
Роўна праз год сталіца Паўднёвай Карэі прыме маладых каталікоў з усяго свету — Сусветныя дні моладзі адбудуцца ў Сеуле з 3 па 8 жніўня 2027 года. Пра арганізацыйныя абставіны будучай сустрэчы з Папам распавёў у інтэрв’ю нямецкай рэдакцыі «Vatican News» Аляксандр Ботэ, супрацоўнік Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Як адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, падрыхтоўка да гэтай выдатнай падзеі ўжо дасягнула найвышэйшага напружання. Сеульская архідыяцэзія на чале з арцыбіскупам Петэрам Сун Тэк Чонам у цесным супрацоўніцтве з Ватыканам і мясцовым аргкамітэтам імкнецца гарманічна спалучыць веліч касцёльных традыцый з карэйскый крэатыўнасцю.
Каталіцкая супольнасць у Паўднёвай Карэі няшматлікая, аднак арганізатары з усёй адказнасцю падыходзяць да дыялогу з дзяржаўнымі ўстановамі і прадстаўнікамі іншых веравызнанняў. Духоўным фундаментам маючага адбыцца форуму стане мучаніцкая спадчына Карэі.
Сярод нябесных апекуноў Сусветнага дня моладзі — першы карэйскі святар і мучанік святы Андрэй Кім Тэагон (1821–1846), чыё сведчанне веры працягвае натхняць новыя пакаленні.
Пілігрымы, якія прыбудуць на сустрэчу з Пантыфікам, не толькі далучацца да агульнай малітвы і ўдзелу ў сакрамэнтальным жыцці Касцёла, але і змогуць дакрануцца да сучаснага аблічча Карэі — ад сусветна вядомага феномена K-pop да традыцыйных асаблівасцяў штодзённасці, як, напрыклад, адмысловыя зоны ў метро для розных катэгорый пасажыраў.
Паводле ацэнак касцёльных улад і аргкамітэта, заключная Імша можа сабраць адзін мільён ўдзельнікаў.
Аляксандр Ботэ прызнаў, што сучасныя геапалітычныя выклікі ствараюць перашкоды для ўдзелу моладзі з асобных краін. Але, успамінаючы чуванні падчас Юбілею моладзі ў рымскім раёне Тор Вергата 2–3 жніўня 2025 года, ён выказаў цвёрдую надзею, што сеульскія Дні моладзі і сустрэча з Львом XIV прынясуць маладым католікам не менш багаты духоўны плён.







