамі.

Сёлетняя майстэрня праходзіць пад дэвізам «На пачатку было Слова» (Ян 1, 1).

Як штогод, колькасць удзельнікаў перавышае запланаваную.

На электроннай рэгістрацыі было зарэгістравана 136 чалавек, а прыехалі і бяруць удзел 175. Пры гэтым ахвотныя працягваюць прыязджаць, і, паводле арганізатараў, увечары першага дня ўдзельнікаў стала ўжо каля 200.

Што адбываецца на майстэрні?

Першая палова дня прысвечаная літургічнаму харавому спеву. Удзельнікі вывучаюць новыя спевы, робячы асаблівы акцэнт на разважанні над іх зместам і на тое, як музыка дапамагае тэксту «жыць» і ўздзейнічаць на выканаўцу і слухача.

Яны вучацца таму, як можна маліцца музыкай.

Другая частка дня — гэта майстар-класы, якіх сёлета даволі шмат: дзве гітары, фартэпіяна, саксафон, асновы нотнай граматы і дырыгаванне, вакал, тэатр, сцэнаграфія: усяго больш за 20 майстар-класаў, якія праводзяць 30 ментараў. Удзельнікі майстэрні маюць магчымасць займацца з прафесіяналамі, якія дапамагаюць не толькі раскрыць іх таленты, але таксама знайсці іх у тых, хто ўпершыню прыехаў на майстэрню. Малыя групы дазваляюць займацца з удзельнікамі майстэрні асабіста. Гэта асабліва важна ў вакале, і таму на майстэрні ажно чатыры групы вакалістаў.

Узрост удзельнікаў і іх прафесіянальны ўзровень вельмі розныя. У гэтым годзе прыехала каля 40-а чалавек, якія нават не ведаюць, якімі галасамі спяваюць, і разам з імі бяруць удзел выкладчыкі музычных каледжаў, кіраўнікі хораў. Ёсць таксама дастаткова вялікая група старэйшых удзельнікаў: гэта каля 20-і адсоткаў усіх прысутных.

Найстарэйшаму ўдзельніку сёлетняй майстэрні 65 гадоў, і гэта рэкорд. Палова ўдзельнікаў — гэта моладзь да 18-і гадоў.

Гаворыць ксёндз Аляксандр Жарнасек, марыянін, духоўны кіраўнік майстэрні:

— Першая мая думка, калі атрымаў запрашэнне, было тое, што я ўжо стары на такія «штукі», другая думка: у гэтым годзе я меў уікенд у Удзеле для моладзі і, пабыўшы там, зразумеў, што варта тут быць. Успрыняў гэта як Божае заданне і вырашыў, што нешта ў гэтым ёсць. Трэба вярнуцца да таго, што некалі было, ды ўжо забытае для мяне.

Святар распавёў Catholic.by і пра мэты прысутнасці на музычнай майстэрні духоўнага кіраўніка.

— Мяне спачатку трохі збянтэжыла, а пазней абрадавала прапанова айца Яўгена [Голуба], які прапанаваў мне духоўнае кіраўніцтва на майстэрні, якая праходзіць пад дэвізам з Евангелля паводле Яна «На пачатку было Слова»: Слова, якое чыніць цуды, выганяе злых духаў, якое стварае.

Гэта той матыў, які злучае сілу Божую і творчасць у шырокім значэнні: і музыку, і літаратуру. Таму на гэтым тэксце мы засяроджваемся і будзем над ім разважаць.

Апрача гэтага асабістыя размовы, споведзь. Людзі бываюць нясмелыя, часам трэба прапанаваць, «справакаваць», быць з імі. Людзі, з аднаго боку, баяцца з другога — хочуць. Я ім імкнуся данесці, што калі ў чалавека прысутнічае і страх, і жаданне, то трэба ісці за жаданнем. Духоўнае кіраўніцтва патрэбна. Там, дзе ёсць людзі, там трэба служыць пастырам: ці гэта будуць музыканты, ці гэта будуць трактарысты, ці даяркі — усюды.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся айцец Яўген Голуб OFMConv, арганізатар Майстэрні.

— Я пераконваюся ў тым наколькі гэта важная падзея не толькі для ўдзельнікаў, але — можа, прагучыць гэта трохі пафасна — і для Беларусі.

Першая прычына ў тым, што Пан Бог ставіць і выбірае людзей сам. Змяняюцца ўвесь час людзі, але якасць самой майстэрні не змяняецца. Хтосьці адыходзіць, хтосьці прыходзіць новы. І калі нашыя ментары з Беларусі пачалі самі гэта рабіць, дараслі да гэтага, бачна, што і ўзровень не змяніўся, нават у некаторых рэчах разуменне кантэксту павялічылася. Яны больш ведаюць навошта, што патрэбна для Касцёла тут, на месцы, у якой сферы патрэбна праца.

Па-другое, мяне заўсёды здзіўляе тое, як гэта працуе ў людзях і як змяняюцца людзі. Між іншым не толькі у людзях, якія Бога адкрылі, але і ў тых, якія Бога шукаюць і не заўсёды атаясамліваюць з Касцёлам наўпрост. Будучы на майстэрні, удзельнічаючы ў святой Імшы (абавязак ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах майстэрні існуе для ўсіх), яны пачынаюць іншымі вачыма глядзець, задаваць сабе пытанні і тое, што духоўны айцец майстэрні мае вельмі шмат размоваў з імі, і тое, што людзі прыходзяць да споведзі і перажываюць падчас малітвы, — гэта варта той працы, якая на працягу года праводзіцца арганізатарамі гэтай майстэрні.

Тут адбываецца праява Божага дзеяння і Божай прыгажосці праз людзей і іх таленты і тое, што гэта прыгажосць можа іх змяняць, што чалавека адкрывае на дабро і на бліжняга.

Найбольш папулярным, як штогод, застаецца хор праслаўлення, які можна будзе пачуць у канчатковым супольным выступе. На ім удзельнікі Музычнай майстэрні пастараюцца выкарыстаць і паказаць усё тое, чаму яны тут навучыліся. Таму ўсіх ахвотных запрашаем на гэтую падзею у суботу 27 ліпеня а 20-й гадзіне.

 

Абноўлена 24.07.2024 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця