Пошук

16.04.2026 22:10   Аляксандр Панчанка, Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Catholic.by

Фота: Vatican Media

Раніца 16 красавіка 2026 года ў Камеруне адзначылася для Льва XIV пералётам з Яўндэ ў Баменду. Пасля сустрэчы ў аэрапорце Пантыфік накіраваўся да мясцовай катэдры для працягу візіту. 

Баменда знаходзіцца ў заходняй частцы Камеруна, дзе на працягу амаль дзесяці гадоў працягваюцца баявыя дзеянні паміж урадавымі войскамі і сепаратыстамі, якія імкнуцца да незалежнасці двух англамоўных рэгіёнаў краіны.

Вытокі англамоўнага крызісу ў Камеруне, вядомага таксама як Амбазонская вайна, сягаюць каланіяльных часоў. Камерун, былая нямецкая калонія, пасля Першай сусветнай вайны быў падзелены на дзве часткі: адна знаходзілася пад брытанскім мандатам, другая — пад французскім. Франкамоўная частка атрымала незалежнасць у 1960 годзе, а англамоўная – у 1961 годзе. У тым жа годзе яны аб’ядналіся ў Федэратыўную Рэспубліку Камерун, але ў 1972 годзе федэралізм быў адкінуты на карысць унітарнай дзяржавы. У выніку англамоўнае насельніцтва паступова пачало адчуваць сябе маргіналізаваным і занепакоеным стратай сваёй прававой і культурнай тоеснасці.

Англамоўны крызіс пачаўся ў 2016 годзе са страйку юрыстаў і настаўнікаў, якія выступілі супраць прызначэння франкамоўных суддзяў у англамоўных рэгіёнах. Для падаўлення пратэстаў урад накіраваў вайскоўцаў і спецыяльных службаў. Сутыкненні прывялі да гібелі людзей.

Восенню 2017 года англамоўныя сепаратысты ўзяліся за зброю і абвясцілі аб стварэнні Федэратыўнай Рэспублікі Амбазоніі. Ахвярамі гвалту сталі тысячы людзей, каля аднаго мільёна жыхароў рэгіёна былі вымушаны пакінуць свае дамы. Мірнае пагадненне паміж бакамі не дасягнута да сённяшняга дня. Час ад часу паміж імі адбываюцца перамовы, але без устойлівага выніку. На час візіту Папы сепаратысцкія групоўкі абвясцілі часовае перамір'е.

Папа ў Бамендзе: мы – адна вялікая сям'я, якая жыве ў агульным доме

16 красавіка 2026 года ў рамках апостальскага падарожжа ў Камерун Леў XIV прыняў удзел у сустрэчы ў абарону міру, якая прайшла ў катэдральным саборы святога Юзафа.

Візіт Папы ў гэты рэгіён адбываецца на фоне працяглага крызісу, які пакінуў глыбокія раны ў мясцовым грамадстве. На час прыезду Льва XIV канфліктуючыя бакі дамовіліся аб часовым перамір’і.

Прыбыўшы на месца сустрэчы, Папа разам з мясцовым арцыбіскупам Эндру Нкеа Фуанья наведаў капліцу Найсвяцейшага Сакрамэнту для кароткай малітвы, пасля чаго ўвайшоў у сабор.

Пасля прывітальнага слова арцыбіскупа прагучалі сведчанні прадстаўнікоў розных рэлігійных і грамадскіх супольнасцей — традыцыйнага лідара Манкона, пратэстанцкага пастара, імама, каталіцкай манахіні і сям’і бежанцаў. Яны падзяліліся досведам жыцця ва ўмовах канфлікту і намаганнямі, скіраванымі на дасягненне прымірэння.

Святы Айцец выслухаў сведчанні, пасля чаго звярнуўся да прысутных са словамі падтрымкі і надзеі, адзначыўшы, што, нягледзячы на пакуты, «Бог ніколі не пакідаў нас. У Ім, у Ягоным супакоі, мы заўсёды можам пачаць усё нанова».

Удзячнасць міратворцам

Фота: Vatican Media

Папа падкрэсліў, што прыбыў у Баманду, каб абвяшчаць мір, але ўбачыў, што мясцовыя жыхары самі нясуць гэтае пасланне яму і ўсяму свету. Крызіс у рэгіёне зблізіў хрысціянскія і мусульманскія супольнасці настолькі, што іх рэлігійныя лідары аб’ядналіся і стварылі «Рух за мір», які імкнецца пасрэднічаць паміж супрацьлеглымі бакамі.

«Як бы я жадаў, каб гэта адбылося і ў іншых кутках свету! Шчаслівыя міратворцы!»

— зазначыў Папа, асудзіўшы тых, хто выкарыстоўвае рэлігію і імя Бога ў ваенных, эканамічных і палітычных мэтах.

Святы Айцец выказаў асаблівую ўдзячнасць усім, асабліва жанчынам, як свецкім, так і манахіням, якія дапамагаюць траўмаваным людзям, падкрэсліўшы, што гэта цяжкая, нябачная і небяспечная праца.

«Перавернуты свет» і заклік да братэрства

Фота: Vatican Media

Папа падкрэсліў, што аднаўленне грамадства патрабуе значна больш часу, чым яго разбурэнне. Ён назваў такі стан рэчаў, калі на забойства і спусташэнне трацяцца мільярды долараў, а на лячэнне, адукацыю, рэканструкцыю не знаходзяць рэсурсаў, «перавернутым светам», «скажэннем Божага тварэння», якое патрабуе маральнага асуджэння і навяртання да чалавечага братэрства. Мы – нашчадкі Абрагама, незлічоныя, як зоркі на небе і пясчынкі на марскім пляжы.

Мы — адзін велізарны народ, пакліканы жыць у адзінстве, вітаючы блізкага як брата і сястру.

Ніхто не выбірае братоў і сясцёр, іх трэба толькі прымаць і вітаць. Свет трымаецца дзякуючы незлічонай колькасці салідарных людзей, якія падтрымліваюць адзін аднаго, бо ўсё чалавецтва — адна сям’я, якая жыве ў агульным доме, на гэтай планеце, якую стагоддзямі захоўвалі і шанавалі нашы продкі, — сказаў Леў XIV.

«Ціхая рэвалюцыя» салідарнасці

Фота: Vatican Media

Папа звярнуўся да жыхароў Баменды з заклікам разам служыць міру, падкрэсліваючы, што кожны чалавек мае пакліканне дапамагаць іншым — падтрымліваць, вучыць, благаслаўляць, лячыць і вызваляць. Ён нагадаў, што змены пачынаюцца на мясцовым узроўні з канкрэтных спраў любові да бліжняга. Пантыфік адзначыў, што жыхары рэгіёна ўжо з’яўляюцца сведкамі «ціхай рэвалюцыі» салідарнасці і падзякаваў за міжрэлігійную згоду.

«Як сказаў Імам, дзякуй Богу за тое, што гэты крызіс не перарос у рэлігійную вайну, і што мы ўсё яшчэ спрабуем любіць адзін аднаго!»

— сказаў Святы Айцец, заклікаючы супольнасць ісці наперад з адвагай, не стамляючыся, і заўсёды разам.

Сустрэча завяршылася супольнай малітвай і спевамі. На выхадзе з катэдры Папа разам з прадстаўнікамі супольнасці выпусціў у неба сем белых галубоў — сімвал міру і надзеі.

Леў XIV у Камеруне: не баяцца асуджаць зло, каб змяняць краіну

Фота: Vatican Media

Пантыфік узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі міру і справялівасці. Яна прайшла на тэрыторыі аэрапорта ў горадзе Бамэнда, які Папа наведаў у рамках свайго апостальскага падарожжа ў Камерун. У літургіі бралі ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Звяртаючыся да мясцовых католікаў, Пантыфік падкрэсліў, што прыбыў да іх «як пілігрым міру і адзінства», каб раздзяліць іх шлях, цяжкасці і спадзяванні.

Папа спаслаўся на святочныя і радасныя элементы, уласцівыя літургіі і малітве камерунскіх вернікаў, назваўшы гэтыя асаблівасці знакам іх непахіснай надзеі, даверу і жадання еднасці з Богам, які «глядзіць са спагадай на пакуты сваіх дзяцей».

Пантыфік звярнуў увагу на шматлікія цяжкасці, якія перажывае насельніцтва Камеруна, сярод якіх згадаў беднасць, карупцыю, злоўжыванні ў кіраванні багаццямі, праблемы ў сферы адукацыі і аховы здароўя, міграцыю моладзі.

«Да ўнутраных праблем, часта падсілкаваных нянавісцю і гвалтам, дадаецца таксама зло, прынесенае звонку — тымі, хто дзеля атрымання нажывы працягвае накладаць рукі на афрыканскі кантынент, каб эксплуатаваць і рабаваць яго»,

— дадаў Святы Айцец.

Леў XIV заахвоціў каталіцкую супольнасць Камеруна не апускаць рукі перад абліччам гэтых выклікаў, бо менавіта цяпер настаў час змяніць гісторыю краіны, аднавіць адзінства народа і будаваць грамадства, у якім будуць валадарыць супакой і прымірэнне. У гэтым кантэксце ён заклікаў звяртацца да Божага слова і памятаць, што «Бог чыніць новым усё» і «робіць нас адважнымі людзьмі, якія кідаюць выклік злу і будуюць дабро».

Фота: Vatican Media

Папа падкрэсліў, што «мы бачым гэта ў сведчанні апосталаў», бо калі Пятра і іншых вучняў пераследавалі за публічнае вызнанне веры ў Хрыста, яны адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве» (Дз 5, 29-30).

«Мужнасць апосталаў выяўляецца ў крытычным мысленні, прароцтве, асуджэнні зла — а гэта першы крок, каб змяніць сітуацыю», — падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што «той, хто слухаецца Бога больш, чым людзей», той «нанова знаходзіць уласную ўнутраную свабоду, становіцца здольным разумець каштоўнасць дабра і не скарацца перад злом, адкрываецца на шляхі жыцця, становіцца будаўніком міру і братэрства».

«Браты і сёстры, суцяшэнне для разбітых сэрцаў і надзея на змены ў грамадстве магчымыя, калі давяраем Богу і Яго слову. Аднак мы заўсёды павінны захоўваць у сэрцы і памяці заклік апостала Пятра: слухацца Бога, а не людзей. Слухацца Яго — бо Бог толькі Ён. А гэта запрашае нас прасоўваць інкультурацыю Евангелля і быць пільнымі, каб у нашым рэлігійным жыцці не трапіць у пастку тых шляхоў, дзе каталіцкая вера змешваецца з іншымі вераваннямі і традыцыямі эзатэрычнага і гнастычнага роду, якія на самай справе часта маюць палітычныя і эканамічныя мэты. Толькі Бог вызваляе, толькі Яго слова адкрывае сцежкі свабоды, толькі Яго Дух робіць новымі людзьмі, якія могуць змяніць гэту краіну», — падкрэсліў Пантыфік.

Абноўлена 17.04.2026 00:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.