Пошук

28.03.2026 23:34   Аляксандр Панчанка / Марыя Валодзіна / Фота: Vatican News BY / Паводле: Vatican News BY / Catholic.by

Леў XIV здзейсніў сваё першае ў гэтым годзе Апостальскае падарожжа. 28 сакавіка ён наведаў Княства Манака  самую маленькую пасля Ватыкана дзяржаву ў свеце.

У 7.22 па рымскім часе Пантыфік вылецеў у кірунку Манака верталётам з ватыканскага геліапорта. Палёт працягваўся каля 1 гадзіны 45 хвілін. За гэты час у паветры было пераадолена каля 500 кіламетраў.

На верталётнай пляцоўцы ў Манака, размешчанай на маляўнічым узбярэжжы Міжземнага мора, Святога Айца прывіталі князь Альберт ІІ і княгіня Шарлен, якіх суправаджала ганаровая варта. Пра прылёт Пантыфіка жыхарам краіны абвясцілі залпы гармат і гук званоў касцёлаў.

Падарожжа Льва XIV у Манака праходзіць пад дэвізам «Я дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6).

Княжацкі палац

Першым пунктам Апостальскага падарожжа Папы ў Манака стала рэзідэнцыя княжацкай сям’і. У палацавым дворыку яго цёпла прывітаў князь Альберт ІІ, княгіня Шарлен і іх дзеці.

Пасля ўрачыстай прывітальнай цырымоніі з удзелам ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў Леў XIV і Альберт II правялі кароткую прыватную размову. Затым адбыўся традыцыйны абмен падарункамі і афіцыйная фотасесія.

Адным з дароў, якія князь Альберт ІІ уручыў Папу, было спецыяльнае выданне ілюстраванай кнігі ў скураной вокладцы, прысвечанай продкам Льва XIV з Ментоны і Манака. На яе старонках былі размешчаны генеалагічныя дадзеныя і выявы Манака ў тую эпоху, калі там жылі продкі Святога Айца.

Пантыфік, у сваю чаргу, падарыў Альберту ІІ мазаіку з выявай святога Францішка Асізскага, натхнёную знакамітай фрэскай Чымабуэ, якая знаходзіцца ў ніжняй базіліцы святога Францішка ў Асізі і датуецца апошнімі дзесяцігоддзямі XIII стагоддзя.

«Я дзякую Богу за тое, што Ён даў мне магчымасць наведаць Княства Манака і малюся аб шчодрых дарах міру і хрысціянскага росквіту для княжацкай сям’і, уладаў і грамадзян»,

— напісаў Папа ў кнізе ганаровых гасцей Княжацкага палацу ў Манака.

Катэдра Манака

Пасля візіту ветлівасці да князя Альберта ІІ і прывітання жыхароў краіны Леў XIV прыбыў у катэдральны касцёл Беззаганнага Зачацця ў Манака, дзе яго чакалі мясцовы арцыбіскуп, духавенства, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Сустрэча пачалася супольнай малітвай Літургіі гадзін. У гаміліі Пантыфік заклікаў будаваць адзінства, клапаціцца пра чалавека на кожным этапе яго жыцця і спрыяць грамадскай салідарнасці.

Адзінства і адлюстраванне Божай любові

Гаворачы пра заданне будавання адзінства, Папа нагадаў, што Езус Хрыстус, «заступаючыся за чалавецтва перад Айцом, прымірае нас з Ім і паміж сабой».

«Хрыстус не прыйшоў у свет, каб асудзіць, а каб прынесці нам Яго міласэрнасць, якая ачышчае, аздараўляе, пераўтварае і робіць нас часткай адзінай Божай сям’і»,

— сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што гэта адзінства павінна прысутнічаць у Касцёле, які пакліканы да адлюстравання ў свеце Божай любові да ўсіх людзей.

Бараніць жыццё на кожным этапе

Папа заўважыў таксама, што Касцёл павінен абараняць людзей і дапамагаць ім зразумець «ўласную тоеснасць, значэнне чалавечага жыцця, каштоўнасць адносін і сацыяльнай салідарнасці, галоўную мэту існавання і лёс гісторыі».

«Абвяшчайце Евангелле жыцця, надзеі і любові; нясіце ўсім святло Евангелля, каб абаранялася і падтрымлівалася жыццё кожнага чалавека ад яго зачацця і да натуральнага завяршэння; прапануйце новыя рашэнні, здольныя спыніць наступ секулярызму, які пагражае ператварыць чалавека ў індывідуаліста і будаваць грамадскае жыццё на вытворчасці багацця»,

— сказаў Пантыфік.

Вера, якая прарочыць

Святы Айцец заахвоціў каталіцкую супольнасць Манака пазбягаць рызыкі ператварэння веры ў звычку. «Жывая вера заўсёды прароцкая, яна выклікае пытанне і правакуе: ці сапраўды мы абараняем чалавека? Ці абараняем мы годнасць чалавека, ахоўваючы жыццё на ўсіх яго этапах? Ці сапраўды справядлівая і ўкаранёная ў салідарнасці актуальная эканамічная і сацыяльная мадэль? Ці прасякнута яна этыкай адказнасці, якая дапамагае нам выходзіць па-за “логіку раўназначнага абмену, а таксама прыбытку як адзінай мэты”, каб будаваць больш роўнае грамадства?», прапанаваў задумацца Леў XIV.

Трымаць позірк на Хрысце

«Дарагія, калі трымаем позірк на Езусе Хрысце, нашым заступніку перад Айцом, тады нараджаецца вера, укаранёная ў асабістых адносінах з Ім, вера, якая становіцца сведчаннем, здольным перамяняць жыццё і абнаўляць грамадства», сцвердзіў Папа.

Касцёл святой Дэвоты

Леў XIV сустрэўся з новымі пакаленнямі вернікаў у касцёле святой Дэвоты – нябеснай апякункі Манака, «мужнай дзяўчыны», якая абараняла сваю веру нават да мучаніцкай смерці. «Таксама і сёння вера сустракае выклікі і перашкоды, але нічога не можа зацямніць яе прыгажосць і праўду. Доказам гэтага з’яўляецца ўсё больш людзей розных узростаў, якія жадаюць пазнаць Пана і просяць аб хросце», сказаў Папа.

Трываласць жыццю дае любоў

Адказваючы на пытанне аднаго з маладых людзей пра тое, як жыць у свеце, дзе ўсё вельмі хутка змяняецца, Пантыфік нагадаў, што сапраўдную трываласць жыццю дае любоў: у першую чаргу фундаментальны досвед Божай любові, а потым як яе адлюстраванне асвятляльны і святы досвед любові адзін да аднаго.

Леў XIV заўважыў, што любоў патрабуе вернасці, пастаянства, гатоўнасці да ахвярнасці ў штодзённасці.

«Толькі так наш неспакой атрымлівае суцяшэнне, а ўнутраная пустэча (...) запаўняецца але не матэрыяльнымі і часовымі рэчамі, не віртуальным прызнаннем у выглядзе тысячы “лайкаў” і не ўмоўнымі, штучнымі, а часам нават гвалтоўнымі прывязанасцямі», падкрэсліў Святы Айцец.

Дазволіць Духу Святому весці да сапраўднага шчасця

«Ад усяго гэтага трэба расчысціць дзверы сэрцаў», каб «моцны вецер Духа Святога мог напоўніць ветразі нашага жыцця, штурхаючы яго да сапраўднага шчасця», сказаў Папа, заклікаючы моладзь да малітвы, цішыні і слухання, каб «суцішыць шаленства дзеянняў і слоў, пасланняў, рылсаў і чатаў», а таксама «каб паглыбіць і атрымаць асалоду ад прыгажосці сапраўднага і канкрэтнага быцця разам».

Пантыфік нагадаў моладзі пра каштоўнасць удзелу ў эўхарыстычнай адарацыі, а таксама заахвоціў сузіраць Муку Пана падчас Вялікага тыдня, што дазволіць зазірнуць у сэрца і перагледзець жыццё.

Не бойцеся аддаць усё Богу і іншым

Леў XIV заахвоціў юнакоў і дзяўчат мець мужнасць да самаахвярнасці. «Дарагая моладзь, не бойцеся аддаць усё свой час, свае сілы Богу і братам, цалкам прысвяціць сябе Пану і іншым. Толькі так вы знойдзеце ваша жыццё, якое набудзе новы водар і яшчэ больш глыбокі сэнс. Свету патрэбна ваша сведчанне, каб пераадолець адхіленні нашага часу і адказаць на яго выклікі, а галоўнае каб зноў адкрыць для сябе цудоўны смак любові да Бога і бліжняга», сцвердзіў Леў XIV.

Імша на стадыёне

Затым адбылася святая Імша на стадыёне Луі ІІ у Манака, якую ўзначаліў Пантыфік.

У гаміліі ён спаслаўся на евангельскі ўрывак пра жорсткі прысуд членаў Сінэдрыёна, якія ў той дзень «вырашылі забіць Яго» (Ян 11, 45-57). Езуса асудзілі на смерць пасля таго, як Ён уваскрасіў Лазара  сябра, перад магілай якога Ён плакаў, падзяляючы боль Марты і Марыі.

Смяротны вердыкт быў не выпадковым, а прадуманым рашэннем, выкліканым страхам і палітычным разлікам. Замест таго каб прызнаць у Езусе Месію, першасвятары і фарысеі ўбачылі ў Ім пагрозу: «прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае». Іх погляд настолькі скажоны, што замест таго, каб вяршыць закон, яны парушаюць яго: вырашаюць забіць нявіннага з-за страху згубіць уладу. Але калі людзі забываюць пра закон «Не забівай», Бог памятае пра сваё абяцанне Збаўлення, нагадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што і сёння ў свеце адбываецца тое ж самае. З аднаго боку Божае аб’яўленне, з другога «схаваныя дзеянні магутных уладаў, гатовых бязлітасна забіваць». На іх скрыжаванні стаіць знак Езуса ахвяра жыцця. Уваскрашэнне Лазара становіцца прадвесцем таго, што адбудзецца з Хрыстом: Яго мукі, смерці і Уваскрасення. Сын здзейсніць намер Айца моцай Духа Святога: як напачатку часоў Бог стварыў жыццё з нічога, так і ў паўнаце часоў Ён адкупляе жыццё ў смерці, якая імкнецца знішчыць стварэнне.

Бог ажыццяўляе свой план Збаўлення праз вызваленне і асвячэнне людзей, ведучы іх шляхам навяртання, які перамяняе адносіны з Ім і бліжнімі. Гэтае вызваленне азначае ачышчэнне ад «ідалаў» — усяго таго, што занявольвае сэрца, падкупае і разбэшчвае яго.

Слова «ідал» азначае «маленькая ідэя», «ідэйка», гэта значыць скажоны погляд, які змяншае не толькі веліч Усемагутнага, ператвараючы Яго ў аб'ект, але і чалавечы розум. Таму ідалапаклоннікі бачаць толькі тое, што прыцягвае іх позірк і губляюць здольнасць бачыць глыбей. Нават вялікія і добрыя рэчы гэтага свету могуць стаць ідаламі, калі ператвараюцца ў залежнасць: багацце у прагнасць, улада — у панаванне, прыгажосць — у ганарыстасць, перасцярог Пантыфік. «Бог не пакідае нас у гэтых спакусах. Ён прыходзіць на дапамогу слабому і засмучанаму чалавеку, які лічыць, што ідалы свету ратуюць яго жыццё», сказаў Папа, цытуючы святога Аўгустына, які казаў, што чалавек вызваляецца, калі верыць у Таго, хто паказаў прыклад пакоры (De civitate Dei, VII, 33). Гэты прыклад жыццё Езуса, Бога, які стаў чалавекам дзеля нашага Збаўлення. Замест таго каб караць нас, Ён знішчае зло Сваёй любоўю і здзяйсняе абяцанне: ачышчае людзей, робіць іх сваім народам.

Пан змяняе гісторыю, вядучы нас ад ідалапаклонства да сапраўднай веры, ад смерці да жыцця.

Касцёл у Манака пакліканы сведчыць веру сваёй радасцю і міласэрнасцю. Крыніцай гэтай радасці з'яўляецца Божая любоў: любоў да кожнага чалавечага жыцця: маладога і старога, здаровага і хворага, адзінокага і патрабуючага клопату, нагадаў напрыканцы гаміліі Папа, даручаючы манакаўцаў апецы Панны Марыі.

Завяршэнне Апостальскага падарожжа

Пасля святой Імшы Леў XIV накіраваўся ў геліапорт, дзе прайшла афіцыйная цырымонія развітання. У ёй бралі ўдзел князь Альберт II і княгіня Шарлен.

Пасля кароткай размовы з княжацкай парай і развітання з прадстаўнікамі мясцовых грамадзянскіх і касцёльных уладаў Святы Айцец падняўся на борт верталёта, які ўзняўся ў паветра каля 17.30 па мясцовым часе.

Абноўлена 29.03.2026 01:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця