16 ліпеня ў сеціве з’явілася відэапасланне Папы Францішка да бліжэйшага Сусветнага дня мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 29 верасня.
Яго тэмай Святы Айцец раней абраў словы «Бог ідзе са сваім народам», і ў размешчаным на ватыканскім YouTube-канале Vatican IHD кароткім відэапасланні нагадвае, што ўсе мы — мігранты на гэтай зямлі і кіруемся да сапраўднай радзімы: Валадарства Божага.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заклікаў усіх «ісці разам з найбольш уразлівымі, з Езусам, каб нагадаць сабе, што ўсе мы — дзеці аднаго Айца і разам з Ім імкнемся пабудаваць больш братэрскі свет».
Далей у відэароліку айцец Фабіё Баджа, намеснік сакратара Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, заахвочвае вернікаў ісці па шляху разам з супольнасцямі, парафіямі, дыяцэзіямі, запрашаючы ў сумеснае падарожжа ўсіх жыхароў «экзістэнцыяльных перыферый» свету, пра якія нам шмат разоў нагадваў Папа Францішак.
У межах падрыхтоўкі да Сусветнага дня мігранта і бежанца Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека распачала інфармацыйна-камунікацыйную кампанію, у якой заклікае ўсіх людзей добрай волі арганізоўваць ініцыятывы па дапамозе мігрантам, бежанцам і ўсім уразлівым людзям. Гэта могуць быць хвіліны разважанняў, медытацыйныя шпацыры, малітоўныя чуванні і іншыя формы. З гэтай мэтай дыкастэрыя распрацавала шэраг дапаможных матэрыялаў на англійскай, іспанскай, італьянскай, нямецкай, партугальскай і французскай мовах.