29 лістапада новы літургічны год распачынае новы перыяд — Адвэнт. Гэта час радаснага чакання на прыйсце Пана. На першую нядзелю Адвэнту Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і вернікам сваё пастырскае слова.
Пастырскае пасланне
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на першую нядзелю Адвэнту 2026/2027 душпастырскага года
«Божа, аднаві нас і дай нам збаўленне» (Пс 80 (79)).
Шаноўныя Эксцэленцыі, дарагія святары, кансэкраваныя асобы, шаноўныя вернікі Мінска-Магілёўскай мітраполіі! Умілаваныя браты і сёстры!
Сёння Каталіцкі Касцёл уваходзіць у новы літургічны год, распачынаючы благаслаўлёны час Адвэнту. Гэта перыяд ціхага, поўнага хрысціянскай надзеі чакання прыйсця Збаўцы, калі нашыя сэрцы асаблівым чынам адкрываюцца на Божую ласку. На парозе новага духоўнага шляху мы найперш узносім да Усемагутнага Бога нашу шчырую падзяку за ўсе дары, якімі Ён шчодра адорваў нас на працягу мінулага 2025/2026 душпастырскага і літургічнага года.
Мінулы год у Паўсюдным Касцёле і Касцёле на Беларусі прайшоў пад асаблівым знакам святкавання 800-й гадавіны спачыну ў Пану святога Францішка Асізскага, абвешчанага Святым Айцом Львом XIV. Святы Францішак Асізскі стаў для нашага Касцёла на Беларусі святлом евангельскай прастаты, братэрскай любові і глыбокага паяднання з Богам і стварэннем. У духу яго харызмы мы перажывалі нашыя парафіяльныя ўрачыстасці, дні засяроджання і супольныя малітвы.
Сапраўднай духоўнай вяршыняй мінулага года сталі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла на Беларусі — Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.
Пад дэвізам «Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць», 4 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці вернікаў Каталіцкага Касцёла на Беларусі, падчас якіх ў 35-гадавіну аднаўлення іерархічных структур адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.
Тысячы пілігрымаў, якія пешшу і на транспарце прыбылі да Каралевы Беларусі, засведчылі жывую, непахісную веру нашага народа.
Яркім праяўленнем нашай еднасці з Паўсюдным Касцёлам стала таксама супольная малітва аб міры ва ўсім свеце 27 кастрычніка ў духоўнай лучнасці з Папам Львом XIV у Асізі. Асабліва трэба адзначыць удзел нашых дзяцей і моладзі ў малітоўнай акцыі Каталіцкага Касцёла «Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы», якая сёлета таксама была прысвечана малітве аб міры.
Браты і сёстры. Звяртаючыся да тэмы ўдзячнасці за пражыты час, Святы Айцец Леў XIV нагадвае нам, што «сапраўдная вера неаддзельная ад удзячнага сэрца, якое ў кожным дні распазнае дзеянне Божага Провіду, а таксама ад руплівага імкнення да міру і дзейснай любові». Пантыфік заклікае кожнага хрысціяніна быць нястомным сведкам надзеі ў сучасным свеце, чэрпаючы моц ва Укрыжаваным і Уваскрослым Хрысце. Дзякуючы Пану Богу за перажытыя выпрабаванні і радасці, мы з даверам глядзім у будучыню ў час, у які Бог паклікаў і выбраў нас.
Мае дарагія. Новы літургічны год, які распачынаем сёння, у першую Нядзелю Адвэнту, адкрывае перад намі важныя душпастырскія выклікі. Пастырская праграма на 2027 год, згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ад 18 верасня 2026 года, прысвечана 110-годдзю аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Дэвіз года: «Фаціма — знак надзеі для сучаснасці». З мэтаю падрыхтоўкі да святкавання юбілею Фацімскіх аб’яўленняў у Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла на Беларусі — Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, — і ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай мітраполіі 3 кастрычніка 2026 года мы распачалі Навэнну да Маці Божай Фацімскай, якая працягнецца да 5 чэрвеня 2027 года і завяршыцца 3 ліпеня падчас святкавання Будслаўскага фэсту.
Год 2027-ы — гэта таксама юбілейны год для тых, хто ўшаноўвае Маці нашага Збаўцы ў Яе Вастрабрамскай выяве Маці Міласэрнасці. Мінае 100 гадоў ад урачыстай каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Вастрабрамскай, якая адбылася 2 ліпеня 1927 года ў Вільні і стала найважнейшай падзеяй для ўсіх вернікаў тагачаснай Літвы і Беларусі. Сёлета, як і кожнага дня, мы паўтараем за нашымі продкамі словы з вастрабрамскай малітвы: «Беззаганная Маці Божая, Маці міласэрнасці. Заступніца і прытулак грэшнікаў. Пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу».
11 лістапада 2027 года спаўняецца 35 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Афіцыйны старт двухбаковаму супрацоўніцтву быў дадзены ў 1992 годзе. З таго часу ў Мінску дзейнічае Апостальская нунцыятура — дыпламатычнае прадстаўніцтва Ватыкана, а ў Рыме — Пасольства Рэспублікі Беларусі. За гэты час адбыўся шэраг знакавых сустрэч на вышэйшым і высокім узроўнях, у тым ліку афіцыйныя візіты Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Ватыкан у 2009 і 2016 гадах, а таксама наведванне Беларусі высокімі прадстаўнікамі Рыма-каталіцкага Касцёла. Адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам працягваюць развівацца ў духу міралюбнасці, садзейнічаючы захаванню міжканфесійнай згоды, развіццю гуманітарных і культурных сувязей, а таксама ўмацаванню міру ў рэгіёне. Доказам гэтага стала афіцыйнае запрашэнне вернікамі Каталіцкага Касцёла Беларусі і яго іерархамі з ранейшай акцэптацыяй і пры падтрымцы свецкай улады нашай Айчыны Рымскага Пантыфіка папы Льва XIV з афіцыйным візітам на Беларусь. Таму, заахвочваем усіх да малітоўнай падрыхтоўкі да гэтай гістарычнай для нашага народа падзеі.
Браты і сёстры. Адвэнт — гэта заклік да абуджэння душы і сапраўднага выпраўлення жыцця. У Святым Пісанні ён гучыць для нас вельмі выразна праз словы святога апостала Паўла: «Вы ведаеце, што ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну... Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла» (Рым 13, 11–12). Няхай гэты час стане для кожнага з нас нагодай прымірыцца з Богам у сакрамэнце пакаяння, прабачыць крыўды бліжнім і зрабіць канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці. Памятайма таксама словы прарока Ісаі: «Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана... . І навучыць Ён нас сваім шляхам, і мы пойдзем Ягонымі сцежкамі» (Іс 2, 3).
Асаблівае слова сёння я скіроўваю да вас, дарагая моладзь! Наперадзе нас чакае вялікая сустрэча маладых сэрцаў — Сусветны дзень моладзі ў Сеуле. Гэтая пілігрымка веры ўжо сёння кліча вас да духоўнай падрыхтоўкі. Не бойцеся смела вызнаваць Хрыста ў вашых навучальных установах, на працы і ў лічбавай прасторы. Трывайце ў веры, якую перадалі вам вашыя бацькі і дзяды, і будзьце сапраўднымі апосталамі Евангелля ў сённяшнім свеце, несучы сваім аднагодкам радасць і святло Божай праўды.
Умілаваныя браты і сёстры! Горача заахвочваю ўсіх вас да трывалай і шчырай малітвы ў інтэнцыі Святога Айца Льва XIV. Прасіце Бога, каб Ён умацоўваў Пантыфіка ў яго нялёгкім служэнні, а таксама маліцеся аб тым, каб споўнілася вялікая мара беларускіх католікаў, — каб Наступнік святога Пятра змог прыбыць з Апостальскім візітам на нашу гасцінную беларускую зямлю і ўмацаваць нас у веры.
Маліцеся за нашыя сем’і, асабліва за маладых людзей, якія толькі распачалі сумеснае будаванне сваёй будучыні, ствараючы першую ячэйку грамадства — сям’ю. Няхай нашыя сем’і будуць моцныя Богам і хрысціянскімі традыцыямі, якія пачынаюцца ад Алтара Пана з благаслаўленнем касцёльнага прадстаўніка і прысягай нарачоных і з папярэднім роспісам у ЗАГСе.
Прасіце Пана жніва, каб выправіў працаўнікоў жніва на беларускія прасторы чалавечага сэрца. Дзякуем Богу за тое, што ёсць тыя, хто адклікаецца на запрашэнне Хрыста «Ідзі за Мной!». Аднак, Касцёл на Беларусі яшчэ ўсё ж адчувае вялікі недахоп святароў і манаскіх асоб, — людзей, якія гатовыя ахвяраваць сваё жыццё дзеля збаўлення многіх.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, наша Будслаўская Каралева і Апякунка Адвэнту, вядзе нас збаўчым шляхам свайго Сына Езуса Хрыста, а святыя і благаслаўлёныя народаў і зямель нашых выпрошваюць для кожнага з нас, нашых сем’яў і нашага грамадства сапраўдны супакой і Божую ласку. Святы Міхале Арханёле, нябесны апякуне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, маліся за нас.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 22 лістапада 2026 года
Урачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету







