Пошук

10.01.2024 16:55   Vatican News
Фота: Vatican Media

8 студзеня ў Ватыкане адбылася сустрэча Папы Францішка з дыпламатамі, акрэдытаванымі пры Святым Пасадзе, якая традыцыйна праводзіцца з нагоды калядных святаў і пачатку новага года.

Падчас яе Святы Айцец выступіў з прамовай, у якой цэнтральнае месца займала тэма міру.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік выказаў заклапочанасць шматлікімі войнамі і канфліктамі ў розных частках свету. Перадусім ён звярнуў увагу на сітуацыю ў Ізраілі і Палестыне, згадаўшы пра шакавальны тэрарыстычны напад на ізраільскае насельніцтва, у выніку якога была паранена, закатавана, бязлітасна забіта і ўзята ў закладнікі мноства нявінных людзей.

«Паўтараю маё асуджэнне такіх дзеянняў і ўсялякіх форм тэрарызму і экстрэмізму: такім чынам не вырашаюцца пытанні паміж народамі, але, наадварот, яны становяцца больш складанымі, выклікаючы пакуты ўсіх. Насамрэч гэта справакавала магутны ваенны ізраільскі адказ у Газе, які прывёў да гібелі дзясяткаў тысяч палестынцаў, пераважна грамадзянскіх, сярод якіх шмат дзяцей, падлеткаў і моладзі, і выклікаў цяжэйшую гуманітарную сітуацыю з невымоўнымі пакутамі», — сцвердзіў Папа Францішак. Ён заклікаў бакі да спынення агню на ўсіх франтах, у тым ліку ў Ліване, да неадкладнага вызвалення ўсіх закладнікаў у Газе, забеспячэння гуманітарнай дапамогай палестынскаму насельніцтву, а шпіталям, школам і месцам культу — неабходнай абароны. Святы Айцец заахвоціў спрыяць вырашэнню канфлікта згодна з прынцыпам дзвюх дзяржаў, ізральскай і палестынскай, а таксама надаць Ерузалему спецыяльны міжнародна гарантаваны статус.

Пантыфік згадаў пра цяжкую сітуацыю ў Сірыі, заклікаўшы міжнародную супольнасць спрыяць канструктыўнаму і сур’ёзнаму дыялогу і «шукаць новыя рашэнні», каб насельніцтва краіны «не пакутавала больш з прычыны міжнародных санкцый». Святы Айцец згадаў пра палітычную і эканамічную нестабільнасць у Ліване, пра адсутнасць надзеі ў моладзі ў М’янме і цяжкую гуманітарную сітуацыю рахінджа.

«На жаль, пасля амаль двух гадоў шырокамаштабнай вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны вельмі жаданы мір усё яшчэ не здолеў заняць месца ў думках і сэрцах, нягледзячы на шматлікія ахвяры і велізарныя разбурэнні. Нельга дапусціць, каб канфлікт, які ўсё больш паглыбляецца, працягваўся на шкоду мільёнаў людзей, але трэба пакласці канец трагедыі, якая адбываецца, праз перамовы і з павагай да міжнароднага права», — сказаў Папа Францішак.

Ён заклікаў Арменію і Азербайджан заключыць мірную дамову і вырашыць сітуацыю людзей, якія апынуліся ў драматычнай гуманітарнай сітуацыі. Пантыфік скіраваў увагу таксама на шматлікія сацыяльна-палітычныя праблемы і канфлікты ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы.

Святы Айцец заўважыў, што сучасныя войны больш не вядуцца на палях бітвы і датычацца не толькі салдат. «У кантэксце, у якім здаецца, што больш не робіцца розніцы паміж ваеннымі і грамадзянскімі аб’ектамі, больш не бывае канфліктаў, якія б нейкім чынам не ўдаралі нявыбарачным чынам па грамадзянскім насельніцтве. Падзеі ва Украіне і Газе — відавочнае пацвярджэнне гэтага. Мы не павінны забывацца, што цяжкія парушэнні міжнароднага гуманітарнага права — гэта ваенныя злачынствы, і што недастаткова выкрываць іх, але неабходна прадухіляць. Таму патрэбныя большыя намаганні міжнароднай супольнасці для павагі і выканання гуманітарнага права, якое здаецца адзіным шляхам для абароны правоў чалавека ў сітуацыях ваеннага сутыкнення», — адзначыў Пантыфік.

«На пачатку гэтага года як ніколі актуальна гучыць заклік Другога Ватыканскага Сабору, змешчаны ў Gaudium et spes: „У справах вайны існуюць розныя міжнародныя дамовы, падпісаныя многімі народамі з мэтаю зрабіць ваенныя дзеянні і іх наступствы больш гуманнымі <…> Гэтыя дамовы трэба выконваць. Больш за тое, усе, асабліва грамадскія ўлады і эксперты ў гэтых справах, павінны прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб дадзеныя дамовы выконваліся і спрыялі лепшаму і больш эфектыўнаму стрыманню жудаснасці войнаў» (GS 79). Нават калі гаворка ідзе пра законную самаабарону, неабходна прытрымлівацца прапарцыйнага выкарыстання сілы, — дадаў Папа.

«Магчыма, мы не ўсведамляем, што ахвяры сярод мірнага насельніцтва — гэта не „пабочныя выдаткі“. Гэта мужчыны і жанчыны, з імёнамі і прозвішчамі, якія губляюць жыццё. Гэта дзеці, якія застаюцца сіротамі і пазбаўляюцца будучыні. Гэта людзі, якія пакутуюць ад голаду, смагі і холаду ці застаюцца пакалечанымі з прычыны магутнасці сучасных узбраенняў. Калі мы здолеем паглядзець кожнаму з іх у вочы, назваць іх па імені і згадаць іх асаблівую гісторыю, тады мы будзем глядзець на вайну як на тое, чым яна з’яўляецца: не чым іншым, як бязмежнай трагедыяй і „бессэнсоўнай бойняй“, якая раніць годнасць кожнага чалавека на гэтай зямлі», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў спрыяць раззбраенню, нагадаўшы, што зброя стварае ўзаемны недавер і забірае вялікую колькасць рэсурсаў, якія можна скіраваць на стварэнне сапраўднай глабальнай бяспекі і вырашэнне шматлікіх крызісаў — харчовага, экалагічнага, эканамічнага і крызісу ў сферы аховы здароўя, якія пазначылі пачатак стагоддзя. Пастыр паўсюднага Касцёла ў чарговы раз заахвоціў стварыць Сусветны фонд па ліквідацыі голаду і развіваць устойлівае развіццё ўсёй планеты.

Папа Францішак нагадаў пра амаральнасць вытворчасці ядзернай зброі і валодання ёю, а таксама падкрэсліў, што для дасягнення міру не дастаткова пазбавіцца ваенных прылад, але трэба выкараніць прычыны вайны, сярод якіх голад, эксплуатацыя прыродных рэсурсаў і людзей. Ён заўважыў, што да прычын канфліктаў адносяцца таксама прыродныя і экалагічныя катастрофы, нагадаўшы, што мінулы год стаў самым спякотным за апошнія 174 гады метэаралагічных назіранняў.

«Войны, беднасць, злоўжыванні нашым супольным домам і няспынная эксплуатацыя рэсурсаў, якія ляжаць ля вытокаў прыродных катастроф, — гэта прычыны, якія падштурхоўваюць тысячы людзей пакідаць сваю зямлю ў пошуку мірнай і бяспечнай будучыні», — сказаў Папа, звярнуўшы ўвагу на лёс мігрантаў у розных кутках планеты і заклікаўшы вырашаць праблему міграцыі прымаючы, падтрымліваючы, суправаджаючы і інтэгруючы мігрантаў, а таксама спрыяючы стварэнню ўмоў для таго, каб яны не былі вымушаны пакідалі родную зямлю.

Пантыфік адзначыў, што шлях да міру патрабуе павагі да кожнага чалавечага жыцця. У прыватнасці ён асудзіў практыку сурагатнага мацярынства, якая цяжка раніць годнасць жанчыны і дзіцяці, бо заснавана на выкарыстанні сітуацыі матэрыяльнай патрэбы маці.

«Дзіця — гэта заўсёды дар і ніколі аб’ект кантракту. Таму заклікаю міжнародную супольнасць да забароны гэтай практыкі на сусветным узроўні. У кожны момант свайго існавання чалавечае жыццё павінна быць захавана і абаронена, у той час як я з горыччу заўважаю, асабліва на Захадзе, няспыннае пашырэнне культуры смерці, якая, у імя фальшывай літасці, спісвае ва ўтыль дзяцей, пажылых і хворых», — сказаў Папа Францішак.

Ён падкрэсліў, што шлях да міру патрабуе павагі да правоў чалавека. У сувязі з гэтым Папа звярнуў увагу на праблему ўвядзення «новых правоў, якія не цалкам адпавядаюць першапачаткова вызначаным і не заўсёды прымальныя. Яны далі пачатак «ідэалагічным каланізацыям, сярод якіх цэнтральная роля належыць гендарнай тэорыі, што з’яўляецца вельмі небяспечнай, бо сцірае адметнасці з патрабаваннем зрабіць усіх роўнымі». «Такія ідэалагічныя каланізацыі выклікаюць раны і падзелы паміж дзяржавамі замест таго, каб спрыяць будаванню міру», — папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на аслабленне структур шматбаковай дыпламатыі, створаных пасля Другой сусветнай вайны, каб спрыяць бяспецы і супрацоўніцтву. Ён заклікаў «аднавіць карані, дух і каштоўнасці, якія былі ля вытокаў гэтых структур», улічваючы таксама, што сусветны кантэкст змяніўся.

Святы Айцец нагадаў, што ў 2024 годзе пройдуць палітычныя выбары ў многіх краінах свету, заклікаўшы спрыяць удзелу ў галасаванні маладых людзей. Ён заахвоціў да абароны рэлігійнай свабоды і правоў меншасцяў, да выкаранення антысемітызму, а таксама нагадаў пра пераслед хрысціянаў, заўважыўшы, што больш за 360 мільёнаў вызнаўцаў Хрыста пацярпелі за сваю веру і што расце колькасць вернікаў, вымушаных уцякаць са сваёй зямлі. Пантыфік адзначыў важнасць этычнага падыходу да выкарыстання новых тэхналогій, якое павінна спрыяць сустрэчы і абмену паміж людзьмі і адпавядаць павазе да чалавечай годнасці.

Напрыканцы прамовы Папа Францішак нагадаў, што ў 2025 годзе ў Каталіцкім Касцёле будзе праходзіць Юбілейны год, які павінен нагадаць пра тое, што «Бог ніколі не пакідае свой народ», а для хрысціянаў можа стаць часам, «калі б адна краіна не ўздымала меч супраць іншай і не вучылася больш мастацтву вайны».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця