Апоўначы 25 снежня ў крыпце разбуранага ў савецкія часы старадаўняга касцёла ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) тутэйшыя католікі сабраліся на святую Імшу Пастэрку, каб у гэтым гістарычным месцы сустрэць Божае Нараджэнне.
У сутарэннях святыні, якім ужо 400 гадоў, можна было адчуць атмасферу бэтлеемскай пячоры, дзе нарадзіўся Збаўца Свету. Парафіяне разам са сваім пробашчам, ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком маліліся ў інтэнцыі памерлых фундатараў і айцоў дамініканаў, пахаваных у крыпце касцёла і побач з ёю.
Малітва ў гэтым гістарычным месцы, якое стаўбцоўскія католікі маюць намер аднавіць, пабудаваўшы тут капліцу, стала для многіх з іх жывой сувяззю паміж мінулым і сучаснасцю.
Сабраныя маліліся праз заступніцтва слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, першага прыёра стаўбцоўскага кляштара і будаўніка знішчанай святыні, аб Божым благаслаўленні для тых парафіянаў, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у працах па адбудове капліцы, аб ажыўленні людской памяці і веры. Для правядзення Імшы ў гэтым святым месцы вернікі зладзілі яслі — традыцыйны атрыбут калядных святаў і паставілі елку. Сюды прывезлі і абраз Маці Божай Суцяшэння, прынесены ў 2019 годзе Усеваладам Гундзіловічам перад парафіяльнай урачыстасцю ў гонар святога Казіміра.
Глыбокія пачуцці напаўнялі сэрцы вернікаў падчас Імшы ў гэтым месцы і пасля яе. Дотык да велічы 400-гадовай даўніны, дапоўнены агульнай малітвай, напэўна, прымусілі не аднаго чалавека задумацца над вечнасцю, перагледзець стаўленне да свайго жыцця, да месца Бога ў ім.