Пошук

08.11.2024 13:05   Паводле: Vatican News PL / Catholic.by
Арцыбіскуп Цімаці Брольё. Фота Bruce Young / Сatholicvirginian.org

Пра рэакцыю амерыканскага Касцёла на перамогу Дональда Трампа ў прэзідэнцкіх выбарах распавёў 7 лістапада Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Узброеных сілаў Злучаных Штатаў Цімаці Брольё, Старшыня Канферэнцыі Біскупаў ЗША.

Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, віншуючы Трампа з перамогай, іерарх зазначыў, што Касцёл не звязаны ні з адной палітычнай партыяй.

«Незалежна ад таго, хто займае Белы дом і мае большасць у Капітоліі, вучэнне Касцёла застаецца нязменным», — падкрэсліў арцыбіскуп Брольё.

Ён прызнаўся, што амерыканскія біскупы разлічваюць на супрацоўніцтва з новаабранымі прадстаўнікамі народа. Іерарх нагадаў, што абавязак усіх хрысціянаў і грамадзянаў у тым, каб ставіцца адзін да аднаго з любоўю і павагай, нават калі яны не згодныя адносна канкрэтных спосабаў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі. «Як народ, надзелены шматлікімі дарамі, мы павінны таксама клапаціцца пра тых, хто жыве за нашымі межамі, і ахвотна аказваць дапамогу кожнаму», — дадаў Старшыня амерыканскага епіскапату.

Ён падкрэсліў, што галоўным клопатам біскупаў з’яўляецца годнасць чалавечай асобы «ад улоння маці да магілы».

Іерарх адзначыў, што лібералізацыя абортаў у некаторых штатах, якія праводзілі рэферэндумы па гэтым пытанні падчас прэзідэнцкіх выбараў, з’яўляецца сур’ёзнай праблемай.

Па словах арцыбіскупа Брольё, гэтая тэндэнцыя таксама спрыяе росту насілля ў амерыканскім грамадстве. Законы аб абортах пераконваюць людзей у тым, што яны маюць права вырашаць, каму жыць, а каму не. «Гэта таксама прыніжае годнасць чалавечай асобы», — падкрэсліў арцыбіскуп, дадаўшы, што «ў такой сітуацыі трэба выхоўваць людзей і пераконваць іх убачыць святло Евангелля».

Сярод іншых праблем, з якімі сёння сутыкаюцца Злучаныя Штаты, Старшыня епіскапату адзначыў становішча бедных людзей, якія жывуць на ўзбочыне грамадства, а таксама бяздомных. Пры гэтым іерарх нагадаў, што амерыканскія біскупы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў выступаюць за рэформу іміграцыйнага рэгулявання. Арцыбіскуп Цімаці Брольё прызнаў, што найбольш эфектыўным спосабам вырашэння міграцыйнага крызісу з’яўляецца дапамога краінам, з якіх людзі эмігруюць.

Абноўлена 08.11.2024 13:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.