Апошні дзень падарожжа ў Ліван Папа пачаў з візіту ў каталіцкі шпіталь «De la Croix» у мястэчку Джаль-эд-Дзіб каля Бейрута — адну з найбуйнейшых на Блізкім Усходзе медыцынскіх устаноў для людзей з псіхічнымі разладамі.
«Я рады сустрэцца з вамі. Гэта было маё жаданне, бо тут жыве Езус: як у вас, хворыя, так і ў тых, хто клапоціцца пра вас — у законніцах, урачах, медыцынскіх работніках і ўсім персанале», — сказаў Папа 2 снежня 2025 года, вітаючы супольнасць бальніцы.
Шпіталь заснаваў у 1919 годзе благаслаўлёны айцец Жак Якуб з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Клопат пра хворых ён даручыў законніцам з кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Святога Крыжа, таксама заснаванай ім. На сённяшні дзень у структуры кожны год атрымліваюць дапамогу больш за дзве тысячы чалавек.
Звяртаючыся да медыцынскага персаналу, Пантыфік назваў іх клопат пра хворых датыкальным знакам спагадлівай любові Хрыста і параўнаў іх працу з учынкам евангельскага Добрага Самараніна. Папа заклікаў работнікаў бальніцы не апускаць рукі перад цяжкасцямі і заўсёды мець перад вачыма дабро, якое яны маюць магчымасць учыніць.
Леў XIV адзначыў, што дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў шпіталі, папярэджвае ўвесь Ліван і нават усё чалавецтва, што «мы не можам забываць пра самых слабых, не можам уяўляць грамадства, якое мчыцца на поўнай хуткасці, трымаючыся за фальшывыя міфы дабрабыту і ігнаруючы мноства сітуацый беднасці і ўразлівасці». Святы Айцец заклікаў памятаць, што Евангелле патрабуе ад хрысціян клапаціцца пра бедных, пакуты якіх з’яўляюцца цярпеннямі самога Хрыста.
Пантыфік запэўніў хворых у тым, што яны знаходзяцца ў сэрцы Бога, Які дорыць ім сваю пяшчоту праз рукі і ўсмешкі тых, хто клапоціцца пра іх.
«Кожнаму з вас сёння Пан паўтарае: Я люблю цябе, жадаю табе дабра, ты — маё дзіця. Ніколі пра гэта не забывайцеся!»,
— заахвоціў на заканчэнне сустрэчы Святы Айцец.
Папа ў Порце Бейрута: маўклівая малітва за ахвяр выбуху
![]()
14 жніўня 2020 года тут адбылася двайная катастрофа, якая забрала больш за 200 жыццяў, параніла каля 7 тысяч чалавек і пазбавіла даху над галавой 300 тысяч жыхароў сталіцы. Прычынай стаў нітрат амонію, канфіскаваны яшчэ ў 2014 годзе з кінутага карабля, які захоўваўся без належных мер бяспекі.
Першы, меншы выбух быў ледзь адчувальны, аднак другі ператварыўся ў адну з наймагутнейшых ненуклеарных дэтанацый у гісторыі. Амерыканская геалагічная служба зафіксавала падзею як падземны штуршок магнітудай 3,3 бала.
Мінула ўжо пяць гадоў, але справа застаецца не даведзенай да канца. Нягледзячы на міжнародныя заклікі да незалежнага расследавання, працэс пастаянна натыкаецца на перашкоды. У лютым гэтага года следства аднавілася. Сем’і ахвяр, пацярпелыя і людзі, траўміраваныя гэтай трагедыяй, па-ранейшаму чакаюць праўды і справядлівасці.
Каля мемарыяла загінулым Папу сустрэў прэм'ер-міністр Наваф Салам. Леў XIV спыніўся ў цішыні перад манументам, каб узнесці малітву за тых, хто загінуў у агні і пад руінамі. Ён усклаў кветкавы вянок, пасля чаго асабіста прывітаў сваякоў ахвяр і тых, хто выжыў у той страшны дзень. Гэты кароткі, але глыбокі па змесце візіт стаў сімвалічным жэстам блізкасці Касцёла да людскога болю.
Пасля гэтага шлях Пантыфіка пралёг да набярэжнай Бейрута, размешчанай усяго за два з паловай кіламетры адтуль. Гэтая прыбярэжная зона паміж турыстычнай прыстанню і цэнтрам сталіцы мае адметную гісторыю: яна была створана на штучна насыпанай зямлі з друзу і абломкаў цэнтральных кварталаў, знішчаных падчас грамадзянскай вайны. Сёння гэты раён ператвараецца ва ўзор сучаснага гарадскога развіцця, даючы надзею на адраджэнне шматпакутнага горада.
Імша Льва XIV у Бейруце: сто тысяч галасоў малітвы
![]()
Папа праехаў па набярэжнай Бейрута ў папамабілі сярод 100 тысяч вернікаў, якія сабраліся на малітву, а потым узначаліў Імшу пад адкрытым небам на тэрыторыі Beirut Waterfront, што стала завяршальным этапам яго першага апостальскага падарожжа.
Уступныя абрады распачаліся словамі прывітання мелхіцкага Патрыярха Юсіфа Абсі. Яго зварот, скіраваны да Пантыфіка і сабранай супольнасці, падкрэсліў поўную надзеі значнасць гэтага моманту для Лівана, які перажывае складаныя часы, але не губляе веры. Прысутнасць патрыярхаў розных усходніх традыцый яшчэ раз паказала, што Каталіцкі Касцёл дыхае «двума лёгкімі» — Захаду і Усходу.
Спеў перад чытаннем Евангелля прагучаў па-арабску. Пасля гэтага таксама па-арабску прачыталі ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі (Лк 10, 21-24), дзе Езус узносіць хвалу Айцу і радуецца ў Духу Святым.
Затым Леў XIV прамовіў гамілію, звярнуўшыся да сабранай супольнасці як Наступнік Пятра і Пастыр, які дзеліцца з вернікамі словам суцяшэння і надзеі.
Асаблівага характару набыла малітва вернікаў, якая была ўзнесена на некалькіх мовах: грэчаскай, англійскай, сірыйскай, армянскай, французскай і арабскай. Такім чынам у агульную малітву ўключыліся асноўныя традыцыі, прысутныя ў ліванскім Касцёле і ў шырэйшым кантэксце Блізкага Усходу. Гэтае малітоўнае шматгалоссе стала жывым знакам таго, што адно і тое ж веру Касцёла можна спавядаць у розных мовах і абрадах.
Пасля Імшы картэж Пантыфіка накіруецца ў бок міжнароднага аэрапорта Бейрута, пераадолеўшы каля дзевяці з паловай кіламетраў. Адсюль Святы Айцец вылеціць у Рым, ставячы кропку ў сваім блізкаўсходнім візіце ў Турцыю і Ліван — першым апостальскім падарожжы свайго пантыфікату.




