9 студзеня Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў урачыстае пасвячэнне касцёла Святога Духа ў мікрараёне Чыжоўка ў Мінску.
У літургіі прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, ксяндзы прэлаты і канонікі, іншыя запрошаныя святары і кансэкраваныя асобы.
Будаўніцтва касцёла працягвалася восем гадоў. Благаслаўленне зямлі пад будову і вуглавога каменя адбылося 19 мая 2012 г. Пасвячэнне касцёла стала знакавай падзеяй як для самой сталічнай парафіі Святога Духа, так і для мясцовага Касцёла. З’явілася яшчэ адна новая святыня, якая стала месцам сустрэчы чалавека з Богам.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш нагадаў пра ролю і значэнне сямі сакрамэнтаў, якія цэлебруе Касцёл, а таксама параўнаў пасвячэнне будынка касцёла з хростам чалавека.
Дзіця нараджаецца, але хрост распачынае яго духоўны рост і сталенне. Праз абрад пасвячэння касцёл стаў сакральным будынкам, святыняй для цэлебрацыі святых сакрамэнтаў і малітвы, месцам, дзе народ Божы будзе ўзрастаць у пабожнасці і святасці.
Напрыканцы літургіі арцыбіскуп падзякаваў усім, хто прычыніўся да пабудовы новага касцёла ў мікрараёне Чыжоўка, і ўручыў падзячную грамату з нагоды яго пасвячэння.
Падчас Імшы прысутныя таксама маліліся за спачылага ксяндза прэлата Юзафа Бульку ў 11-ю гадавіну смерці, якая выпала акурат на дзень пасвячэння касцёла, пробашчам якога з’яўляецца яго вучань — ксёндз канонік доктар Ян Крэміс.
Словы ўдзячнасці ў адрас арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і гасцей гучалі ад прадстаўнікоў парафіі. Выходзячы з новапасвячанай святыні, усе прысутныя атрымалі выдадзены з гэтай нагоды Апостальскі ліст Святога Айца Францішка Patris corde і салодкі пачастунак з выявай касцёла Святога Духа.