
Раззброіць мову, прыслухоўвацца да Божага слова і голасу людзей, якія пакутуюць, перажыць час пакаяння ў духу адзінства, — заклікаў Леў XIV у сваім пасланні на Вялікі пост, які распачнецца ў Касцёле 18 лютага 2026 года.
«Вялікі пост — гэта час, калі Касцёл з матчыным клопатам запрашае нас вярнуць таямніцу Бога ў цэнтр нашага жыцця, каб наша вера зноў набыла запал, а сэрца не згубілася сярод штодзённых трывог і таго, што адцягвае нашу ўвагу», — адзначыў Папа ў пасланні на тэму «Слухаць і пасціць. Вялікі пост як час навяртання», якое было абнародавана 13 лютага 2026 года ў Ватыкане.
Пантыфік падкрэсліў, што «кожны шлях навяртання пачынаецца, калі мы дазваляем Божаму слову дасягнуць нас і прымаем яго з паслухмянасцю духа».
«Таму велікапосны шлях становіцца спрыяльнай нагодай, каб прыслухацца да голасу Пана і аднавіць рашэнне ісці за Хрыстом па шляху, які вядзе ў Ерузалем, дзе спаўняецца таямніца Яго мукі, смерці і ўваскрасення»,
— напісаў Святы Айцец.
Слухаць
Леў XIV адзначыў, што сёлета «хацеў бы звярнуць увагу, у першую чаргу, на важнасць стварэння прасторы для Божага слова праз слуханне, бо гатоўнасць слухаць — гэта першы знак, які выяўляе жаданне ўвайсці ў адносіны з іншым».
Пантыфік нагадаў, што слуханне Божага слова ў літургіі вучыць нас больш ўважліва слухаць рэчаіснасць: «сярод мноства галасоў, якія пранізваюць наша асабістае і сацыяльнае жыццё, Святое Пісанне робіць нас здольнымі распазнаваць голас, якія ўздымаецца ад пакут і несправядлівасці, каб ён не заставаўся без адказу».
Пасціць
Папа адзначыў, што прыняццю Божага слова спрыяе пост. «Устрыманне ад ежы з’яўляецца старажытнейшым і незаменным практыкаваннем на шляху навяртання. Закранаючы цела, яно робіць больш відавочным тое, чаго мы «прагнем» і што лічым неабходным для нашага існавання», — нагадаў Леў XIV, адзначаючы таксама, што пост дапамагае ўпарадкаваць «апетыты», захаваць голад і прагу справядлівасці, ператвараючы іх у малітву і адказнасць за іншага, накіроўвае нашы жаданні да Бога і добрых спраў.
«Аднак, каб пост захоўваў сваю евангельскую праўду і быў пазбаўлены спакусы напаўнення сэрца пыхай, ён павінен заўсёды перажывацца з верай і пакорай», — папярэдзіў Пантыфік, заклікаўшы практыкаваць таксама іншыя формы адмаўлення, накіраваныя на прыняцце «больш сціплага ладу жыцця», бо «толькі аскетызм робіць моцным і сапраўдным хрысціянскае жыццё».
«Таму я хацеў бы запрасіць вас да вельмі канкрэтнай і часта недаацэненай формы ўстрымання, а менавіта да ўстрымання ад слоў, якія ўдараюць і раняць бліжняга. Давайце пачнём раззбройваць мову, адмаўляючыся ад вострых слоў, хуткіх суджэнняў, кепскіх слоў, пра тых, хто адсутнічае і не можа абараніць сябе ад паклёпу. Замест гэтага давайце паспрабуем навучыцца ўзважваць словы і развіваць ветлівасць: у сям’і, коле сяброў, на працоўных месцах, у сацыяльных сетках, палітычных дэбатах, сродках камунікацыі, хрысціянскіх супольнасцях. Тады многія словы нянавісці саступяць месца словам надзеі і міру»,
— запэўніў Леў XIV.
Разам
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на супольнаснае вымярэнне Вялікага посту. «Нашы парафіі, сем’і, касцельныя групы і манаскія супольнасці пакліканы прайсці ў Вялікі пост супольны шлях, на якім слуханне Божага слова, а таксама воклічу бедных і зямлі, стане формай супольнага жыцця, а пост падтрымае рэальнае пакаянне», — напісаў Папа.
Спрыяць будаванню цывілізацыі любові
«Дарагія, давайце папросім аб ласцы Вялікага посту, які зробіць наш слых больш уважлівым да Бога і абяздоленых. Давайце папросім аб сіле ўстрымання, што прасяквае таксама і мову, каб было менш слоў, якія раняць, і пашыралася прастора для голасу іншага. І давайце прыкладзём намаганні, каб нашы супольнасці станавіліся месцамі, дзе прымаюць крык тых, хто пакутуе, а слуханне стварае шляхі вызвалення, робячы нас больш гатовымі з руплівасцю будаваць цывілізацыю любові», — завяршыў Леў XIV сваё пасланне на Вялікі пост.






