Пошук

18.03.2021 13:03   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Save the Children International

Міжнародная арганізацыя Save the Children сабрала сведчанні жахлівых злачынстваў, якія здзяйсняюць ісламісты ў Мазамбіку: сведкі казалі, што яны сякуць галовы нават дзецям.

Польская рэдакцыя парталу Vatican News нагадвае, што насілле ў правінцыі Кабу-Дэлгаду не спыняецца з 2017, калі рэгіёнам завалодалі тэрарысты, звязаныя з тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава».

За гэты час яны прымусілі каля 800 тыс. хрысціянаў пакінуць тэрыторыю Кабу-Дэлгаду, якая з’яляецца найбяднейшай і адной з самых адсталых правінцый Мазамбіка.

Тут вельмі высокі ўзровень непісьменнасці і моцны недахоп прадуктаў, хоць гаворка ідзе пра самыя багатыя рэсурсамі землі краіны: золатам, рубінамі і натуральным газам.

«З-за дзеянняў ісламістаў сітуацыя ў рэгіёне склалася вельмі драматычная. Людзі не маюць што есці, не хапае пітной вады і нават асноўных лекаў», — распавёў Ватыканскаму радыё Філіпо Унгара з арганізацыі Save the Children.

«Эскалацыя насілля адбывалася там на працягу апошняга года; паведамляецца пра ўсё большую колькасць нападаў на мірнае насельніцтва. Ісламісты сеюць тэрор дэманстрацыйнымі забойствамі праз адсячэнне галавы. Мы можам гэта пацвердзіць, таму што размаўлялі з сем’ямі бежанцаў.

Адна маці распавяла нам, што бачыла, як ісламісты адсеклі галаву яе 12-гадоваму сыну ў той час, калі яна спрабавала ўратаваць іншых трох дзяцей і хавалася з імі ў лесе, бо іх вёску спалілі, — кажа прадстаўнік арганізацыі па абароне дзяцей. —

Мы ведаем, што, на жаль, таксама дзеці ўсё часцей становяцца ахвярамі жахлівага насілля. Іх гвалтам прымушаюць станавіцца баевікамі, а калі яны супраціўляюцца, іх забіваюць. Разгул насілля паглыбляе беднасць і харчовы крызіс у гэтым і без таго бедным рэгіёне. Насельніцтву Кабу-Дэлгаду пагражае голад, у іх літаральна нічога няма», — сцвярджае Філіпо Унгара.

Жыхароў правінцыі шмат разоў падтрымліваў Папа Францішак, які звяртаўся да міжнароднай супольнасці з заклікам пакласці канец крызісу ў рэгіёне. Падчас свайго падарожжа ў Мазамбік ён звярнуў увагу на праблему раскрадання натуральных рэсурсаў краіны і на цярпенне людзей, якое з’яўляецца вынікам гэтага.

Галоўнай прычынай канфлікту ў Кабу-Дэлгаду з’яўляюцца багацці гэтай зямлі, а ўжо пад гэта падводзяцца ідэалагічныя платформы, каб захапіць кантроь над рэгіёнам.

У снежні Святы Айцец падараваў 100 тыс. еўра на дапамогу бежаннцам. Гэтыя грошы былі прызначаны на будаўніцтва двух медыцынскіх цэнтраў для тых, хто бяжыць ад ісламскіх тэрарыстаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.