Пошук

04.06.2024 10:40   Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота: Vatican Media

3 чэрвеня ў Ватыкане было абнародавана пасланне Папы Францішка на 110-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, які будзе адзначацца сёлета 29 верасня.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма папскага Паслання — «Бог ідзе са сваім народам».

У дакуменце гаворыцца, што мігранты нагадваюць пра вандроўны характар Касцёла, увасабляючы «жывы вобраз Божага народа на шляху да вечнай Айчыны».

Пантыфік правёў аналогію паміж сучаснымі мігрантамі і выбраным народам, які ішоў праз пустыню да Абяцанай зямлі. «Як народ Ізраэля ў часы Майсея, мігранты часта ўцякаюць ад сітуацый прыгнёту і гвалту, небяспекі і дыскрымінацыі, адсутнасці перспектываў развіцця. Як габрэі ў пустыні, яны сустракаюць мноства перашкод на сваім шляху: іх мучаюць смага і голад, іх знясільваюць цяжкасці і хваробы, іх спакушае адчай», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што фундаментальная рэальнасць «кожнага зыходу» заключаецца ў тым, што Бог апярэджвае і суправаджае свой народ і ўсіх сваіх дзяцей у дарозе. Многія мігранты пазнаюць Бога менавіта як «спрадарожніка, правадыра і якар збаўлення».

«Яны аддаюць Яму сябе ў апеку, перш чым вырушыць у дарогу, і звяртаюцца да Яго ў сітуацыях патрэбы. У ім шукаюць суцяшэння ў моманты адчаю. Дзякуючы Яму на шляху ёсць Добрыя самаране. Яму ў малітве давяраюць свае надзеі. Колькі Біблій, Евангелляў, малітоўнікаў і ружанцаў суправаджаюць мігрантаў у іх падарожжах праз пустыні, рэкі, моры і межы ўсіх кантынентаў!» — зазначыў Папа.

«Бог не толькі ідзе са сваім народам, але і ў сваім народзе, у тым сэнсе, што Ён атаясамлівае сябе з мужчынамі і жанчынамі на іх шляху праз гісторыю, асабліва з найслабейшымі, беднымі, адчужанымі, быццам працягваючы таямніцу Уцелаўлення», — дадаў Папа Францішак.

Ён патлумачыў, што па гэтай прычыне сустрэча з мігрантам, як і з кожным чалавекам, які знаходзіцца ў патрэбе, гэта таксама сустрэча з Хрыстом. «Гэта Ён стукае ў нашыя дзверы: галодны, спрагнёны, падарожны, голы, хворы і зняволены, просячы, каб сустрэлі Яго і дапамаглі Яму», — дадаў Папа.

«Такім чынам, кожная сустрэча ў дарозе з’яўляецца магчымасцю сустрэць Пана; з’яўляецца магчымасцю, напоўненай збаўленнем, бо ў сястры ці браце, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе, прысутнічае Езус. У гэтым сэнсе бедныя збаўляюць нас, бо дазваляюць сустрэць аблічча Пана», — напісаў Святы Айцец.

«Дарагія браты і сёстры, у гэты Дзень, прысвечаны мігрантам і бежанцам, давайце з’яднаемся ў малітве за ўсіх, хто вымушаны пакінуць сваю зямлю ў пошуку годных умоваў жыцця», — заклікаў Папа Францішак.

У чэрвені малітоўная інтэнцыя Святога Айца таксама прысвечана тым, хто вымушаны ўцякаць са сваёй краіны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа