
24 чэрвеня спаўняецца 25 гадоў святарскага служэння біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB, Старшыні Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, а таксама Адказнаму за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя ККББ кіруе віншаванні юбіляру.
Ваша Эксцэленцыя,
Глыбокапаважаны біскуп Аляксандр!
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і ад усіх вернікаў нашага Касцёла прыміце шчырыя віншаванні з нагоды 25-годдзя з дня Вашага святарскага пасвячэння. Святарскае служэнне — гэта адзін з самых важных Божых дароў які Вы выконваеце ўжо дваццаць пяць гадоў, служачы Богу і людзям.
Паўтараючы за апосталам Паўлам, хочацца разам з Вамі ўзгадаць: «Але маё жыццё для мяне не вартае нічога. Толькі б скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса, каб даць сведчанне пра Евангелле Божай ласкі» (Дз 20, 24).
Шлях служэння — гэта клопат і любоў да кожнага чалавека, за якім стаіць вялікая адказнасць і адначасова невымоўная радасць. У Вашым служэнні адчуваецца праўдзівая вера, глыбокая мудрасць і душэўная цеплыня, якія натхняюць іншых ісці шляхам Хрыста.
У гэтай святой місіі Вы з’яўляецеся прыкладам і натхненнем для святароў і вернікаў, калі, нягледзячы на цяжкасці і выпрабаванні, абвяшчаеце Божае Слова і праслаўляеце Імя Хрыстовае, асабліва на ўмілаванай Вамі Магілёўскай зямлі.
Малюся за Вас і за ўсіх святароў, якія разам з Вамі прынялі святарскае пасвячэнне ў 2000-ым Юбілейным годзе, каб Вашае і іх служэнне было напоўнена Божай ласкай і сілай.
У гэты асаблівы дзень, калі паўсюдны Касцёл адзначае ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, даручаю Вас і вашае служэнне апецы гэтага дастойнага нябеснага заступніка.
З малітвай
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі