Пошук

10.01.2022 10:14   Тэкст: Парафія Святога Духа ў МІнску / Фота: Станіслаў Янчарскі / Catholic.by

9 студзеня, у свята Хросту Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў сталічную парафію Святога Духа ў мікрараёне Чыжоўка, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святочнай Імшы і здзейсніў благаслаўленне новага канфесіянала.

Візіт арцыпастыра быў прымеркаваны да першай гадавіны пасвячэння новапабудаванага касцёла Святога Духа, якое адбылося 9 студзеня 2021 года.

Арцыбіскуп Станеўскі маліўся за вернікаў маладой парафіі на чале з яе пробашчам ксяндзом канонікам доктарам Янам Крэмісам.

У літургіі таксама ўдзельнічалі архітэктар Аляксей Яроменка і дырэктар будаўнічай фірмы Валерый Усовіч. Іерарх сардэчна падзякаваў усім дабрадзеям, якія прычыніліся да пабудовы светлай, велічнай неагатычнай святыні ў мікрараёне Чыжоўка.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў значэнне хросту ў жыцці кожнага хрысціяніна. Між іншым, пастыр нагадаў, што хрост — не менш важная падзея ў жыцці чалавека, чым дзень нараджэння, паколькі момант хросту з’яўляецца пачаткам духоўнага жыцця. Аднаўленнем абяццанняў хросту завяршылася першая частка літургіі.

Потым арцыбіскуп Станеўскі благаславіў новаўсталяваны канфесіянал, які быў зроблены на ахвяраванні шматлікіх вернікаў парафіі.

Пры гэтым арцыпастыр адзначыў, што да канфесіянала падыходзіць грэшнік, а адыходзіць святы чалавек, прычым незалежна ад таго, хто гэта: біскуп, святар або свецкі вернік.

У гэты дзень удзельнікі цэлебрацыі таксама маліліся аб новых пакліканнях да святарскага служэння, манаскага жыцця, за хворых і церпячых, і за тых, хто адышоў у вечнасць па ўзнагароду ад Пана.

Напрыканцы літургіі вернікі павіншавалі арцыбіскупа Станеўскага з прызначэннем на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, падзякавалі за наведванне і благаслаўленне канфесіянала, а таксама пажадалі моцнага здароўя і плённага пастырскага служэння.

Пасля благаслаўлення арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваўся да стаенкі, ўсталяванай у святыні, а потым пазнаёміўся з выставай малюнкаў і падзелак на святочную тэматыку, прадстаўленую дзецьмі парафіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця