Пошук

12.12.2024 17:33   Паводле: Catholicminsk.by / Фота: Catholicminsk.by

8 снежня парафіі Святога Духа, што ў мінскім мікрараёне Чыжоўка, споўнілася 20 гадоў.

Менавіта ў гэты дзень у 2004 годзе тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк благаславіў заснаванне парафіяльнай супольнасці ў густанаселеным і пры гэтым аддаленым ад цэнтра мікрараёне сталіцы.

З нагоды святкавання 20-годдзя парафіі, па запрашэнні яе пробашча ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса супольнасць наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Урачыстасць распачалася благаслаўленнем фігуры Маці Божай Ружанцовай, усталяванай на прыкасцёльным цвінтары згодна з планам добраўпарадкавання. Фігура Панны Марыі з’яўляецца знакам асаблівай падзякі вернікаў за пабудову святыні.

Касцёл Святога Духа ў Мінску будаваўся з 19 мая 2012 года да 9 студзеня 2021 года.

Арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх вернікаў і гасцей парафіі.

На пачатку літургіі пробашч сардэчна прывітаў арцыпастыра і нагадаў пра асноўныя моманты жыцця парафіі і будаўніцтва святыні, якая сёння з’яўляецца аазісам малітвы і евангелізацыі ў гэтай частцы сталіцы.

У прамоўленай гаміліі іерарх параўнаў жыццё парафіяльнай супольнасці з жыццём хрысціянскай сям’і, дзе ёсць агульныя радасці і клопаты, узаемадапамога і любоў.

«Важным элементам для кожнай супольнасці з’яўляецца сведчанне хрысціянскага жыцця. Мы з’яўляемся веруючымі людзьмі не толькі ў сценах святыні, падчас малітвы, але і па-за касцёльнымі мурамі, у нашай штодзённасці», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Станеўскі, разважаючы над біблійнымі чытаннямі Другой нядзелі Адвэнту, пажадаў, каб усе вернікі, якія святкуюць 20-ю гадавіну заснавання сваёй парафіі, ніколі не згубілі «водар касцёла», гэта значыць ласку веры, атрыманую ад сваіх бацькоў і продкаў.

Напрыканцы святой Імшы парафіяне падзякавалі арцыбіскупу за ўдзел у святкаванні, а таксама павіншавалі яго з 30-годдзем дыяканскага пасвячэння, якое адбылося 8 снежня 1994 года ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя, узгадаўшы, што гэта было першае гістарычнае пасвячэння дыяканаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне з часу яе заснавання ў 1990 годзе.

На знак удзячнасці вернікі падаравалі арцыбіскупу Станеўскаму выкананы на камені фотаздымак, на якім прадстаўлены першыя дыяканы, студэнты пятага курса семінарыі.

Сёння — святары, якія служаць у розных дыяцэзіях нашай айчыны: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Заслаўі, святой памяці ксёндз канонік Юзаф Ганчыц, шматгадовы пробашч і будаўнік касцёла Святой Сям’і ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія), ксёндз Андрэй Бародзіч, пробашч парафіі у Высокім (Пінская дыяцэзія) і ксёндз Ян Крэміс, пробашч парафіі Святога Духа ў Мінску.

З гадавінай дыяканскага пасвячэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і ксяндза Яна Крэміса павіншавалі таксама навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, дырэктарам якога з’яўляецца ксёндз Ян.

Літургія завяршылася ўрачыстым пастырскім благаслаўленнем, пасля чаго ўсе прысутныя атрымалі салодкі пачастунак ад вернікаў парафіі з нагоды парафіяльнага свята.

 

Абноўлена 12.12.2024 17:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.