Пошук

29.01.2026 12:03   Тэкст: Romy Haber / EWTNNEWS / Пераклад і адаптацыя: catholic.by

Кляштар святога Марана ў Анаі. Фота: Vatican Media

З пачатку 2026 года былі зарэгістраваныя два новыя цуды, якія прыпісваюцца святому Шарбэлю Маклуфу: адзін у Злучаных Штатах і адзін у Ліване, — кожны звязаны з аздараўленнем насуперак усім чаканням лекараў.

Шанаваны вернікамі як «нябесны лекар», святы Шарбэль, ліванскі манах-мараніт і святар, у цяперашні час вядомы больш чым 30 000 зарэгістраванымі цудамі. Ад манаскай пустэльні ў гарах Лівана да шпітальных палат на розных кантынентах яго заступніцтва працягвае дасягаць тых, хто мае патрэбу, пераадольваючы межы, культуры і пакаленні.

Выпадак аздараўлення ў Злучаных Штатах

Адвакат Джорджыян Уокер (нарадзілася ў 1975 годзе ў Саўт-бэндзе ў штаце Індыяна), паведаміла, што ў снежні 2024 года яна перанесла аперацыю на брушной поласці і гэта мела наступствы ў выглядзе інфекцыі ў ніжняй частцы жывата. Інфекцыя выклікала моцны боль і пастаянны неспакой, спатрэбілася шасцітыднёвае лячэнне антыбіётыкамі. Хоць сімптомы паступова праходзілі, хірургічная рана заставалася адкрытай, запаленай і не загойвалася.

Нягледзячы на дбайнае назіранне хірурга і іншых медыцынскіх работнікаў, стан раны не паляпшаўся. На працягу дзесяці месяцаў Уокер штодня мяняла павязкі з-за працяглага крывацёку. Не дабіўшыся прагрэсу, хірург у канчатковым выніку прыйшоў да высновы, што неабходная паўторная аперацыя па выдаленні запаленых тканак, і прызначыў новую аперацыю.

Па словах Уокер, у верасні 2025 года яе наведаў Джордж Іса, ліванскі сябар, які вылечыўся дзякуючы заступніцтву святога Шарбэля Маклуфа тры гады таму. Іса прынёс з сабой маленькую бутэлечку з алеем, звязаным са святым, і заклікаў яе памаліцца аб яго заступніцтве і памазаць рану гэтым алеем. Выкарыстанне асвячанага алею здаўна з’яўляецца пастаяннай практыкай ва ўсходнехрысціянскай традыцыі.

У выпадку святога Шарбэля гэты старажытны звычай па-ранейшаму захоўваецца. Манахі кляштара святога Марана ў Анаі працягваюць асвячаць алей з выкарыстаннем рэліквій святога Шарбэля і раздаваць яго вернікам, якія просяць заступніцтва аб аздараўленні і іншых ласках.

Уокер распавяла, што памалілася і нанесла алей на рану, пасля чаго яна цалкам зажыла.

Жанчына паведаміла аб поўным выздараўленні і больш не мела патрэбы ў планавай аперацыі. Яна сказала, што верыць у тое, што аздараўленне адбылося дзякуючы заступніцтву святога Шарбэля, і выказала падзяку як святому, так і сябру Ісе за лёсавызначальную падзею. Аздараўленне было афіцыйна зарэгістраванае 17 студзеня.

Аздараўленне без медыцынскага тлумачэння ў Ліване

Аб другім вядомым цудзе гэтага года распавяла Раша Шарбэль (невядомая сваячка святога Шарбэля), якая нарадзілася ў 1987 годзе ў Джэзіне, горным мястэчку на поўдні Лівана. Раша была шпіталізаваная 1 кастрычніка 2025 года пасля адчування моцнага болю ў спіне. Магнітна-рэзанансная тамаграфія, праведзеная пад наглядам яе лекара, доктара Крысціяна Атыя, спецыяліста ў галіне нейрахірургіі і сасудзістай хірургіі, выявіла пухліну на пазваночніку, ідэнтыфікаваную як менінгіёма, даўжынёй 2,3 сантыметра і таўшчынёй 0,3 сантыметра.

Па словах яе лекара, пухліна не паддавалася медыкаментознаму лячэнню, уяўляла небяспеку для спіннамазгавых нерваў і крывяносных сасудаў і патрабавала хірургічнага ўмяшальніцтва. Праз тры месяцы была прызначаная паўторная магнітна-рэзанансная тамаграфія для назірання за прагрэсаваннем захворвання, а на выпадак неабходнасці хірургічнага ўмяшальніцтва была прызначаная папярэдняя дата шпіталізацыі — 7 студзеня 2026 года.

Раша паведаміла, што ў ноч на 6 студзеня перад сном яна паклала руку на выяву святога Шарбэля, якая вісела над яе ложкам, і папрасіла аздараўлення.

Раніцай 7 студзеня яна вярнулася ў шпіталь для паўторнай магнітна-рэзананснай тамаграфіі. Ёй паведамілі, што абследаванне зойме каля 45 хвілін і пры неабходнасці можа працягнуцца даўжэй. Сканаванне было завершанае прыкладна праз 20 хвілін і паказала нечаканы вынік: пухліна цалкам знікла.

Са слоў Рашы, яе лекар сказаў ёй, што няма ніякага медыцынскага тлумачэння гэтаму знікненню і што такая пухліна не можа знікнуць без хірургічнага ўмяшальніцтва.

17 студзеня Раша Шарбель наведала ў якасці падзякі кляштар святога Марана ў Анаі, дзе яна афіцыйна зарэгістравала сваё аздараўленне і прадставіла адпаведныя медыцынскія заключэнні. Пазней яна заявіла, што гэты выпадак стаў паваротным момантам у яе жыцці і ўмацаваў яе веру.

Святы і «рака міласэрнасці»

Ліванскі святы, святар і манах-пустэльнік мараніцкага абраду, быў шырока вядомы дзякуючы заступніцтву, якое прыпісваецца яму католікамі, мусульманамі і паслядоўнікамі іншых рэлігій, такіх як друзы. Святы Шарбэль памёр 24 снежня 1898 года. Ён быў беатыфікаваны Папам святым Паўлам VI 5 снежня 1965 года і кананізаваны тым жа Пантыфікам 9 кастрычніка 1977 года.

У снежні 2025 года Папа Леў XIV стаў першым папам, які наведаў магілу святога Шарбэля падчас свайго падарожжа ў Ліван.

Падчас візіту Папа назваў заступніцтва святога «ракой міласэрнасці», нагадаўшы, у прыватнасці, аб штомесячнай пілігрымцы, якая праводзіцца 22 чысла кожнага месяца ў памяць аб цудзе, які адбыўся з жанчынай па імені Нухад эль Шамі*, і нязменна прыцягвае тысячы пілігрымаў.

Папа Леў XIV на магіле святога Шарбэля. Фота: Vatican Media

* Самы знакаміты цуд святога Шарбэля — аздараўленне ліванкі Нухад эль Шамі ад геміплегіі, цяжкага неўралагічнага захворвання ў выглядзе паралічу адной паловы цела. У ноч на 22 студзеня 1993 года жанчыне ў сне з’явіліся два мараніцкія манахі, адзін з якіх паклаў руку на шыю, каб правесці працэдуру, а другі падклаў падушку пад спіну, каб аблегчыць боль. Зранку жанчына выявіла два доўгія хірургічныя шрамы з абодвух бакоў шыі і змагла бесперашкодна рухацца. Наступнай ноччу ёй прысніўся святы Шарбэль, які сказаў: «Я здзейсніў аперацыю, каб людзі ўбачылі і вярнуліся да веры. Прашу цябе наведваць маю пустэльню ў Анаі 22-га чысла кожнага месяца і рэгулярна ўдзельнічаць у святой Імшы да канца жыцця». Другі манах быў ідэнтыфікаваны як святы Маран.

Абноўлена 29.01.2026 12:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.