Леў XIV здзейсніў пілігрымку ў кляштар святога Марона, дзе памаліўся на магіле святога Шарбэля.
У сваёй прамове Святы Айцец падзякаваў манаскай супольнасці за гасціннасць і падкрэсліў, што прыбыў у кляштар як пілігрым. «Думаю, што мае папярэднікі — асабліва святы Павел VI, які беатыфікаваў і кананізаваў святога Шарбэля — вельмі хацелі б зрабіць тое ж самае», — заўважыў ён.
Папа адзначыў, што галоўная спадчына святога Шарбэля, які не пакінуў пісьмовых тэкстаў і вёў замкнёнае і маўклівае жыццё, — гэта яго прыклад. Ён вучыць «тых, хто жыве без Бога, як маліцца, тых, хто жыве ў шуме, як быць маўклівымі, тых, хто жыве напаказ, як быць сціплымі, а тых, хто імкнецца да багацця, як быць беднымі», — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што святы Шарбель ніколі не пераставаў заступацца за людзей перад Нябесным Айцом. Яшчэ пры жыцці ён прымаў людзей, якія прыходзілі па суцяшэнне, прабачэнне і параду Пана, а пасля смерці яго заступніцтва памножылася і стала «ракой міласэрнасці».
«Таму ў 22-гі дзень кожнага месяца тысячы пілігрымаў з усяго свету прыязджаюць сюды, каб правесці дзень у малітве і абнавіць свае душы і цела», — нагадаў Папа.
Леў XIV даручыў заступніцтву святога Шарбэля патрэбы Касцёла, Лівана і ўсяго свету, асабліва молячы аб адзінстве ў Касцёле і аб міры ў Ліване і на Блізкім Усходзе. Ён нагадаў, што сапраўдны мір нараджаецца з навяртання сэрцаў, і папрасіў святога Шарбэля дапамагчы людзям звярнуцца да Бога і атрымаць дар навяртання.
У якасці сімвала святла, якое Бог запаліў праз святога Шарбэля, Папа прынёс у дар кляштару лампаду. Ён даручыў апецы гэтага святога Ліван і яго народ, «каб той заўжды ішоў у святле Хрыста».
«Дзякуй Богу за дар святога Шарбэля! Дзякуй усім вам за захаванне памяці пра яго. Працягвайце ісці ў святле Пана!»
— пажадаў Папа.Папа заахвоціў Касцёл у Ліване несці надзею нават сярод руін
![]()
Пасля малітвы на магіле святога Шарбэля, Леў XIV накіраваўся ў санктуарый Маці Божай Ліванскай у Харысе на сустрэчу з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і душпастырамі.
У сваёй прамове Папа адзначыў, што ліванскі Касцёл з’яўляецца жывым увасабленнем слоў, якія казаў пра ліванцаў Ян Павел II: «Вы нясеце адказнасць за надзею».
Ён падкрэсліў значэнне ліванскіх святыняў, асабліва пячоры святога Шарбэля і санктуарыя ў Харысе, як сімвалаў адзінства ўсяго ліванскага народа. «Малітва — гэта нябачны мост, які злучае сэрцы, дае нам сілы працягваць спадзявацца і працаваць, нават у часы канфліктаў і штодзённых цяжкасцей», — адзначыў Пантыфік.
На думку Папы, з такімі моцнымі і глыбокімі каранямі, як у ліванскіх кедраў, расце любоў і увасабляюцца ў жыццё канкрэтныя справы салідарнасці. У адным з сведчанняў, якое прагучала падчас сустрэчы, гаворка ішла пра Дэбабію, маленькую вёску, дзе служыць айцец Юана. Хрысціяне і мусульмане, мясцовыя жыхары і бежанцы жывуць там разам у згодзе і дапамагаюць адзін аднаму, нягледзячы на выпрабаванні крайняй беднасці і пагрозы бамбардзіровак.
«Сірыйская манета, знойдзеная ў скрыні для ахвяраванняў побач з ліванскімі манетамі, нагадвае нам пра тое, што ў кожнага ёсць што аддаваць і што атрымліваць у любові, і што дарэнне сябе бліжняму ўзбагачае і набліжае нас да Бога»,
— падкрэсліў Пантыфік.
Папа нагадаў пра адказнасць перад моладдзю і заклікаў спрыяць яе прысутнасці і ўдзелу ў касцёльным жыцці, ствараць магчымасці для росту нават у складаных умовах.
На сустрэчы прагучалі таксама сведчанні Ларэн, якая падтрымлівае мігрантаў, і сястры Дзімы, якая ў складаных умовах вучыць дзяцей бежанцаў. Пантыфік заўважыў, што іх натхняльныя прыклады сведчаць аб тым, што нават у самыя змрочныя часы можна ператвараць пакуты ў любоў да Бога і міласэрнасць да бліжняга.
Айцец Шарбель, які нёс служэнне ў турме, казаў, што нават там, дзе ёсць толькі сцены і злачынцы, можна ўбачыць ласку Айца, які ніколі не стамляецца дараваць. Гэтая ласка адлюстроўваецца ў вачах зняволеных, часам страчаных, а часам азораных новай надзеяй. «І гэта праўда: мы бачым адлюстраванне аблічча Езуса ў тых, хто пакутуе, і ў тых, хто залечвае раны, нанесеныя жыццём», — нагадаў Святы Айцец.
Напрыканцы сустрэчы Леў XIV уручыў санктуарыю Маці Божай Ліванскай залатую ружу. Гэты старажытны жэст заклікае нас быць водарам Хрыста (пар. 2 Кар 2:14), — патлумачыў ён. Кажучы пра водар, Папа прыгадаў пах ліванскіх страў — шмат розных водараў, якія разам утвараюць нешта прыемнае і цёплае, як сумесны прыём ежы. «Такі ж і «водар Хрыста» — не нешта дарагое і прызначанае толькі для абраных, а водар багатага стала, да якога запрашаюцца ўсе», — сказаў Леў XIV.
Няхай з Лівана ўзносіцца ў неба малітва за мір
Святы Айцец прыняў удзел у экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэчы, якая прайшла на Плошчы мучанікаў у Бейруце. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі розных рэлігійных супольнасцей Лівана.
Пантыфік адзначыў, што рады магчымасці прысутнічаць на благаслаўлёнай ліванскай зямлі, «праслаўленай прарокамі Старога Запавету, якія бачылі ў яе велічных кедрах сімвал праведнай душы, што квітнее пад пільным поглядам неба».
Святы Айцец падкрэсліў, што мінарэты і званіцы, якія ў Ліване стаяць побач, скіраваныя да неба, «сведчаць пра моцную веру гэтай зямлі і непахісную адданасць яе народа адзінаму Богу».
«Няхай на гэтай дарагой зямлі кожны звон і кожны азан гучаць разам: няхай кожны заклік да малітвы злучаецца ў адзіны гімн, што ўзносіцца не толькі дзеля праслаўлення міласэрнага Стварыцеля неба і зямлі, але і дзеля шчырай просьбы аб Божым дары міру»,
— сказаў Папа.
Леў XIV заўважыў, што на працягу мінулых гадоў свет быў сведкам «цяжкага шляху Блізкага Усходу і няспынных пошукаў каштоўнага дару міру». Паводле яго слоў, нягледзячы на складаныя канфлікты ў рэгіёне, ліванскі народ нагадвае нам пра тое, што недавер і прадузятасць не маюць апошняга слова і паказвае, што мір магчымы.
«Пасярод гэтых цяжкасцей пачуццё надзеі і падтрымкі можна знайсці, калі мы засяродзімся на тым, што нас аб’ядноўвае: на нашай агульнай чалавечнасці і нашай веры ў Бога любові і міласэрнасці», — сказаў Пантыфік, заклікаючы ліванцаў працягваць нястомна сведчыць пра тое, што хрысціяне, мусульмане, друзы і многія іншыя могуць жыць разам, будуючы краіну, аб’яднаную ў павазе і дыялогу.
«Дыялог, натхнёны боскай любоўю, павінен ахопліваць усіх людзей добрай волі і адкідаць забабоны, дыскрымінацыю, пераслед, сцвярджаючы роўную годнасць кожнага чалавека», — сказаў Папа, нагадваючы, што сутнасцю міжрэлігійнага дыялогу з’яўляецца «адкрыццё прысутнасці Бога па-за ўсякімі межамі і заклік шукаць Яго разам з пашанай і пакорай».
Святы Айцец заўважыў, што сімвалам Лівана з’яўляецца не толькі кедр, але таксама шматлікія аліўкавыя дрэвы — сімвал прымірэння і супакою.
«Іх доўгае жыццё і надзвычайная здольнасць квітнець нават у самых складаных умовах сімвалізуюць вытрываласць і надзею, а таксама адлюстроўваюць непарушную прыхільнасць, неабходную для падтрымкі мірнага суіснавання»,
— сказаў Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Леў XIV заклікаў ліванцаў ва ўсім свеце працягваць спаўняць сваё пакліканне будаваць мір, супрацьстаячы нецярпімасці, пераадольваючы гвалт, адкідаючы адчужэнне і паказваючы шлях да справядлівасці для ўсіх.
Папа – моладзі: дапамажыце свету расквітнець надзеяй
![]()
«Змяняць рух гісторыі, перамагаючы зло любоўю», — заклікаў Леў XIV моладзь, з якой сустрэўся ўвечары на плошчы перад Мараніцкім Антыяхійскім Патрыярхатам у горадзе Бкерке ў Ліване.
Пантыфік падзякаваў моладзі за цёплы прыём, асаблівым чынам вітаючы юнакоў і дзяўчат з Сірыі і Ірака, а таксама з іншых рэгіёнаў Лівана. «Assalamu lakum» («Супакой вам!»), — сказаў па-арабску Святы Айцец.
Папа назваў «светлымі зоркамі ў цёмнай ночы» сведчанні мужнасці, надзеі і міру пасярод цяжкасцей і канфліктаў, якімі некалькі маладых людзей падзяліліся на пачатку сустрэчы. Леў XIV заклікаў не апускаць рукі перад абліччам войнаў і сацыяльнай несправядлівасці, якія знявечваюць свет, заклікаўшы моладзь змяняць рух гісторыі, перамагаючы зло дабром і захоўваючы надзею.
- Перамагаць зло дабром
«У вас ёсць час! У вас ёсць больш часу, каб марыць, планаваць і рабіць дабро. Вы – сучаснасць, і будучыня ўжо ў вашых руках. У вас ёсць энтузіязм, каб змяніць рух гісторыі», — падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы, што па-сапраўднаму супрацьстаяць злу можна не злом, а толькі любоўю, «здольнай гаіць нашы ўласныя раны, калі мы клапоцімся пра раны іншых».
- Чэрпайце з добрых каранёў
Леў XIV звярнуў увагу на сумленную працу многіх людзей, якія спрыяюць міру ў ліванскім грамадстве, заклікаўшы моладзь браць з іх прыклад. «Чэрпайце з добрых каранёў намаганні тых, хто служыць грамадству, а не выкарыстоўвае яго для ўласных інтарэсаў. Праз велікадушныя высілкі на карысць справядлівасці разам будуйце будучыню міру і развіцця. Будзьце лімфай надзеі, якой чакае краіна!» — заахвоціў Пантыфік.
- Без прабачэння няма справядлівасці і міру
Папа заклікаў моладзь мець давер да Хрыста і нагадаў, што сапраўдны мір наступае «калі робім іншым тое, што хацелі б, каб іншы зрабіў нам». «Святы Ян Павел ІІ казаў, што «няма міру без справядлівасці, а справядлівасці няма без прабачэння». Менавіта так: з прабачэння нараджаецца справядлівасць, якая з’яўляецца асновай міру», — дадаў Святы Айцец.
- Сапраўдная любоў не можа быць часовай
Пантыфік заахвоціў юнакоў і дзяўчат будаваць трывалыя адносіны, падкрэсліўшы, што любоў і бескарыслівасць з’яўляюцца для іх неад’емнымі патрабаваннямі.
«Калі ў цэнтры сяброўства ці любові знаходзіцца наша эга, гэтыя адносіны не могуць быць плённымі. Таксама мы не любім па-сапраўднаму, калі любім толькі часова, толькі пакуль захоўваецца пачуццё. Любоў, абмежаваная часам, гэта любоў, абмежаваная якасцю»,
— сказаў ён, падкрэсліўшы, што сапраўдная сяброўства пачынаецца тады, калі «ты», становіцца вышэй за «я».
- Будуйце лепшы свет
Святы Айцец заўважыў, што менавіта любоў найлепшым чынам выяўляе прысутнасць Бога ў свеце. «Любоў прамаўляе на мове, зразумелай усім, бо прамаўляе да кожнага сэрца. Яна не з’яўляецца ідэалам, а гісторыяй, адкрытай у жыцці Езуса і святых, якія з’яўляюцца нашымі спадарожнікамі сярод жыццёвых выпрабаванняў. Глядзіце, у прыватнасці, на шматлікіх маладых людзей, такіх як вы, якія не апусцілі рукі перад абліччам несправядлівасці і анты-сведчання, якое атрымалі таксама ў Касцёле, але паспрабавалі пракласці новыя шляхі, шукаючы Божага Валадарства і Яго справядлівасці. З дапамогай сілы, якую атрымліваеце ад Хрыста, будуйце лепшы свет у параўнанні з тым, які атрымалі», — заклікаў Папа, падкрэсліўшы, што «сапраўднае абнаўленне, якога прагне маладое сэрца, пачынаецца са штодзённых жэстаў: прыняцця бліжняга і далёкага, рукі, працягнутай сябру і бежанцу, з цяжкага, але абавязковага прабачэння ворага».
- Дапамагаць свету расквітнець надзеяй
Леў XIV заклікаў моладзь рабіць дабро і несці мір у свет, будучы кантэмплятыўнымі, як святы Шарбэль: маліцца, чытаць Святое Пісанне, удзельнічаць у святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
«Дарагая моладзь Лівана, расціце моцнымі, як кедры, і дапамагайце свету расквітнець надзеяй»,
— завяршыў сваю прамову Папа.




