
3 жніўня 2026 года, роўна за год да пачатку цэнтральных урачыстасцей, арганізатары Сусветных дзён моладзі ў Паўднёвай Карэі афіцыйна прадставілі галоўную музычную тэму будучага форуму. Разам з гімнам быў прэзентаваны і яго відэакліп, які праз вобразы мучанікаў і гістарычных святынь раскрывае духоўную глыбіню песні. Прэзентацыя адбылася ў Сеуле і стала важнай духоўнай заявай напярэдадні сустрэчы, якую чакаюць маладыя католікі з усяго свету.
Гімн атрымаў назву Confidite, Ego Vici Mundum, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «Адвагі! Я перамог свет». Гэтыя словы, узятыя з Евангелля паводле святога Яна (Ян 16, 33), былі абраныя Святым Айцом Львом XIV у якасці лейтматыву сустрэчы. Менавіта яны стануць духоўным імпульсам, які аб’яднае маладых пілігрымаў у сталіцы Паўднёвай Карэі з 3 па 8 жніўня 2027 года.
Музычнае вызнанне надзеі
Аўтарам кампазіцыі стаў малады карэйскі музыкант Фрэнсіс Джыюн Кім, чыю працу адабралі сярод 434 заявак. Твор быў зацверджаны ў Ватыкане Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Гімн прадстаўлены ў дзвюх музычных аранжыроўках. Першая, сімфанічная, уяўляе сабой класічную гармонію з гукам традыцыйных карэйскіх інструментаў — каягым, хэгым і сагым. Другая версія выканана ў сучасным стылі K-pop з элементамі музыкі пунмуль, дзе гучаць тхэпхёнсо і традыцыйныя ўдарныя: чангу, пук, чын і кквэнгвары. Такое спалучэнне заходняй гармоніі і карэйскіх матываў дэманструе еднасць Касцёла, які не мае нацыянальных межаў і адначасов шануе мясцовую культуру.
Сімвалізм гімна: голас Евангелля ў сучасным свеце
Тэкст песні выконваецца на шасці мовах з лацінскім прыпевам і упэўнена сцвярджае: «Вы — святло свету; асвятляйце шлях адзін аднаму», а водгукам гучыць малітва «Хай будзе воля Твая». Гэтыя словы становяцца галоўнай яднальнай ідэяй усёй падрыхтоўчай пілігрымкі.
Асобнай увагі заслугоўвае сэнсавае напоўненне назвы гімна — Confidite, Ego Vici Mundum. Гэта цытата з развітальнай прамовы Езуса да вучняў, якая гучыць як абвяшчэнне ўжо здзейсненай перамогі Збаўцы.
Гімн становіцца не проста песняй, а малітоўным сімвалам сустрэчы неба і зямлі, Бога і чалавека, заходняй і ўсходняй духоўнасці. Адзін з куплетаў гімна нагадвае Евангелле святога Мацвея (Мц 5, 14):
«Вы — святло свету, асвятляйце адзін аднаму дарогу». Гэты заклік, узяты з Казання на гары, робіць кожнага ўдзельніка не проста гледачом, а актыўным хрысціянінам.
У кантэксце Сусветных дзён моладзі тэкст гімна скіраваны да маладога чалавека, які часта сутыкаецца з адчуваннем няўпэўненасці і самотнасці. Праз гімн Касцёл нагадвае, што надзея мае трывалую аснову, бо грунтуецца не на чалавечых сілах, а на ўваскрасенні Хрыста.
Візуальнае сведчанне веры
Відэакліп, які суправаджае гімн, паглыбляе гэтае пасланне. Ён праводзіць гледача па шляху карэйскіх мучанікаў праз значныя месцы сведчання: святыні Сеосомун і Сэнамтхо, а таксама месца катаванняў святога Андрэя Кім Таэгона (1821–1846) — першага карэйскага святара і мучаніка, які з’яўляецца адным з нябесных заступнікаў Сусветнага дня моладзі ў Сеуле 2027.
У відэа таксама паказаны касцёл Кахэ-дон, дзе ў 1795 годзе была цэлебравана першая Імша, першая каталіцкая святыня ў заходнім стылі ў сталіцы — касцёл Якхён, а таксама панарамныя віды Кванхвамуна і традыцыйнай вёскі Букчон-ханок уздоўж ракі Хан. Гэтыя кадры нагадваюць, што вера ў Паўднёвай Карэі мае глыбокія гістарычныя карані.
Традыцыйна моладзевая пілігрымка падзелена на два этапы. За тыдзень да галоўных мерапрыемстваў форума ўдзельнікі наведаюць розныя карэйскія дыяцэзіі, каб глыбей пазнаць мясцовую Касцёльную традыцыю, культуру і духоўнасць карэйскага народа.
Азія прымае Сусветныя дні моладзі другі раз у гісторыі. Католікі ў Паўднёвай Карэі складаюць каля 12% насельніцтва. Удзел у форуме пацвердзіў папа Леў XIV — гэта будзе яго чацвёрты візіт у краіну. Да гэтага Паўднёвую Карэю наведвалі святы Ян Павел ІІ і папа Францішак.






