
14 лютага стаў адным з самых дзіўных дзён у заходняй культуры. Пакуль увесь свецкі свет адзначае дзень святога Валянціна, спасылаючыся на аднайменнага святога Каталіцкага Касцёла, рыма-католікі, ідучы за ўказаннямі агульнага літургічнага календара, ушаноўваюць памяць святых Кірыла і Мятода. Як так атрымалася?
У пошуках святога Валянціна
На працягу многіх стагоддзяў 14 лютага і сапраўды адзначалася памяць святога Валянціна. Гэтая традыцыя ўзыходзіць да самых ранніх календароў Каталіцкага Касцёла. Аднак гаворка ішла зусім не аб тым Валянціне, аб якім успамінаюць прыхільнікі свецкага святкавання Дня закаханых.
Розныя мартыролагі Касцёла ўтрымліваюць 22 жыцці кананізаваных святых па імяні Валянцін. Дзевяць з іх запісаны як біскупы, дванаццаць — як мучанікі, большасць з апошніх былі святарамі; адзін быў афіцэрам. Гаворка ідзе аб людзях самага рознага паходжання: італьянцы, французы, іспанцы, немцы і бельгійцы. Пяцёра са святых Валянцінаў адзначаюць сваё свята 14 лютага, яшчэ адзін — 12 лютага.
Але ніводзін з гэтых Валянцінаў не звязаны з сучасным святкаваннем Дня закаханых. Затое звязаны з намі рымскі святар па імені Валянцін, які жыў у трэцім стагоддзі і прыняў мучаніцкую смерць за хрысціянскую веру. Існуе шэраг легенд вакол гэтага святога, адна з якіх сцвярджае, што ён таемна вянчаў хрысціянскія пары.
Выключэнне з рымскага календара
Першапачаткова Рыма-каталіцкі Касцёл не пярэчыў супраць успамінаў гэтага і іншых Валянцінаў 14 лютага і захоўваў гэты дзень да 1969 года.
У дакуменце Другога Ватыканскага сабора Sacrosanctum Concilium было прапанавана перагледзець агульны каляндар і выключыць з яго некаторых святых. Ідэя была ў тым, каб пакінуць мясцовым Касцёлам шанаванне асабліва значных для іх святых, а ў агульным календары пакінуць памяць толькі тых святых, якія маюць сусветнае значэнне.
Касцёл выканаў значную працу ў гэтым напрамку, і пазней святы Павел VI растлумачыў у сваім motu proprio Mysterii Paschalis, чаму некаторыя святыя былі выключаны, а іншыя дададзены:
«Для выканання гэтага рашэння Сусветнага Сабору імёны некаторых святых былі выключаныя з агульнага календара… Выдаленне ўспамінаў некаторых святых, якія не з'яўляюцца агульнавядомымі, дазволіла ўключыць у Рымскі каляндар імёны некаторых мучанікаў з рэгіёнаў, дзе абвяшчэнне Евангелля адбылося ў больш позні перыяд. Такім чынам, як прадстаўнікі сваіх краін, тыя, хто праславіўся праліццём сваёй крыві за Хрыста ці сваімі выдатнымі цнотамі, знаходзяць тую ж годнасць у гэтым спісе».
Нягледзячы на тое, што святыя Кірыл і Мятод, якія абвяшчалі Евангелле славянам у IX стагоддзі, зусім не мучанікі, гэтая рэмарка цалкам да іх адносіцца. Унесеныя змены былі спробай зрабіць каляндар больш «універсальным», як сцвярджае ў сваім лісце святы Павел VI.

Таксама лічыцца, што, паколькі ўзніклі сумненні адносна таго, які менавіта святы Валянцін успамінаецца 14 лютага, яго імя пасля было выключана з календара.
Цікава, што дакумент, які санкцыянаваў змену календара, быў датаваны 14 лютага 1969 года.
Чаму святы Валянцін з'яўляецца заступнікам ад пошасці
Пра першапачатковага святога Валянціна дакладна вядома мала, але адна папулярная легенда сцвярджае, што ён быў адным з першых «лекараў-святароў» у Рыме, які спалучыў медыцынскія веды з верай у Божы Провід.
Гэта спалучэнне зрабіла яго ворагам язычніцкага Рыма, калі ён вылечыў дачку рымскага афіцэра, як тлумачыцца ў кнізе «Кароткія жыцці святых». Тут ён здзейсніў вялікі цуд, вярнуўшы зрок дачцы аднаго з афіцэраў, якая была сляпой два гады.
У выніку хрысціяне пачалі заклікаць святога Валянціна аб заступніцтве для палягчэння ад пошасці.
Ён стаў адным з «Чатырнаццаці святых памочнікаў» — святых, да якіх заклікалі ў Сярэднявеччы, асабліва падчас розных эпідэмій.
А сёння да святога Валянціна звяртаюцца з просьбай аб умацаванні адносін паміж закаханымі.

