Пошук

17.06.2024 05:15   Паводле: Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота ave-maria.by

«Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці» — у гэтых словах змяшчаецца ідэя пераважнай большасці матэрыялаў з новага, чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria».

У анонсе, пададзеным на сайце выдання ave-maria.by перадусім нагадваецца, што месяц чэрвень у Каталіцкім Касцёле прысвечаны асабліваму ўшанаванню Божага Сэрца, і рэдакцыя разам з аўтарамі запрашае чытачоў паразважаць над Яго бязмежнаю міласэрнасцю і ўсемагутнасцю, айцоўскаю чуласцю і веліччу.

На старонках новага нумара змешчаны матэрыялы, прысвечаныя гістарычным і святочным падзеям у Каталіцкім Касцёле Беларусі.

У артыкуле «Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям» апавядаецца пра біскупскае пасвячэнне каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя. У часопісе падаецца таксама геральдычнае апісанне герба новага іерарха. Чытачы знойдуць рэпартаж «Захавай нас, Пане, у Тваім міласэрным Сэрцы…» пра сустрэчу ўдзельнікаў касцёльных рухаў у Будславе і прысвячэнне іх Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса; артыкул ксяндза Андрэя Рылкі «Наследаваць Апостала Палесся» пра ўрачыстасці ў Іванаве, прысвечаныя ўшанаванню святога Андрэя Баболі; а таксама віншаванні з юбілейнымі датамі, адрасаваныя вернікамі біскупу Казіміру Велікасельцу, святарам Паўлу Врубелю, Андрэю Жылевічу, Юрыю Кулаю OCD.

У артыкуле «Кананізацыя злачынцы» з рубрыкі «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD дзеліцца з чытачамі разважаннямі пра тое, якім чынам у нялёгкіх, драматычных жыццёвых сітуацыях можна распазнаць найвышэйшыя каштоўнасці і праз давер да Сэрца Езуса скіравацца да Вечнага Дабра.

«Ці дзейнічае благаслаўленне праз інтэрнэт?» — на такое пытанне ў аднайменным артыкуле адказвае ксёндз Андрэй Рылка, разважаючы пра асаблівасці анлайн-камунікацыі вернікаў са святаром на супольнай малітве.

Глыбей пазнаёміцца з культам Найсвяцейшага Сэрца Езуса чытачам дапаможа таксама матэрыял, падрыхтаваны Крыстынай Лялько, якая прапануе ўрыўкі з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай, прысвечаныя гэтаму «палымнеючаму вогнішчу міласці» (публікацыя «Да Сэрца літасцівага Твайго…»); артыкул Іны Бігель «З гісторыі абраза Сэрца Езуса», Ірыны Дзенісенка і Алены Прыгара «Крочым да святыні» (пра служэнне ў Будславе ксяндза Станіслава Жука і гісторыю ўзнікнення абраза, перад якім адбудзецца ўрачыстае прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса).

Чытачоў таксама чакаюць іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Старонка псіхолага», «На кніжнай паліцы», «Сведчанне», рэпартажы, духоўныя разважанні, паэтычныя творы.

На старонках вокладкі змешчаны «Парадак інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў сям’і».

Абноўлена 18.06.2024 08:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа