3 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Мёры (Віцебская дыяцэзія) адбыўся ХХ фестываль каляднай песні «Зорка Бэтлеема», арганізаваны мясцовай рыма-каталіцкай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пра тое, як праходзіла мерапрыемства, падрабязна апавядаецца на парафіяльным сайце Kascelmery.by.
На пачатку юбілейнага 2025 года мёрская парафія гасцінна сабрала тых, хто пажадаў праславіць нованароджанага Збаўцу сваім талентам.
На святочную імпрэзу сабраліся госці з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі: Глыбокага, Варапаева, Наваполацка, Паставаў і Полацка. Сёлета як асобны калектыў да фестывалю далучылася Мёрская дзіцячая школа мастацтваў. Ганаровым госцем свята стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўрачыста адкрыў конкурсную праграму.
У прывітальным слове іерарх падкрэсліў, што «мы збіраемся ў гэтай зале не толькі каб узгадаць, але перажыць гэтую вялікую падзею — Нараджэнне Збаўцы Езуса Хрыста.
Кожны раз, калі канкурсанты выходзяць на сцэну, яны далучаюцца да хораў анёлаў, што сышлі з неба, каб разам з пастушкамі праславіць Яго», — адзначыў пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі.
Біскуп Буткевіч пажадаў усім прысутным акунуцца ў цудоўную атмасферу свята, каб гэты час быў працягам малітвы праслаўлення Збаўцы, і ўдзяліў пастырскае бласлаўленне.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мёрскага райвыканкама Аксана Ашурка, якая павіншавала ўсіх з Божым Нараджэннем і Новым годам, а таксама выказала словы ўдзячнасці за захаванне духоўных каштоўнасцяў і хрысціянскіх традыцый, якія спрыяюць захаванню міру і згоды ў нашым грамадстве. З нагоды свята прадстаўніца мясцовай улады ўручыла біскупу Алегу Буткевічу сувенір ад мёрскай зямлі.
Вядучыя свята Аляксандра Васіна і Арцём Карандзей прапанавалі паглядзець невялікі відэаролік, каб узгадаць асноўныя моманты з гісторыі фестывалю. Упершыню конкурс каляднай песні прайшоў у 2002 годзе. Яго ініцыятарамі былі арганістка Анжэла Кіпрушава і тагачасны пробашч парафіі ў Мёрах ксёндз Кшыштаф Мянкіна.
Спачатку фестываль праводзіўся на парафіяльным узроўні, а потым стаў дыяцэзіяльным. Штогод дзеці з парафій Віцебкай дыяцэзіі і не толькі праслаўляюць Пана сваёй творчасцю.
Так сталася, што конкурс не праводзіўся ў 2017 і 2019 гадах, а таксама падчас нядаўняй пандэміі каранвыірусу, а з 2023 года зноў збірае ўдзельнікаў і гасцей.
Праграму фестывалю адкрылі прадстаўнікі парафіі святога Андрэя Баболі з Полацка, якія выступілі ў сярэдняй узроставай катэгорыі. На пачатку ў выкананні Назара і Веранікі Дашкевічаў прагучала песня «Зорка ў небе нам заззяла», ды так ладна і прыгожа, што ўдзельнікі журы адзінагалосна адзначылі іх дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Гурт». Не засталася без увагі і Вікторыя Грынкевіч з музычным творам Фэрнандо Сора «Фантазія». Яна атрымала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі «Інструментальная творчасць». Валерыя Ермакова парадавала гледачоў песняй «Каралі тры ішлі», і журы адзначыла яе дыпломам ІІІ ступені.
Парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста з Наваполацка прадставіла Кацярына Мазынская, якая сталаа пераможцай мінулагодняга конкурсу, і сёлета не засталася без узнагароды, атрымаўшы два дыпломы І ступені ў старэйшай узроставай групе за цудоўнае выкананне песні «Маленькая Любоў» і непаўторную ігру на скрыпцы. Дарэчы, бацька Кацярыны ў свой час таксама быў удзельнікам фестывалю «Зорка Бэтлеема», а цяпер амаль штогод разам з сям’ёй прыязджае на свята.
Далей конкурсную праграму працягнулі артысты з парафіі Святога Арханёла Міхала з Варапаева. Яны прадставілі выступленні ў сярэдняй і старэйшай узроставай групе. Найбольш удала выступіла Ульяна Казаровец, якая была адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Сола» у старэйшай узроставай групе за выкананне песні «Каралі тры ішлі».
Вялікую і разнастайную праграму ў сярэдняй узроставай групе прадставілі канкурсанты з парафіі святога Антонія Падуанскага з Паставаў: сола, гурт, інструментальная творчаць. Юныя артысты парадавалі гледачоў прыгожымі спевамі і цудоўнай ігрой на музычных інструментах. Журы адзначыла дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Сола» Аляксандру Шырокую за прыгожае выкананне песні «Крочыць Юзаф з Марыяй».
Прадстаўнікі парафіі Святой Тройцы з Глыбокага падрыхтавалі да фестывалю цэлую праграму з уласным канферансам. Высокі тон выступлення песняй «Снова наступило Рождество» задала Дзіяна Раманчук, якую журы адзначыла дыпломам І ступені ў намінацыі «Сола» у малодшай узроставай групе.
Удалым было выступленне і сярэдняй узроставай групы. Дыплом ІІІ ступені атрымаў дзіцячы гурт за цудоўнае выкананне песні «Ночь спускается на землю», а кампазіцыя Аve Maria Ёгана Сёбасцьяна Баха ў выкананні братоў Артура і Аркадзя Рабкоўскіх выклікала бурныя авацыі, у тым ліку і журы, якое адзначыла выступоўцаў дыпломам І ступені ў намінацыі «Інструментальная творчасць». Глыбокаму перажыванню музычнага твора спрыяла харэаграфічная кампазіцыя, якая яго суправаджала.
Выдатна выступілі ўдзельнікі ў старэйшай узроставай групе. Паліна Сіняўская і Андрэй Петрашоў адзначаныя дыпломам І ступені, а моладзь — дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Гурт». Такім чынам, як і ў мінулым годзе, усе ўдзельнікі з Глыбокага атрымалі дыпломы.
Завяршылі конкурсную праграму гаспадары фестывалю. Напачатку выступілі навучэнцы Мёрскай дзіцячай школы мастацтваў. Варвара Чарняўская і Варвара Мацур выдатна выканалі музычны твор Аve Maria Джуліё Качыні. Журы адзначыла дзяўчат дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Інструментальная творчасць» у сярэдняй узроставай групе.
Дзеці мёрскай парафіі выступілі ў дзвюх узроставых катэгорыях. Парадавалі сваімі спевамі малодшыя ўдзельнікі. Дыпломам І ступені адзначаны гурт «Зорачкі» за калядку «Ідзе сцюдзёная зіма», а Вольга Бондар атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Сола» за выкананне калядкі на польскай мове «Вliżej stаjеnki». Упрыгожыла выступленне юных артыстаў жывая батлейка.
Высокі ўзровень прадэманстравалі выступоўцы сярэдняй групы. Цудоўна выканала песню «Немаўля ў Бэтлееме» Дана Падзява, а Анастасія Кунцэвіч ажывіла гледачоў вясёлай песняй пра пастушкоў «Pastuszkowie, gdzie tak gnacie?». У выніку дзяўчаты падзялілі першая месца ў намінацыі «Сола». Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі «Інструментальная творчасць», атрымалі Анастасія Кунцэвіч і Анастасія Шокель за выкананне музычнага твора «Жарт» Ё.С. Баха. Гурт «Званочкі» парадаваў чыстым, мілагучным, радасным спевам і быў адзначаны дыпломам І ступені.
Пасля выступленняў настаў час работы журы ў складзе загадчыцы сектара культуры Мёрскага райвыканкама Аксаны Падзявы і выкладчыцы Мёрскай дзіцячай школы мастацтваў Зінаіды Пучкоўскай пад кіраўніцтвам старшыні журы ксяндза Вячаслава Адамовіча, віцэ-дэкана Мёрскага дэканату, пробашча парафій ў Друі, Ідолце і Павяцці.
Пакуль журы падводзіла вынікі, удзельнікі мелі магчымасць пачаставацца гарбатай з ласункамі і патанцаваць інтэграцыйныя танцы разам з сястрой Марыянай Гроць CSFFM з Варапаева, а потым паслухаць цудоўную музыку ў выкананні інструментальнага ансамбля выкладчыкаў Мёрскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам яе дырэктара Ігара Лаўца.
Падводзячы вынікі конкурсу, біскуп Алег Буткевіч адзначыў высокі ўзровень выступлення ўдзельнікаў і выказаў словы ўдзячнасць тым, хто рыхтаваў канкурсантаў, а таксама гаспадарам фестывалю за запрашэнне і гасцінны прыём. Словы ўдзячнасці прагучалі ў бок спонсараў свята: Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь на чале з яго дырэктарам, ксяндзом канонікам Андрэем Аніскевічам і Caritas Віцебскай дыяцэзіі на чале з дырэктарам, ксяндзом канонікам Віктарам Місевічам, а таксама парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання з заключным словам да прысутных звярнуўся пробашч мёрскай парафіі ксёндз Андрэй Кулік, які падзякаваў за прысутнасць на свяце, якое сёлета, як і штогод, прысвечана праслаўленню Езуса Хрыста — нованароджанага Божага Сына, за адкрытыя сэрцы і клопат аб падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю.
Усе канкурсанты атрымалі падарункі і станоўчыя эмоцыі.
Завяршылася свята супольным спевам песні «Зорка Бэтлеемска».
Відэазапісы фестывальных выступаў даступныя на сайце мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Kascelmery.by.