Пошук

27.11.2025 16:35   Аляксандр Амяльчэня / Паводле: www.vaticannews.va / Фота: ANSA, AFP or licensors
Леў XIV сустрэўся з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам (ANSA)

У Анкары адбылася афіцыйная цырымонія прывітання Папы. У Прэзідэнцкім палацы, пад гукі гімнаў і гарматныя залпы, Леў XIV сустрэўся з лідарам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Візіт Пантыфіка набыў сапраўдную ўрачыстасць, калі картэж наблізіўся да Прэзідэнцкага палаца. Адметнасцю цырымоніі стала тое, што да галоўнай брамы рэзідэнцыі Папу суправаджаў ганаровы эскорт кавалерыі. Ля ўваходу высокага госця асабіста сустрэў Прэзідэнт Рэспублікі, пасля чаго абодва лідары падняліся на подыум.

Пратакол сустрэчы падкрэсліваў значнасць падзеі: прагучалі дзяржаўныя гімны, быў дадзены салют з 21 гарматнага залпу, а Ганаровая варта аддала пашану сцягам. Пасля прадстаўлення афіцыйных дэлегацый і традыцыйнага фота ля ўваходу ў палац, Леў XIV і Прэзідэнт Эрдаган накіраваліся ўнутр будынка.

Падчас візіту Папы да Прэзідэнта Турцыі (AFP or licensors)

Леў XIV уручыў кіраўніку дзяржавы сімвалічны дар — плітку з выявай медаля, створанага з нагоды гэтага візіту.  

У цэнтры кампазіцыі, аўтарам якой з’яўляецца Амалія Містыкелі, знаходзяцца постаці мараніцкага святога Шарбэля і апостала Андрэя. Побач з імі размешчаны сімвалы мясцін, якія Пантыфік наведвае падчас свайго падарожжа: ліванскі санктуарый Маці Божай у Харысе, ліванскі кедр і мячэць Султана Ахмеда.

Асаблівую ўвагу прыцягвае тое, што мінарэты знакамітай стамбульскай мячэці выяўлены побач з хрысціянскай званіцай, і гэта, паводле апісання, падкрэслівае важнасць дыялогу паміж рэлігіямі.

На верхняй частцы медаля змешчаны лацінскі надпіс «TVRCIAM ET LIBANVM VISIT»  спасылка на апостальскае падарожжа, якое ўключае Турцыю і Ліван. Унізе ўказана яго дата, з 27 лістапада па 2 снежня 2025 года, а таксама адмысловая памятная дата 1700-годдзе Першага Нікейскага Сабора.

Леў XIV уручыў кіраўніку дзяржавы сімвалічны дар – плітку з выявай медаля, створанага з нагоды гэтага візіту

Другая частка візіту прайшла ў больш камернай абстаноўцы. На другім паверсе палаца адбылося фатаграфаванне з турэцкай і ватыканскай дэлегацыямі, пасля чаго лідары ўвайшлі ў Кабінет Прэзідэнта для прыватнай размовы.

Сустрэча завяршылася знаёмствам Папы з сям'ёй турэцкага лідара і сумесным фота.

Пасля гэтага картэж Пантыфіка накіраваўся ў Нацыянальную бібліятэку для сустрэчы з прадстаўнікамі ўладамі, дыпламатамі і грамадзянскай супольнасцю.

Абноўлена 28.11.2025 09:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа