
17 красавіка ў рамках апостальскага падарожжа ў Афрыку Леў XIV узначаліў урачыстую святую Імшу на стадыёне «Япома» (Japoma Stadium) у камерунскім горадзе Дуала. Затым усе падзеі, звязаныя з падарожжам Пантыфіка, у гэты і наступны дзень развіваліся ў сталіцы краіны Яўндэ.
На Эўхарыстыі ў Дуале сабралася каля 600 тысяч вернікаў. Імша, якая прайшла побач з комплексам футбольнага стадыёна, стала кульмінацыяй яго візіту ў Камерун
У гаміліі, якую Святы Айцец прамовіў на французскай і англійскай мовах, ён звярнуўся да евангельскага ўрыўка пра цуд размнажэння хлеба і рыбы (Ян 6, 1-15). Ён падкрэсліў, што гэтыя словы застаюцца актуальным для ўсяго чалавецтва, у тым ліку і для Касцёла Камеруна.
Пытанне Езуса аб тым, як накарміць людзей, паводле яго, адрасавана кожнаму з нас. «Хрыстус задае гэтае пытанне моцным і слабым, багатым і бедным, маладым і пажылым, таму што ўсе мы адчуваем голад. Гэта нагадвае нам аб тым, што мы жывыя істоты. Нам трэба есці, каб жыць», — сказаў Пантыфік.
Езус дае свой адказ: Ён «узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў» (Ян 6, 11).
Леў XIV патлумачыў, што сапраўдная сіла заключаецца не ў назапашванні, а ў гатоўнасці дзяліцца з іншымі з удзячнасцю за тое дабро, якім Айцец благаславіў увесь народ.
Папа нагадаў, што, акрамя фізічнай ежы, чалавеку патрэбна і духоўная — тая, што ўмацоўвае сумленне і дапамагае перажыць цёмныя гадзіны страху і пакут. Гэта духоўная ежа — Хрыстус, які няспынна падтрымлівае і ўмацоўвае Касцёл, а Эўхарыстыя з'яўляецца крыніцай абноўленай веры, нагадваючы аб тым, што Езус прысутнічае сярод нас.
Пантыфік звярнуўся да моладзі, назваўшы яе «умілаванымі дзецьмі афрыканскага кантынента». Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат развіваць свае таленты з дапамогай веры, настойлівасці і сяброўства, несці сваім блізкім «хлеб жыцця» і адхіляць тое, што пазбаўляе іх годнасці.
Усіх вернікаў Леў XIV заклікаў браць прыклад з першых хрысціян, якія, нягледзячы на цяжкасці і пераслед, смела сведчылі пра Хрыста і нястомна абвяшчалі Евангелле.
«Станьце Добрай навіной для сваёй краіны»,
— сказаў ён.
Пасля святой Імшы ў Дуале Святы Айцец адведаў хворых у мясцовым каталіцкім шпіталі святога Паўла, які ўжо паўстагоддзя служыць важным пунктам падтрымкі для людзей у нястачы. Са шпіталя Леў XIV накіраваўся ў мясцовы аэрапорт, адкуль вылецеў у сталіцу Камеруна — горад Яўндэ, дзе ўвечары сустрэўся з супольнасцю Каталіцкага ўніверсітэта Цэнтральнай Афрыкі.
Апошнім пунктам праграмы візіту Льва XIV у Камерун стала святая Імша, якую ён цэлебраваў 18 красавіка на тэрыторыі аэрапорта ў Яўндэ. У літургіі бралі ўдзел каля 20 тысяч вернікаў.

У гаміліі Святы Айцец заклікаў камерунскіх католікаў захоўваць веру перад абліччам шматлікіх цяжкасцей у асабістым і грамадскім жыцці. Таксама Пантыфік заклікаў іх не паддавацца роспачы і адчаю перад абліччам зла і заўсёды памятаць пра пастаянную прысутнасць Езуса побач, які “мацнейшы за любую сілу зла”, і захоўваць адзінства паміж сабой, асабліва з тымі, хто найбольш пакутуе. Чарговым пастырскім заклікам галавы Каталіцкага Касцёла да Божага статку ў Камеруне быў да спрыяння ў духу адзінства вырашэнню сацыяльных праблем, у прыватнасці звязаных з пытаннямі беднасці і справядлівасці. Урэшце, напрыканцы гаміліі Папа заклікаў вернікаў выкарыстоўваць цяжкасці, якія заўсёды будуць у жыцці, як нагоду для росту ў радасным служэнні Богу і братам, дзяленні, слуханні, малітве і жаданні развівацца разам.







