Пошук

26.05.2022 13:25   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

25 мая 30-годдзе святарства адзначыў пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія), ганаровы канонік катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра ксёндз Ян Рэйшэль.

Павіншаваць яго з гадавінай святарства ў Жалудок прыбылі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама біскуп Гродненскі Аляксандр Кашкевіч.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, на якой прысутнічалі шматлікія вернікі, сябры, праваслаўныя святары, госці, прадстаўнікі мясцовай улады.

Вітаючы ўсіх сабраных у святыні, ксёндз Ян Рэйшэль падзякаваў ім за прысутнасць, а таксама з удзячнасцю ўзгадаў усіх тых, хто дапамог яму адкрыць пакліканне, рэалізаваць яго і на працягу 30-і гадоў верна несці душпастырскае служэнне. Перадусім святар падзякаваў біскупу Кашкевічу, які 30 гадоў таму ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне, і запрасіў іерарха ўзначаліць цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў круглую гадавіну святарства.

Гамілію на Эўхарыстыі прамовіў біскуп Буткевіч, які звярнуў увагу на асаблівую ролю святара ў свеце. Узгадаўшы віншавальныя словы аднаго з сяброў ксяндза Яна, праваслаўнага святара, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату зазначыў, што святар — гэта перадусім пасрэднік, які яднае людзей з Богам.

«Мы ўсе, святары, маем удзел у пасрэдніцтве, якое здзяйсняе Езус Хрыстус, Сын Божы. Святар — гэта той, хто яднае чалавека і Бога.

Аднак, нягледзячы на сваё асаблівае становішча, кожны святар гэта перш за ўсё чалавек. Чалавек, які павінен станавіцца сапраўдным чалавекам і вучыць іншых быць людзьмі», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату. Ён дадаў, што сучасны свет таксама ставіць на першае месца чалавека, аднак гэты секулярны гуманізм шмат у чым дэфармаваны. «Чалавек праз грэх і нявер’е сам сябе дэфармуе і паволі перастае быць чалавекам, бо гэта гуманізм без Бога; гэта гуманізм, які прапанаваў чалавеку злы дух яшчэ ў райскім садзе: „сам будзеш, як Бог“, і сітуацыя цяпер паўтараецца», — заўважыў біскуп.

Гаворачы пра абавязкі святара ў сучасным свеце, біскуп Буткевіч падкрэсліў, што адказам на такі няправільны сучасны гуманізм павінна быць асоба святара, праз якога Бог паказвае чалавеку сапраўдную чалавечнасць. «Езус Хрыстус паказаў нам сапраўдную чалавечнасць і надалей нам паказвае яе праз сваіх слугаў.

Сёння мы дзякуем Богу за дар паклікання, за дар 30-і гадоў служэння ксяндза Яна, за яго добры прыклад быцця чалавекам — чалавекам Божым», — адзначыў іерарх.

На заканчэнне гаміліі біскуп Алег Буткевіч скіраваў ксяндзу Яну Рэйшэлю шчырыя пажаданні: «Няхай табе, ойча Яне, спадарожнічае Божае благаслаўленне, і праз твае святарскія рукі і праз тваё святарскае сэрца Божая ласка сплывае на нашую зямлю, з якой ты паходзіш і дзеля якой ты служыш.

Няхай для кожнага з нас гэта будзе крыніцай радасці і вялікай удзячнасці Богу, які такім чынам праз сваіх слугаў аказвае сваю любоў і міласэрнасць нашай зямлі», — пажадаў святару кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

         

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа