У пятніцу 8 сакавіка Папа Францішак узначаліць набажэнства «24 гадзіны для Пана» ў рымскай парафіі святога Пія V.
Запрашаючы парафіі ва ўсім свеце далучыцца да яго велікапоснай ініцыятывы малітвы і прабачэння, Папа Францішак сам распачне велікапоснае набажэнства «24 гадзіны для Пана», якое сёлета адбываецца ўжо ў адзінаццаты раз. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі па справах евангелізацыі.
Як нагадвае Англійская рэдакцыя парталу Vatican News, ініцыятыву, прысвечаную малітве і паяднанню, якая штогод адбываецца ў дыяцэзіях па ўсім свеце напярэдадні Чацвёртай нядзелі Вялікага посту, распачаў на пачатку свайго Пантыфікату Папа Францішак.
Тэма сёлетняга мерапрыемства ўзятая з Паслання да Рымлянаў: «Хадзіць у абноўленым жыцці» (Рым 6, 4).
Пятнічнае набажэнства з удзелам Папы распачнецца а палове на пятую ў парафіі ў рымскім раёне Аўрэліё, непадалёк ад Ватыкана. Вернікі, якія жадаюць прыняць сакрамэнт паяднання, будуць мець магчымасць гэта зрабіць, прычым сам Папа Францішак паспавядае некалькі чалавек, пасля чаго ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы.
Касцёлы адчынены 24 гадзіны
Рыхтуючыся да Вялікадня, у пятніцу ўвечары і на працягу суботняга дня касцёльныя супольнасці заахвочваюць да таго, каб касцёлы былі адчынены з мэтай даць вернікам магчымасць у любы час паспавядацца і затрымацца ў цішыні на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У мінулым годзе Святы Айцец вырашыў узначальваць набажэнства «24 гадзіны для Пана» ў адным з рымскіх касцёлаў, каб заахвоціць парафіянаў да актыўнага ўдзелу.
Як падрыхтавацца
Дыкастэрыя па справах евангелізацыі запрашае ўсе дыяцэзіі і парафіі ва ўсім свеце правесці набажэнства малітвы і прабачэння ва ўласнай супольнасці.
Рыхтуючыся да гэтай падзеі, якая сёлета абдываецца ў межах нядаўна абвешчанага Папам Года малітвы падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года, Дыкастэрыя падрыхтавала пастырскія дапаможнікі для дапамогі ў асабістай малітве і супольных цэлебрацыях.
На сайце Дыкастэрыі іх можна спампаваць>>> на англійскай, італьянскай, іспанскай, партугальскай, польскай і французскай мовах.