Пошук

25.02.2026 21:11   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Першае апостальскае падарожжа Льва XIV у Турцыю і Ліван. Фота: Vatican Media

У Ватыкане быў абнародаваны расклад найбліжэйшых Апостальскіх падарожжаў Льва XIV. Святы Айцец мае намер наведаць Манака, чатыры краіны Афрыкі і Іспанію.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала расклад папскіх падарожжаў 25 лютага 2026 года, праз некалькі дзён пасля афіцыйнага абвяшчэння графіка яго пастырскіх візітаў па гарадах Італіі.

Кароткі візіт у Манака

Першае замежнае падарожжа сёлета Пантыфік здзейсніць у Княства Манака — яно адбудзецца 28 сакавіка, у вігілію Вялікага тыдня. Аднадзённы візіт пройдзе ў адказ на шматлікія запрашэнні ўладаў гэтай невялікай еўрапейскай краіны, дзе каталіцтва з’яўляецца афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй.

Дзесяць дзён на афрыканскім кантыненце

Самым доўгім і складаным стане візіт на афрыканскі кантынент. Дзесяцідзённае падарожжа пройдзе з 13 па 23 красавіка. Спачатку Леў XIV прыбудзе на зямлю святога Аўгустына — у Алжыр, дзе наведае гарады Алжыр і Анабу.

Затым ён паляціць у Камерун, дзе наведае гарады Яўндэ, Баменду і Дуалу. Папа адправіцца ў англамоўную паўночную частку краіны, дзе ўжо дзесяць гадоў ідзе грамадзянская вайна паміж дзяржаўнымі ўзброенымі сіламі і сепаратыстамі.

Пасля Камеруна Пантыфік наведае Анголу з гарадамі Луанда, Мушыма і Саўрыма.

Апошнім этапам падарожжа ў Афрыку стане Экватарыяльная Гвінея — адзіная іспанамоўная краіна кантынента, дзе Папа наведае гарады Малаба, Мангома і Бата.

Пілігрымка ў Мадрыд, Барселону і на Канарскія астравы

З 6 па 12 чэрвеня пройдзе пілігрымка Святога Айца ў Іспанію. Спачатку ён адправіцца ў Мадрыд, а потым у Барселону, дзе ўзначаліць урачыстае адкрыццё новай і самай высокай вежы Базылікі Святой Сям’і.

Візіт пройдзе ў 100-годдзе смерці архітэктара Антоніа Гаўдзі, гераічнасць цнот якога была абвешчана ў мінулым годзе ў рамках яго беатыфікацыйнага працэсу.

З Барселоны Леў XIV адправіцца на Канарскі архіпелаг, дзе наведае астравы Тэнэрыфэ і Гран-Канарыя.

Абноўлена 25.02.2026 22:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.