Пошук

22.06.2023 11:07   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

13 чэрвеня, у літургічны ўспамін святога Антонія Падуанскага, вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат) дзякавалі Богу за 170 гадоў з часу пабудовы іх парафіяльнай святыні.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, ва ўрачыстасці ўдзельнічала шмат запрошаных гасцей. На яе прыбылі святары, сёстры законныя, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, шматлікія вернікі парафіі і госці з іншых мясцін. Прысутнічалі таксама трое іерархаў: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама абодва дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Святкаванне распачалося з благаслаўлення ўстаноўленай ля касцёла фігуры святога Антонія, культ якога вельмі жывы ў гэтай парафіі, і ўнясення ў святыню яго рэліквій.

Рэліквіі былі перададзены Ордэнам Меншых Братоў Канвентуальных (францішкане) і дастаўлены ў парафію айцом Паўлам Раманчуком OFMConv з Івянца.

Пробашч жалудоцкай парафіі ксёндз канонік Ян Рэйшаль прывітаў усіх прысутных, не хаваючы ўзрушанасці тым, што так шмат людзей захацела ўзяць удзел у гэтай урачыстасці. Святар нагадаў гісторыю парафіі ў Жалудку, якая была заснаваная ў 1490 годзе. Цяперашні касцёл быў пабудаваны ў 1853 годзе і пасвячаны 15 жніўня таго ж года.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, а гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Заклікаўшы вернікаў да радасці з нагоды круглай гадавіны з часу ўзвядзення парафіяльнай святыні, біскуп заахвоціў з пашанаю ставіцца да кожнага Божага дома і наведваць яго часта і ахвотна.

«Хто дапаможа душы атрымаць неацэнны скарб нябеснага шчасця? Святы Касцёл, бо тут у крыніцах хросту мы атрымліваем першапачатковую чысціню душы, а разам з ёй і права на несмяротнае жыццё», — адзначыў іерарх.

Ён нагадаў, што Касцёл прысутнічае ў іншыя важныя для людзей хвіліны: звязвае хрысціянскае сужэнства, праводзіць чалавека ў апошні шлях, а калі нават сотні гадоў праходзяць пасля нашай смерці, «Касцёл не забываецца пра нас: кажа святарам, каб маліліся за супакой душаў».

Біскуп падкрэсліў, што ў сувязі з усім гэтым «Божая святыня зліваецца з нашым жыццём, яна павінна быць дарагой кожнаму, хто залічвае сябе да яе дзяцей».

«Трэба збірацца ў як мага большай колькасці і як найчасцей пад дабрадатным крылом маці — святога Касцёла, і не толькі ў святы і ўрачыстасці, але калі толькі дазваляе час, і старацца святым жыццём дадаваць яму бляску і хвалы», — заўважыў іерарх.

«Давайце падтрымліваць святыні хоць бы маленькім пастаянным добраахвотным ахвяраваннем, давайце падтрымаем іх бляск і аздобу, — сказаў біскуп. — Яна ж створаная пакаленнямі нашых продкаў, якія ў пераважнай большасці былі не багацейшымі за нас. Гэта будзе пахвалой для нас саміх, будзе доказам нашай гарачай веры і будзе нам самім на карысць, таму што якой мерай мы адмяраем Богу, той Ён адмерае нам».

Біскуп заклікаў «любіць Касцёл і святую веру ўсімі сіламі нашых сэрцаў», «верна жыць паводле яго вучэння». «Тады збудзецца для нас тое, што Бог сказаў у Святым Пісанні», — дадаў ён.

Напрыканцы літургіі парафіяне выказалі ўдзячнасць гасцям, якія прыбылі на ўрачыстасць, а біскуп Касабуцкі заахвоціў захоўваць і перадаваць наступным пакаленням скарб веры і любові да Хрыста і Яго Касцёла.

Іерарх пажадаў, каб вера і любоў спадарожнічалі людзям у асабістым і духоўным развіцці, а таксама знайшлі адлюстраванне ў клопаце пра гэты сакральны будынак як бачны знак прысутнасці Хрыста ў жыцці парафіяльнай супольнасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.