27 ліпеня пры францішканскім кляштары ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) распачалася «Музычная Майстэрня» — сустрэча для ўсіх, хто жадае адкрыць прыгажосць Бога праз музыку, Літургію і супольнасць.
Пасля двух гадоў вымушанага перапынку, таленавітая беларуская моладзь з вялікай радасцю збіраецца ў Івянцы на такую чаканую «Музычную майстэрню». Маладыя людзі зноў могуць правесці незабыўныя некалькі дзён з мэтай атрымання новых ведаў, уменняў і знаёмстваў.
Але што больш важна, яны могуць правесці гэты час праслаўляючы Бога і атрымліваючы велізарны зарад духа ад малітвы.
Як гаворыць адзін з пачынальнікаў сустрэч музыкаў у Івянцы айцец Яўген Голуб OFMConv, «Музычная майстэрня» — гэта пра тое, як Бог адкрывае прыгажосць талентаў маладых людзей. Пра тое, як Бог адкрывае супольнасць праз музыку.
Пра тое, як Бог далучае ўсіх праз спеў, праз музыку, праз культуру да чагосьці большага, чым з’яўляюцца яны самі.
Аднак гэты год унікальны не толькі вяртаннем «Майстэрні», але і тым, што сёлета арганізацыя ўсяго мерапрыемства была выключна ў руках мясцовых.
Каб зразумець, які шлях прайшла «Музычная майстэрня», і чаму шматгадовы івянецкі душпастыр айцец Лех Баханэк OFMConv называе яе «Божай справай», перанясемся да яе вытокаў.
Усё пачалося, як бы смешна гэта ні гучала, з… пошуку барабанаў для парафіі.
У працэсе гэтага пошуку айцец Лех, ініцыятар і арганізатар «Майстэрні», пазнаёміўся з Янам Паспяшальскім, які захацеў дапамагчы. Будучы вядомым і паспяховым польскім музыкам і журналістам, Ян Паспяшальскі сабраў групку энтузіястаў, і ў 2003 годзе ў першы раз у Івянцы прайшлі першыя заняткі для моладзі. Як кажуць, яны шукалі медзь, а знайшлі золата.
Так «замест барабанаў атрымалася майстэрня», — паўжартам кажа айцец Яўген Голуб.
Паступова з кожным годам супольная малітва, размеркаванне абавязкаў, агульная праца, а таксама праграма заняткаў і майстар-класаў увесь час пашыраліся і дапрацоўваліся.
І вось ужо людзі, што некалі самі былі ўдзельнікамі, сталі незаменнымі — як пачуццё рытму для музыкаў — арганізатарамі. Айцец Яўген успамінае, як стаў пачынальнікам «Майстэрні», і дзякуе Богу за гэтую магчымасць.
«Пан Бог даў мне гэтую ласку: расці разам з „Майстэрняй“, бачыць, як яна развіваецца па розных параметрах. І гэта, безумоўна, добры досвед», — дзеліцца святар. Гэты досвед, а таксама цесныя зносіны з удзельнікамі «Майстэрні» толькі дапамагаюць у больш цікавай арганізацыі.
У гэтым годзе «Майстэрня» развіваецца яшчэ і ў сацыяльных сетках. Інстаграм расцвітае на вачах і асвятляе ўсё, што адбываецца. На ютуб-канале штодня з’яўляюцца Дзённікі з усімі найважнейшымі падзеямі мінулых дзён. Таксама для яшчэ зручнейшага кантакту з удзельнікамі з’явіўся тэлеграм-канал. З яго дапамогай арганізатары апавяшчаюць усіх, хто падпісаўся, пра падзеі, якія адбываюцца ў бягучы момант у Івянцы, і дзеляцца навінамі і карыснай інфармацыяй.
Гэты год — год беларускіх ментараў і настаўнікаў. Прыехаўшы сюды першы ці дзясяты раз, усе яны нясуць у сабе вялікую любоў да мастацтва, Пана Бога і жаданне перадаць веды і ўменні моладзі.
«Быць проста мастаком — гэта нават неяк сорамна з майго боку, таму што я веруючая каталічка. І мне трэба перадаваць не толькі мастацтва, але і перакананне ў тым, што ўсё павінна быць духоўна», — кажа Надзея Бука.
Спецыяліст у галіне дызайну дэкарацыі, яна першы раз на майстэрні ў ролі ментара. Адарваная на некалькі хвілін ад сваёй працы падрыхтоўкі дэкарацый для касцёла, яна расказала пра сваю майстар-клас праграму.
«Самая складаная частка: сцэна будзе нагадваць карціну. Тое, што адбываецца і хто ёсць унутры на сцэне, — галоўныя персанажы гэтай карціны. Вакол будуць воты, сімвалы падзякі людзей Богу за Яго дапамогу. Частка ўжо падрыхтавана мной, а ўсё астатняе будзем падрыхтоўваць на маіх майстар-класах, як і дэкараваць касцёл і сцэну. Таксама на сцэне будзе вялізнае сэрца Бога, лесвіца, якая сімвалізуе наш уздым у неба, і папяровыя скалы», — кажа дэкаратар Надзея Бука.
Увечары ў суботу 30 ліпеня, як гэта было і раней напрыканцы «Музычнай майстэрні», адбудзецца фінальны канцэрт, на якім моладзь пакажа ўсё тое, чаму змагла навучыцца за гэтыя некалькі дзён няспынных заняткаў.