Пошук

16.12.2024 12:21   Тэкст: Марта Багдановіч / Фота: Алёна Шаршунс / Catholic.by

14 снежня ў сталічнай парафіі Святога Духа (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) адбылася аплаткавая сустрэча навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага тэалагічнага каледжа святога Яна Хрысціцеля, у якой узяў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Лічаныя дні аддзяляюць вернікаў каталіцкай канфесіі ад аднаго з самых прыгожых хрысціянскіх святаў — Божага Нараджэння. Напярэдадні важнай для кожнага католіка ўрачыстасці ў парафіях і супольнасцях па ўсёй краіне адбываюцца аплаткавыя сустрэчы, галоўная мэта якіх — у духу братэрства і любові сустрэць маленькага Хрыста, абмяняцца каляднымі пажаданнямі.

Адна з першых такіх сустрэч у сталіцы сабрала разам навучэнцаў, выкладчыкаў і адміністрацыю Мінскага тэалагічнага каледжа, да якіх далучыўся пастыр архідыяцэзіі.

Аплаткавая сустрэча пачалася са святой Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Станеўскі. Ва ўступным слове іерарх прывітаў дырэктара навучальнай установы ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, выкладчыкаў, святароў і навучэнцаў.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр разважаў над глыбінёй і значнасцю свята Божага Нараджэння, яго вялікім сэнсам для кожнага католіка. Акрамя таго, іерарх акцэнтаваў увагу на важнасці духоўнага развіцця і атрымання новых ведаў, падкрэсліўшы пры гэтым выключную ролю крыжа для кожага хрысціяніна. «Невыпадкова крыж называюць ключом, які адкрывае нябёсы», — заўважыў арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля заканчэння літургіі ўдзельнікі сустрэчы перайшлі ў дольны касцёл, каб працягнуць святкаванне ў сямейнай атмасферы. Навучэнцы першага курса падрыхтавалі цікавую конкурсна-забаўляльную праграму, насычаную тэматычнымі пытаннямі і заданнямі.

Цэнтральнай фігурай на свяце стаў святы Мікалай, які з’явіўся з вялікім мехам розных падарункаў. Ён шчодра адорваў салодкімі прэзентамі і навучэнцаў, і выкладчыкаў, і прысутнае духавенства.

Арцыбіскуп Станеўскі шчыра падзякаваў першакурснікам за падрыхтоўку цікавай праграмы, пасля чаго благаславіў аплаткі. Хвалюючым стаў момант дзялення аплаткамі, які зрабіў прысутных адной вялікай сям’ёй. Удзельнікі сустрэчы абменьваліся шчырымі пажаданнямі, цёплымі ўсмешкамі і братэрскімі абдымкамі. Кожны меў магчымасць асабіста павіншаваць арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і атрымаць пажаданні ў адказ.

Фінальным акордам сустрэчы стаў сумесны пачастунак.

 

Абноўлена 16.12.2024 12:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.