Пошук

13.01.2026 21:15   Фота: кс. Анджэй Ганчар / Catholic.by

13 студзеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) узначаліў святую Імшу, якую ён ахвяраваў у інтэнцыі святой памяці ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча ў 35-ю гадавіну яго адыходу да дому нябеснага Айца.

Разам з арцыпастырам цэлебравалі Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Рэйшаль і святары. На Імшы супольна маліліся таксама законныя сёстры і вернікі, сярод якіх найбліжэй прэзбітэрыя знаходзіліся дзеці.

Святая Імша была спалучана са спевам псальмаў з Ютрані за памерлых, які ўзначаліў сакратар арцыбіскупа Кандрусевіча ксёндз Павел Эйсмант.

У гаміліі арцыпастыр прадставіў біяграфію памерлага святара падчас яго служэння ў Адэльску і Жалудку. Іерарх адзначыў, што ксёндз Барташэвіч быў ахвярным пастырам у часы ваяўнічага атэізму, а таксама яго духоўным настаўнікам.

Пасля смерці ксяндза Марціна Пузырэўскага ў 1947 годзе адэльская парафія заставалася без святара ажно да 1955 года, калі туды быў накіраваны звольнены з лагера Чуна ў Іркуцкай вобласці ксёндз Пётр Барташэвіч. Ён адразу звярнуў на сябе ўвагу як чалавек малітвы, добры прапаведнік, чалавек, адкрыты на патрэбы іншых людзей, і апякун моладзі. Вельмі хутка ён стаў «душой» парафіі.

«Да яго цягнуліся ўсе — і стары, і малы. Ён для ўсіх знаходзіў час, за што яго вельмі любілі»,

— падкрэсліў прамоўца.

Дзякуючы ахвярнаму і адкрытаму на ўсіх людзей служэнню ксяндза Пятра Барташэвіча Адэльск, па словах іерарха, хутка ператварыўся ў мясцовы цэнтр каталіцызму, што не падабалася атэістам, і святар быў пераведзены на служэнне ў Жалудок.

На новым месцы яго папулярнасць стала яшчэ большай: да яго пачалі цягнуцца не толькі католікі, але і праваслаўныя. Гэта быў час Другога Ватыканскага Сабору, які, як нагадаў арцыпастыр, стаў рэвалюцыйным як у вучэнні пра Касцёл, так і літургічнай рэформе, дзякуючы чаму ў літургіі пачалі выкарыстоўвацца нацыянальныя мовы. Сабор таксама змяніў адносіны Касцёла да іншых веравызнанняў.

Усё гэта выклікала нямала пытанняў як у святароў, так і вернікаў.

«Ксёндз Барташэвіч адным з першых у Беларусі пачаў уводзіць у пастырскую практыку рашэнні Сабору. У тыя часы ён не цураўся весці дыялог з праваслаўнымі»,

— сказаў арцыбіскуп і падзяліўся наступным успамінам.

Аднойчы, калі ў шпіталі ў Жалудку паміраў праваслаўны, ксёндз Пётр пайшоў да яго, паспавядаў, намасціў алеем хворых і ўдзяліў віятык. Сёння гэта нармальная практыка, але 60 гадоў таму, у часы атэізму, як зазначыў арцыпастыр, было складана ўявіць сабе нешта падобнае.

Шмат увагі руплівы святар прысвячаў катэхізацыі дзяцей і моладзі, што тады было забаронена. Каб вырашыць праблему, ён падчас Імшаў прамаўляў катэхетычныя казанні і такім чынам рыхтаваў дзяцей да першай споведзі і Камуніі.

Клапаціўся ён і пра пакліканні да святарства. За гэты клопат арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уздячны яму асабіста. У тыя складаныя часы менавіта ксёндз Пётр Барташэвіч падтрымаў яго ў прыняцці рашэння пайсці ў семінарыю. «Нялёгка было прыняць такое рашэнне, будучы паспяховым інжынерам і навучаючыся ў аспірантуры», — падкрэсліў ён.

