Пошук

12.11.2024 20:15   Vatican News BY
Ілюстрацыйная выява: evangelizatio.va

17 лістапада ў Касцёле будзе адзначацца Сусветны дзень бедных, устаноўлены Папам Францішкам восем гадоў таму, каб прыцягнуць увагу на сітуацыі людзей у нястачы, і заахвоціць дапамагаць ім.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлетняя тэма ініцыятывы: «Малітва беднага дасягае Бога» (Сір 21, 5).

Прыклад салідарнасці з беднымі дасць сам Святы Айцец.

Раніцай ён узначаліць цэлебрацыю Імшы на плошчы святога Пятра, перад якой благаславіць трынаццаць ключоў — сімвал Юбілейнага праекту трынаццаці дамоў. У яго межах арганізацыя Famvin Homeless Alliance, якая аб’ядноўвае духоўных паслядоўнікаў святога Вінцэнта дэ Поля ў трынаццаці краінах свету, пабудуе дамы для маламаёмных сем’яў. Будаўніцтва трынаццаці дамоў у Сірыі будзе прафінансавана непасрэдна Святым Пасадам. Ініцыятыва будзе рэалізавана на працягу Святога года дзякуючы шчодрым ахвяраванням адной вялікай страхавой кампаніі.

Пасля літургіі Папа Францішак сустрэнецца з беднымі ў ватыканскай Зале Паўла VI на супольным абедзе, арганізаваным Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні пры падтрымцы Італьянскага аддзялення Чырвонага Крыжа. У якасці падарунку ўсе госці атрымаюць заплечнікі з прадуктамі харчавання і сродкамі гігіены.

На працягу тыдня, які папярэднічае Сусветнаму дню бедных, ватыканскі дабрачынны медыцынскі цэнтр Маці Божай Міласэрнасці будзе працаваць па падоўжаным графіку.

Васямнаццаць спецыялістаў у розных галінах медыцыны будуць аказваць бясплатныя паслугі патрабуючым з 8.00 да 17.00. Дзякуючы гэтаму людзі, якія жывуць у цяжкіх умовах, атрымаюць магчымасць прайсці абследаванне і вакцынацыю, атрымаць лекі і неабходную дапамогу.

З нагоды Сусветнага дня бедных Дыкастэрыя па міласэрным служэнні ў супрацоўніцтве з рымскімі парафіямі і згаданай страхавой кампаніяй дапаможа маламаёмным сем’ям аплаціць квітанцыі за камунальныя паслугі.

Дыкастэрыя па евангелізацыі, у сваю чаргу, распрацавала спецыяльны душпастырскі дапаможнік для каталіцкіх супольнасцяў, мэта якога дапамагчы правесці Сусветны дзень бедных у салідарнасці з людзьмі, якія перажываюць матэрыяльныя цяжкасці. Дакумент, перакладзены на шэсць моваў, даступны на сайце ведамства evangelizatio.va.

Абноўлена 12.11.2024 20:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа