
Напярэдадні Урачыстасці Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, якое сёлета адзначаецца ў нядзелю 22 лістапада, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе сваё слова да святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў.
Пастырскае слова
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста Валадара Сусвету
Пан Бог як Валадар трываць будзе вечна (Пс 29, 10)
Дарагія браты і сёстры.
Сёлета свята Езуса Хрыста Валадара Сусвету, якое заснаваў папа Пій XI, адзначаецца ўжо ў сто першы раз. Чаму ўзнікла такая неабходнасць і чаму менавіта напачатку ХХ стагоддзя? Аргументам для ўстанаўлення свята паслужыла трагічная сітуацыя ў многіх краінах, дзе атэістычныя і бязбожныя палітычныя рухі ў тыя гады вельмі актыўна распаўсюджваліся і пераследавалі людзей за веру. Вельмі жорсткім быў пераслед Касцёла падчас рэвалюцыі ў Мексіцы, калі маладых хлопцаў забівалі толькі за тое, што яны адважыліся несці плакаты з надпісамі «Viva Christo Rey!», што азначала «Няхай жыве Хрыстус Валадар!» Менавіта тады Папа ўвёў гэтае свята, каб засведчыць гэтую праўду праз літургію, якая заклікае: «Няхай жыве Хрыстус Валадар, няхай Ён будзе праслаўлены ў Касцёле і ў свеце!».
Мае дарагія. Езус падкрэсліваў, што Яго Валадарства не з гэтага свету, таму і свята гэтае нічога агульнага не мае з палітыкай. Бо менавіта «Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй» (Пс 24, 1), як напісана ў псальме. У Апакаліпсісе святы Ян падкрэслівае: «Хрыстус — Валадар Сусвету, Ён — Валадар валадароў зямлі, Ён Той, Хто любіць нас і Хто вызваліў нас ад грахоў нашых Крывёю сваёю. Ён Альфа і Амега. Бог, які ёсць, які быў і які прыходзіць, Ён Усемагутны» (пар. Ап 1, 5-8).
Але Хрыстус валодае яшчэ такою ўладай, якою не валодае ніводзін чалавек, ніводзін самы магутны кароль ці імператар на зямлі. Езус мае ўладу адпускаць грахі, Ён мае ўладу Збаўцы (гл. Мц 9, 6). Евангеліст Лука запісаў, як пад крыжам людзі насміхаліся з Езуса, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе» (Лк 23, 35). І жаўнеры таксама кпілі: «Уратуй сябе» (Лк 23, 37). Аднак Езус не хацеў ратаваць сябе. Калі б хацеў, то не дапусціў бы нязносных здзекаў і жахлівага ўкрыжавання. Але Ён хацеў збавіць нас, з вышыні крыжа хацеў праявіць найвялікшую сілу, якою валодае. Трэба толькі дазволіць Хрысту збаўляць, як гэта зрабіў добры злачынец (гл. Лк 23, 39-43).
Гэты злачынец у хвіліну невыноснага цярпення знаходзіць у Езусе Сябра, магчыма, першага ў сваім жыцці. Ён упершыню адчувае сябе зразуметым, ведае, што можа сапраўды давяраць Хрысту, што можа даверыцца Богу.
Добры злачынец, як называе яго Традыцыя, — гэта чалавек, які за кароткі час аднавіў сваё жыццё: ад гвалту і несправядлівасці ён перайшоў да сяброўства, вернасці, даверу і любові. Гэты чалавек выдатна зразумеў Евангелле, зразумеў, што ў Езусе укрыжаваным Божая моц адкрываецца іншым чынам, чым яго ўласнае ўяўленне і жыццё.
На такое глыбокае навяртанне ў Езуса быў толькі адзін адказ: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». Езус упэўнена абяцае і дае гарантыю непасрэднай еднасці з самім сабою. Навернуты злачынец, паміраючы на крыжы, — першы, каго збаўляе Езус.
Таму Томас Мэртан, манах-трапіст і пісьменнік, у сваіх разважаннях не раз зазначаў: «Я веру, што чалавек можа адрадзіцца і пачаць весці праведнае і годнае жыццё ў любы момант свайго існавання. Выконваючы Божую волю ў поўнай меры, ён можа не толькі стаць свабодным, але таксама і перамагчы зло».
Паводзіны добрага злачынца на крыжы — гэта менавіта такое адраджэнне. Гэта час, калі смерць становіцца жыццём, слёзы становяцца ўсмешкай, а адчай ператвараецца ў надзею.
Браты і сёстры. Езус Хрыстус — Пан сусветнай гісторыі і адначасова Пан асабістай гісторыі кожнага з нас. Пра ўсё, што адбываецца, і што адбудзецца, Езус ведае. Ён не толькі ведае пра ўсе нашыя клопаты, імкненні і жаданні, пра кожны момант нашага існавання, — Ён кіруе ўсім і прагне, каб мы, узіраючыся ў Яго Крыж, зразумелі Яго бязмежную любоў да нас, бо дзеля нас Езус пайшоў на такую вялікую адкупленчую Ахвяру.
Хрыстовы Крыж павінен быць для кожнага з нас надзеяй і ратункам у кожным выпрабаванні і цярпенні, бо праз Крыж прыйшло для нас збаўленне.
Папа Леў ХIV часта ў сваіх разважаннях падкрэслівае важнасць нашага разумення Крыжа, бо «кожны раз, калі чалавецтва пачынала шукаць іншы ідэал, чым Крыж, гэта заканчвалася катастрофай. І пакуль чалавецтва шукае іншыя ідэалы, гэтыя пошукі будуць заканчвацца вайной. Прычына відавочная: нішто і ніхто ў гэтым свеце, акрамя Хрыста Пана, не можа аб'яднаць розныя народы».
Пан Езус сказаў, што Яго Валадарства не з гэтага свету. Гэтымі словамі Ён выразна падкрэсліў, што Яго панаванне складаецца з чагосьці зусім іншага, чым тое, якое характэрна для гэтага свету. У Апакаліпсісе святога Яна сказана, што Езус Хрыстус — верны Сведка, а сам Пан Езус кажа пра сябе: «Я прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37). І гэтыя словы выразна адкрываюць нам гэтае іншае вымярэнне.
Панаванне нашага Збаўцы заключаецца ў сведчанні, а тое, пра што Ён сведчыць, ёсць праўда. Такім чынам, панаванне Хрыста заключаецца ў сведчанні праўды, бо Ён сам ёсць праўда.
Гэта разумелі вернікі ранняга хрысціянства, якія былі вельмі мужнымі і не баяліся прыняць смерць за Хрыстовую праўду. Сваю вернасць і адданасць Хрысту Валадару засведчылі многія святыя і мучанікі, якімі славіцца таксама і наш край. Успомнім благаслаўлёных мучанікаў святароў, манаскія асобы і вернікаў якія былі вернымі Хрысту Валадару ажно да праліцця крыві. Падчас Другой сусветнай вайны, калі гітлераўцы расстрэльвалі іх, то не аднойчы маглі пачуць з вуснаў нашых пераследаваных братоў і сясцёр: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!». Нашыя папярэднікі, святары і свецкія вернікі, свядома і дабравольна прынялі смерць за вернасць Богу. Змешчаныя ў камеру смерці ў ноч перад пакараннем, яны паспавядаліся і цэлебравалі святую Імшу. А ксёндз Мечыслаў Багаткевіч у брэвіярыі напісаў апошнія словы да сваіх родных і парафіян: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!»
Мае дарагія. У гэтым годзе мы адзначаем 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, таму варта ўспомніць таксама асобу кардынала Казіміра Свёнтэка і іншых святароў якія прайшлі праз ГУЛАГ, і прыкладам свайго жыцця засведчылі, што можна пазбавіць чалавека свабоды, але немагчыма забраць веру, укаранёную ў сэрцы. Нягледзячы на жахлівыя ўмовы, яны не адмовіліся ад свайго святарскага паклікання. Вера заставалася для іх крыніцай сілы і надзеі, а вернасць Хрысту Валадару — прынцыпам, які не змаглі зламаць ні рэпрэсіі, ні гады пераследу.
Сёння, у XXI стагоддзі, Святы Айцец Леў XIV, звяртаючыся да моладзі ў Юбілейны год, заахвочвае:
«Памятайце, найважнейшы — гэта Хрыстус. Хрыстус у цэнтры літургіі і Касцёла; Хрыстус, які засяроджвае на сабе надзею і малітву людзей; Хрыстус, які ёсць адказам на найважнейшыя пытанні чалавека. Калі ў сваім жыцці ты не сустрэнеш Хрыста, то не знойдзеш для сябе адказу. Ты ўткнешся ў сцяну, якая азначае, што вычарпаны ўсе магчымыя інтэрпрэтацыі твайго жыцця. Без Хрыста няма арыенціра, няма GPS, няма будучыні» (Рым, ліпень 2025 г.).
Таму Папа заахвочвае ўсіх нас: «Паглядзім на Таго, хто ёсць святлом свету, нават калі цемра хутка апусціцца на зямлю. На Езуса, які прыйшоў, каб прынесці жыццё, нават калі выконваецца план асуджэння Яго на смерць. Як Валадар спакою, Езус жадае прымірыць свет у абдымках Айца і разбурыць кожную сцяну, якая аддзяляе нас ад Бога і ад бліжняга, бо “Ён — спакой наш”» (Эф 2, 14). Езус валадарыць з крыжа, і Яго Валадарства распаўсюджваецца праз любоў і ахвяру за іншых. Хрыстус Валадар дазваляе сябе прыбіць да крыжа, каб абняць крыжы людзей у кожным месце і ва ўсе часы (з гаміліі на 14.09.2025 г.).
Браты і сёстры. На працягу ўсёй сваёй гісторыі Касцёл заахвочваў і скіроўваў нас толькі да адной ідэі, да адной мэты, а яна вельмі простая: аднавіць усё ў Хрысце. Усе намаганні і старанні папаў былі накіраваны на тое, каб забяспечыць для Збаўцы належнае Яму месца, каб забяспечыць выкананне Яго закону і пераканаць усіх прызнаць закон Хрыста Пана і забяспечыць першае месца нашаму Пану ва ўсім.
Кожны дзень у малітве «Ойча наш» мы просім: «Прыйдзі Валадарства Тваё!» Няхай прыйдзе Божае Валадарства ў гэты свет і адновіць нас. Але, як казаў святы Хосэмарыя Эскрыва, для таго, «каб Езус валадарыў у табе і ўва мне, нам патрэбныя шчодрыя ласкі, каб кожны ўздых, кожнае слова было хвалой Хрыста Валадара». Таму заахвочваю ўсіх нас як найчасцей паўтараць шчыра і рашуча: «Езу Хрыстэ, будзь маім Валадаром, і дапамагай мне ўвайсці ў Тваё Валадарства!».
Кожны хрысціянін пакліканы, каб быць Хрыстом, які праходзіць сярод людзей. Узіранне ў Пана Езуса, які вісіць на крыжы, вядзе нас да таго, каб ахвяраваць сябе, як Ён гэта зрабіў.
Яго прыклад заклікае нас да безумоўнай любові. Той, хто аддаецца, складае сваю зброю, адмаўляецца ад сваёй абароны. Такім чынам мы вучымся слухаць без навязвання, цаніць дабрыню кожнага чалавека, дзяліцца сваім часам і радасцю, якую носім у сабе, не чакаючы нічога ўзамен (Святы Х. Эскрыва. Гэта Хрыстус праходзіць).
На новы душпастырскі і літургічны год і на адважнае сведчанне Хрыстовага Валадарства, ад шчырага сэрца благаслаўляю: У Імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 12 лістапада 2026 года
У свята святога Язафата, біскупа і мучаніка







