
9 сакавіка была абнародаваная праграма аднадзённага падарожжа Папы ў Манака. Яно будзе ўключаць сустрэчу з Альберам ІІ, дзеючым правячым князем гэтай дзяржавы, каталіцкай супольнасцю, моладдзю і катэхумэнамі, цэлебрацыю святой Імшы.
Візіт адбудзецца 28 сакавіка. Святы Айцец адправіцца ў падарожжа на верталёце з Ватыкана. Каля 9.00 ён прызямліцца на тэрыторыі мясцовага геліяпорта, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання.
Затым Папа здзейсніць візіт ветлівасці да князя Альбера ІІ, сустрэнецца з мясцовай каталіцкай супольнасцю ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця, а таксама з моладдзю і катэхумэнамі перад касцёлам святой Дэвоты. Кульмінацыяй візіту стане святая Імша на стадыёне Луі ІІ. Пасля цэлебрацыі і цырымоніі развітання Пантыфік вернецца на верталёце ў Ватыкан.
Дэвіз і лагатып падарожжа
Дэвізам пілігрымкі стануць словы Езуса з Евангелля паводле святога Яна: «Я — дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14,6).
У цэнтры лагатыпа падарожжа змешчана чорна-белая выява Льва XIV, які ўсміхаецца і благаслаўляе. Папа апрануты ў літургічнае адзенне з пастаралам у руцэ, што падкрэслівае духоўны і пастырскі характар візіту.
Справа ад выявы Пантыфіка размешчана стылізаваная выява княжацкага палаца ў Манака. Яе жоўты колер разам з агульным белым фонам лагатыпа ўтвараюць вобраз ватыканскага сцяга.




