
23 кастрычніка 2021 года ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася ўрачыстая цэлебрацыя з нагоды кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. З нагоды 5-й гадавіны ад гэтай урачыстай даты дырэктар партала catholic.by ксёндз Павел Эйсмант кіруе ў адрас іерарха словы віншаванняў.
Ваша Эксцэленцыя, Глыбокапаважаны Арцыпастыр і Мітрапаліт Юзаф Станеўскі!
Ад імя рэдакцыі партала Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі catholic.by і ад сябе асабіста шчыра віншую Вас з Пятай гадавінай кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.
Пяць гадоў таму, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Божы Провід праз прызначэнне Святога Айца даверыў Вашым рукам пастырскае кіраванне гэтай гістарычнай супольнасцю вернікаў.
Гледзячы на Ваш жыццёвы шлях, мы бачым, як нябачная, але ўсемагутная ласка Хрыста вяла Вас ад самых вытокаў. Нарадзіўшыся ў маляўнічай вёсцы Занявічы на Гродзеншчыне, Вы ўзрасталі ў атмасферы глыбокай і ахвярнай бацькоўскай любові. Любоў Вашай маці Гэлены і бацькі Рамуальда стала той самай першай ecclesia domestica — хатнім Касцёлам, дзе ў цішыні штодзённых малітваў і сумеснай працы закладаўся фундамент Вашага будучага святарскага паклікання. Гэты цёплы бацькоўскі дом, напоўнены прыкладам веры і цнотаў, узгадаваў у Вашым сэрцы гатоўнасць сказаць Богу сваё рашучае fiat. Праз навучанне ў школе, сельскагаспадарчую працу і службу ў войску Пан рыхтаваў Вас, каб у 1990 годзе Вы сталі адным з першых семінарыстаў новапаўсталай Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, пасля чаго Бог паслядоўна вёў Вас да біскупскага служэння.
Асаблівым чынам хочам падкрэсліць Вашую нястомную руплівасць і бацькоўскі клопат аб новых святых пакліканнях да святарскага і манаскага служэння.
Ваша доўгае і самаадданае служэнне ў якасці рэктара Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, якое працягваецца і сёння ў малітве і няспыннай працы з маладымі сэрцамі на мінска-магілёўскай зямлі, з'яўляецца жывым сведчаннем Вашага пастырскага клопату пра будучыню Касцёла.
Няхай Пан жніва шчодра адкажа на Вашыя малітвы і пасылае на сваё жніво новых працаўнікоў, здольных нясці святло веры наступным пакаленням.
У гэты ўрачысты дзень жадаем Вам, каб Вашае арцыпастырскае служэнне заўсёды заставалася жывым адлюстраваннем унутранага жыцця Найсвяцейшай Тройцы. Просім Бога для Вас аб патрэбных ласках ў будаванні мясцовага Касцёла як «сям'і сем'яў», дзе кожны вернік знаходзіць сваё месца ў супольнасці веры, надзеі і любові. Няхай пад Вашым кіраўніцтвам архідыяцэзія квітнее духоўна, выяўляючы сінадальную сувязь з Апостальскай Сталіцай і адкрытасць на ўсіх людзей, каб супольнае крочанне шляхам веры прыносіла багаты плён для ўсяго Касцёла ў Беларусі.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Касцёла, і святы Юзаф, Ваш нябесны заступнік і прыклад вернага бацькоўства, нястомна дапамагаюць Вам, умацоўваючы на шляху абвяшчэння радасці Евангелля і сведчання аб жывым Пану.
Ad multos annos!
З сыноўняй адданасцю і дарам малітвы,
дырэктар партала Catholic.by,
разам з супрацоўнікамі рэдакцыі







