
Леў XIV адчувае глыбокі смутак і спачуванне ў сувязі з забойствам мансеньёра Асорыу Сітора Афонсу, біскупа Келіманэ і апостальскага адміністратара Бейры ў Мазамбіку.
Як паведаміў кіраўнік Залы друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні ў Telegram-канале, Пантыфік з сумам даведаўся пра «цяжкі акт насілля», у выніку якога загінуў біскуп Келіманэ і апостальскі адміністратар Бейры.
У гэтую гадзіну смутку Папа Леў XIV, які цяпер знаходзіцца з апостальскім візітам у Іспаніі, далучаецца да малітвы вернікаў гэтых дыяцэзій і ўсяго народа Мазамбіка, просячы Пана даць людзям суцяшэнне, агарнуць кожнага чалавека сваёй любоўю і спыніць руку злачынца.
Трагедыя адбылася ў рэзідэнцыі біскупа ў Келіманэ, дзе 7 чэрвеня было знойдзена цела іерарха. Паводле прадстаўнікоў Нацыянальнай службы крымінальных расследаванняў Мазамбіка, біскуп Сітора Афонсу быў смяротна паранены некалькімі стрэламі ў грудзі і сэрца. Следства пакуль не ўстанавіла матывы і абставіны жудаснага злачынства.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Мазамбіка, арцыбіскуп Нампулы мансеньёр Інасіу Саурэ, ад імя мясцовага Касцёла выказаў спачуванні ў сувязі з трагічнай смерці біскупа і заклікаў да веры і братэрскай салідарнасці ў гэты цяжкі час.
Мансеньёр Сітора Афонсу быў генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Мазамбіка, у 2017–2023 працаваў у Секцыі па справах першай евангелізацыі і новых мясцовых Касцёлаў Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Прэзідэнт Мазамбіка Даніэль Франсішку Шапу выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю біскупа, адзначыўшы, што гэтая страта стала непапраўнай не толькі для хрысціянскай супольнасці, але і для ўсёй краіны.