Плебанія ў Жалудку стала месцам частых спатканняў святароў і законных асобаў. Там праводзіліся дні засяроджання і духоўныя практыкаванні. Магчыма, гэта ўсё паўплывала на тое, што сын гэтай зямлі Антоній Ханько, пазнейшы канцлер Гродзенскай дыяцэзіі і пробашч парафіі з касцёлам у цэнтры Гродна, адчуў святарскае пакліканне. Фармацыя да святарства маладога чалавека распачалася ўжо на плебаніі пад кіраўніцтва ксяндза Пятра Барташэвіча, каб потым паспяхова завяршыцца ў Рыжскай духоўнай семінарыі.

Ксёндз Пётр Барташэвіч разам з ксяндзом Юзафам Грасевічам заснавалі патаемную ў тыя часы супольнасць Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці.

У Жалудок на пастырскую практыку таксама накіроўваліся семінарысты, адным з якіх быў цяперашні пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.

«У сваім святарскім служэнні ксёндз Барташэвіч на першае месца ставіў справу абвяшчэння Евангелля, не хаваючы праблем і не ўцякаючы ад іх», — звярнуў увагу прысутных галоўны цэлебрант.

Ён заклікаў вернікаў быць сведкамі хрысціянства згодна з вучэннем Хрыста, каб белае было белым, а чорнае чорным, і такім чынам рэалізавалася Хрыстовае «так — так» і «не — не».

Сваім служэннем ён пакінуў бачны да сённяшняга дня знак вернасці святарскаму служэнню на нашай зямлі. Дзякуючы яму і іншым нешматлікім святарам таго часу вера не толькі захавалася, але і была пераказана маладому пакаленню, каб з новай сілай праявіцца пасля атрымання свабоды веравызнання, якой ён дачакаўся перад смерцю.

Іерарх прывёў словы невядомага паэта, які казаў: «Не час шкадаваць ружы, калі гарыць лес». «Як вядома, лес ачышчае паветра і ператварае вуглякіслы газ у патрэбны для жыцця кісларод. Такім моцным і здаровым лесам быў святой памяці ксёндз прэлат Пётр Барташэвіч», — эмацыйна падкрэсліў ён.

Арцыпастыр нагадаў, што ў Евангеллі Езус кажа пра тое, што Ён з’яўляецца «Дарогай, Праўдай і Жыццём» (пар. Ян 14, 6). «Гэтыя словы нашага Збаўцы былі пуцяводнай зоркай жыцця і служэння ксяндза Пятра Барташэвіча. Ён не шукаў іншай жыццёвай дарогі па-за Хрыстом. Не шукаў іншай праўды, акрамя праўды Евангелля, бо ведаў, што праўда гэтага свету змяняецца, а Божая — застаецца. Ён ведаў, што сапраўднае жыццё — гэта жыццё ў Езусе Хрысце, таму да яго імкнуўся і вёў іншых», — адзначыў ён.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў прысутных браць прыклад з ксяндза Пятра Барташэвіча ў наш час, калі секулярныя тэндэнцыі спіхваюць Бога на перыферыю.

Біблія навучае, нагадаў іерарх, што святой і збаўленнай з’яўляецца малітва за памерлых. Таму вернікі павінны маліцца за сваіх памерлых, асабліва за святароў, якія пасля сябе не пакідаюць сям’і ў звычайным яе разуменні. «Сям’я святара — гэта Божы народ, якому ён служыць і яе маральным абавязкам ёсць маліцца ў яго інтэнцыі», — сказаў ён.

Гамілю арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў словамі:

«Добры Божа, выслухай нашы малітвы і будзь міласэрны да свайго вернага слугі ксяндзя Пятра, і падобна таму як ён вёў людзей да цябе, увядзі яго ў радасць вечнага шчасця ў небе, каб з дому нябеснага Айца нам благаславіў».

Пасля Імшы біскупы і святары адправіліся на мясцовыя могілкі, каб у гэты марозны дзень разам памаліцца за спачылага святара каля яго магілы.

Абноўлена 14.01.2026 15:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа