Пошук

27.09.2026 11:00   Кс. Аляксандр Амяльчэня, Марыя Валодзіна / Vatican News BY

Фота: www.vaticannews.va

Другі дзень апостальскага падарожжа папы Льва XIV у Францыю прайшоў у Парыжы і Лурдзе. Святы Айцец наведаў Цэнтр імя святой Жазэфіны Бакіты, сустрэўся з удзельнікамі правінцыяльнай сінадальнай асамблеі, катэхуменамі і новахрышчанымі, узначаліў святую Імшу на плошчы Згоды, а ўвечары прыбыў у Лурд, дзе памаліўся перад Гротам аб’яўленняў. У сваіх прамовах ён гаварыў пра годнасць чалавека, неабходнасць суправаджэння тых, хто пачынае шлях веры, місію Касцёла і патрэбу дзяліцца з іншымі надзеяй Евангелля. 

«Бедныя — не сацыялагічная катэгорыя» 

Раніцай 26 верасня Леў XIV наведаў на поўначы Парыжа Цэнтр суправаджэння і сацыяльнай інтэграцыі імя святой Жазэфіны Бакіты. Maison Bakhita, адкрыты ў 2021 годзе, дапамагае людзям, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах, у тым ліку мігрантам і бежанцам. Папа сустрэўся з супрацоўнікамі, валанцёрамі і людзьмі, якія атрымліваюць тут дапамогу, а таксама выслухаў іх асабістыя гісторыі. 

У сваёй прамове Святы Айцец падзякаваў усім, хто стварае ў цэнтры прастору прыняцця, слухання, фармацыі і сяброўства. Само імя святой Жазэфіны Бакіты стала для Святога Айца нагодай паразважаць пра годнасць чалавека, свабоду і служэнне. Папа адзначыў асаблівую ролю жанчын у стварэнні таго, што назваў «цывілізацыяй любові», — праз здольнасць будаваць адносіны, ствараць давер, падтрымліваць жыццё і «вызваляць прастору» для іншых. 

«Калі прыгледзецца, гісторыю Касцёла і чалавецтва ствараюць не тыя, хто імкнецца перамагчы ў барацьбе за ўладу і прастору, а тыя, хто «вызваляе прастору» для іншых, пачынае працэсы міру, будуе давер і падтрымлівае жыццё»,

— падкрэсліў Леў XIV. Ён заклікаў заўважаць тых, каго часта не заўважаюць, і вызваляць людзей ад новых формаў рабства, якія могуць нараджацца пад уплывам сучаснай эканомікі і культуры. Асобна Пантыфік падкрэсліў хрысціянскае разуменне беднасці: «Бедныя — не сацыялагічная катэгорыя, а само цела Хрыста».

Развіваючы гэтую думку, Папа спаслаўся на апостальскае навучанне пра ўцелаўленне і на словы з энцыклікі Dilexi te:

«Недастаткова абмежавацца агульным выкладам дактрыны пра ўцелаўленне Бога. Каб сапраўды ўвайсці ў гэтую таямніцу, мы павінны ўдакладніць, што Пан становіцца целам, якое галадае, прагне, хварэе, знаходзіцца ў зняволенні». 

Таму сустрэча з бедным, паводле Папы, становіцца сустрэчай з Хрыстом, які працягвае быць прысутным у гісторыі чалавека. «Бедны і ўкрыжаваны Хрыстус дазваляе сустрэць і палюбіць сябе ў гэтых мужчынах і жанчынах», — сказаў ён, заклікаючы выходзіць за межы ўласных інтарэсаў і адкрывацца на міласэрнасць. 

Леў XIV звярнуўся і да вобразу Касцёла як цела, выкарыстоўваючы словы святога Паўла з Першага паслання да Карынцянаў. Апостал піша: «Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», ці таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя!». Але ж члены цела, якія здаюцца найслабейшымі, нашмат больш патрэбныя» (1 Кар 12, 21–22). 

Папа звязаў гэты вобраз з сацыяльнай місіяй Касцёла. У целе Хрыста ніхто не можа быць непатрэбным, а слабасць аднаго не становіцца падставай для яго выключэння. Наадварот, яна заклікае астатніх да яшчэ большай увагі і адказнасці. 

Таму Леў XIV працягнуў словамі святога Паўла: «Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану, каб не было падзелу ў целе, але каб усе члены рупіліся адзін аб адным» (1Кар 12, 24–25). 

Так Папа звязаў сацыяльнае служэнне з самым цэнтрам хрысціянскай веры: у чалавеку, які мае патрэбу ў дапамозе, Касцёл пакліканы ўбачыць не праблему, а асобу, у якой Хрыстус працягвае стукацца ў дзверы. 

Завяршаючы сустрэчу, Святы Айцец заклікаў супрацоўнікаў цэнтра працягваць служэнне праз братэрскую гасціннасць, адукацыю і дыялог з горадам. 

Катэхумены і новахрышчаныя — дар для Касцёла 

Наступным пунктам праграмы стала сустрэча ў Парыжскім каталіцкім інстытуце з удзельнікамі правінцыяльнай сінадальнай асамблеі, катэхуменамі і новахрышчанымі. Папа атрымаў ад удзельнікаў сінадальнай асамблеі яе «рабочы дакумент», падрыхтаваны ў выніку супольнага шляху, заснаванага на слуханні і ўдзеле. 

Перад сваёй прамовай Леў XIV выслухаў сведчанні катэхумена Жаодзі, новахрышчанай Марыэль і Сафі, якая суправаджае катэхуменаў.

Гаворачы пра іх досвед, Папа звярнуў увагу на тое, што ў сучаснай Францыі, нягледзячы на моцную секулярызацыю грамадства, многія дарослыя адкрываюць для сябе Евангелле і просяць аб сакрамэнтах хрысціянскай ініцыяцыі. 

Святы Айцец заклікаў Касцёл не паддавацца таму, што папа Францішак называў «бясплённым песімізмам». Наадварот, трэба заўважаць тое, што ўжо адбываецца, і адказваць на гэта пастырскім суправаджэннем — з «блізкасцю, спачуваннем і пяшчотай», каб збярэгчы «маленькае полымя», запаленае Духам Святым. 

Гэта полымя веры неабходна не проста распаліць падчас падрыхтоўкі да хросту, але і падтрымліваць пасля яго, каб яно не згасла. 

У гэтым кантэксце Леў XIV нагадаў пра неабходнасць стварэння Касцёла «ў стане ініцыяцыі» — супольнасці, якая суправаджае чалавека не толькі да хросту, але і пасля яго.

Паводле Папы, пасля прыняцця сакрамэнтаў новахрышчаных неабходна поўнасцю ўключаць у жыццё супольнасці, ствараць для іх сямейнае асяроддзе і прапаноўваць далейшую фармацыю. Гэта асабліва важна, бо чалавек можа сутыкнуцца з тым, што называецца «пустатой пасля хросту». 

Важнае месца ў гэтым шляху Святы Айцец адвёў літургіі. Яна, паводле яго, не павінна ўспрымацца як тое, што адбываецца пасля катэхізацыі: літургія сама з'яўляецца часткай шляху навяртання, бо абвяшчае і актуалізуе пасхальную таямніцу Хрыста. 

Звяртаючыся непасрэдна да новых хрысціян, Леў XIV падкрэсліў, што яны не толькі атрымліваюць нешта ад Касцёла, але і самі прыносяць яму дар сваёй веры. Таму ён заклікаў катэхуменаў і неафітаў стаць місіянерамі Евангелля ў французскім грамадстве. 

На плошчы Згоды — пра смагу Бога і «жывыя воды» 

Цэнтральнай падзеяй дня ў Парыжы стала святая Імша, якую Леў XIV узначаліў на плошчы Згоды. У гаміліі ён разважаў пра глыбокую чалавечую прагу Бога, сэнсу, праўды і паўнаты жыцця. 

Папа звярнуў увагу, што гэтая прага не з'яўляецца матэрыяльнай: чалавек шукае адносін, еднасці і жыцця ў Богу. Хрыстус жа, паводле яго слоў, праз сваё ўцелаўленне ўваходзіць у гісторыю кожнага чалавека і становіцца сапраўднай крыніцай «жывой вады». 

Разважаючы над евангельскім вобразам вады, якая выцякае з прабітага боку Хрыста, Леў XIV звярнуўся да вернікаў з пытаннем: «Якую крыніцу мы выбіраем?». Святы Айцец прызывае шукаць адказ на гэта пытанне ў Евангеллі, менавіта ў сцэне, калі з прабітага боку Езуса пасля Яго смерці выцяклі кроў і вада (Ян 19, 30–34).

Для Папы гэты вобраз паказвае, што з адкрытага боку Хрыста чалавецтву даецца дар новага жыцця і Духа Святога. Крыж становіцца не канцом, а крыніцай. 

Да гэтай жа тэмы вядзе Евангелле паводле Яна, дзе Езус кажа: «Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой» (Ян 7, 38). Спасылаючыся на словы Арыгена, Леў XIV растлумачыў: чалавек, які п'е з гэтай крыніцы, сам становіцца для іншых «студняй, крыніцай і ракой». 

Гаворачы пра дзеянне Духа Святога ў Касцёле, Папа адзначыў, што «жыццядайная вада» ўжо прынесла і працягвае прыносіць плён праз місіянераў і сведак веры ў розных культурах і сярод розных народаў. Яна прыносіць плён там, дзе чалавек дазваляе ёй закрануць і перамяніць сябе, а гэтым плодам становіцца святасць тых, хто пакланяецца сапраўднаму Богу і служыць братам і сёстрам у любові. Паводле Льва XIV, менавіта так на працягу стагоддзяў вера фарміравала духоўнае аблічча Францыі. 

Святы Айцец згадаў першых мучанікаў і святых французскай зямлі, адзначыўшы, што духоўнае аблічча гэтай краіны на працягу стагоддзяў фармавалася дзякуючы місіянерам, мучанікам і сведкам веры. І сёння, паводле яго, у французскім грамадстве ёсць людзі, якія служаць жыццю, сям'і, праўдзе, міру, братэрству і справядлівасці. 

Асобна Пантыфік ўзгадаў сем'і, моладзь, катэхуменаў і неафітаў. Моладзь ён назваў «Касцёлам сёння», адзначыўшы яе энтузіязм, дынамізм і ўдзел у жыцці супольнасцяў, а новых хрысціянаў заклікаў дзяліцца з іншымі сваім досведам навяртання і будаваць разам «цывілізацыю любові». 

У Люрдзе — малітва за Францыю 

Пасля Парыжа Папа накіраваўся ў Люрд. Увечары ён прыбыў ў санктуарый і наведаў Грот аб'яўленняў. Там, у цішыні, Леў XIV памаліўся перад статуяй Найсвяцейшай Панны Марыі. Перад малітвай ён падышоў да скалы і дакрануўся да яе, выпіў вады з крыніцы, якую падаў рэктар санктуарыя, а таксама запаліў свечку. Санктуарыю Папа перадаў Залатую ружу. 

У малітве Святы Айцец звярнуўся да Маці Божай Люрдскай, Беззаганнага Зачацця, успомніўшы яе аб'яўленне святой Бэрнадэце — «сціплай дачцэ Францыі». Ён нагадаў пра люрдскае пасланне малітвы, навяртання і надзеі. 

Леў XIV папрасіў Марыю заступіцца за Францыю і яе народ, каб у краіне ўзрастала братэрская згода, а грамадства было свабодным ад гвалту і нянавісці. Ён маліўся таксама за тых, хто знаходзіцца ў найбольш цяжкім становішчы, за кіраўнікоў Францыі, за мір паміж народамі і за абарону асноўных правоў чалавека. 

Асобныя просьбы былі скіраваныя за французскія сем'і, моладзь і Касцёл. Папа прасіў аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця і заклікаў паказваць маладым «светлы шлях Евангелля». 

Перад Маці Божай Люрдскай Леў XIV таксама даручыў усіх хворых і тых, хто пакутуе, а таксама людзей, якія прыязджаюць у Лурд у пошуку сілы і аздараўлення. Завяршаючы малітву, ён прасіў Марыю дапамагчы пераадолець усё, што яшчэ аддзяляе людзей ад яе Сына, «каб Хрыстус панаваў ва ўсіх сэрцах». 

Такім чынам, другі дзень візіту Льва XIV у Францыю прайшоў як своеасаблівы шлях ад сустрэчы з людзьмі, якія апынуліся на ўскрайку грамадства, праз сустрэчу з тымі, хто толькі адкрывае для сябе веру, да супольнай Эўхарыстыі і малітвы перад Маці Божай у Люрдзе. У цэнтры ўсіх гэтых сустрэч заставалася адна тэма — Хрыстус як крыніца жыцця, а хрысціянін як той, хто атрымлівае гэты дар і павінен дзяліцца ім з іншымі. 

 

Абноўлена 27.09.2026 11:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа